Ёсць сярод верамейкаўцаў і яшчэ адзін персанаж з філасофскім складам розуму. Гэта Кузьма Прыбыткоў. Ён, як і Парфён, умее арыгінальна разважаць пра жыццё, грамадскія праблемы, цікавіцца гісторыяй краю, трапна гаворыць пра хараство Беларусі і шматпакутнасць яе долі: «Я от думаю цяперака, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта Гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі — не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа.»
Вельмі шматзначнае тут гэтае «от жа»! Ды і ўвесь Кузьмоў маналог поўны глыбокага сэнсу. У ім ужо праклёўваўся матыў трагічнасці нашай гісторыі, які на поўную сілу загучаў толькі ў двух апошніх раманах. Тады ж, як пісаўся «Плач перапёлкі», гэты матыў развіваць было вельмі небяспечна, і пісьменнік адкрытым тэкстам толькі пазначыў яго.
Рызыкоўнай была і размова пра голад на Украіне, выкліканы, як вядома, калектывізацыяй па-сталінску. Чыгрынаў спачатку пісаў пра той голад больш падрабязна. Ён, па ягоных словах, паказваў, «як ішлі з Украіны галодныя людзі да нас у Беларусь, як паміралі на дарогах...». Аднак пільныя цэнзары ўсё гэта выкінулі. І толькі агульная згадка ўсё ж неяк праскочыла.
Вяртаючыся да паказу верамейкаўцаў, нельга не сказаць, што адметным характарам надзелены таксама Іван Падзерын. Гэты селянін з іранічнай мянушкай Цукар Мядовіч вызначаецца якраз адваротным — сваёй яршыстасцю, схільнасцю да грубаватага слова і салёных жартаў, уменнем «непрыстойна павыскаляцца з жанчынамі».
Жаночыя вобразы ў «Плачы перапёлкі» таксама абмаляваны цікава, змястоўна, з добрай псіхалагічнай заглыбленасцю. Таму і запамінаюцца ў рамане Палага Хахлова, Роза Самусёва, Дуня Пракопкіна, Сахвея Меляшонкава, Зазыбава Марфа і іншыя. Яны напісаны з павагай да іхняй жыццёвай учэпістасці і сілы, а то і з адкрытым любаваннем, якое праглядвае праз асобныя не пазбаўленыя паэтычнасці дэталі. Так, пра голас Дуні Пракопкінай гаворыцца, што ён «вылятаў з грудзей, як пасярэбраны».
Зрэшты, такія паэтычныя бліскаўкі ў чыгрынаўскай стылёвай сістэме рэдкія і выглядаюць хутчэй як выключэнне. Разуменне цяжару жаночай долі, асабліва ў часы ваеннага ліхалецця, ды і агульная стылёвая арыентацыя, стрымлівалі пісьменніка ад знарочыстага прыхарошвання вясковых жанчын, вымушалі яго звяртацца да падкрэслена рэалістычных фарбаў, якія скрозь выкарыстоўваюцца нават у абмалёўцы ўласнай маці (яна ў рамане называецца Хадоскай Гаўрыліхай і старшыніхай).
Не менш выразная гэтая скіраванасць і ў паказе Ганны Карпілавай, вобраз якой у раманнай канцэпцыі «Плачу перапёлкі» вельмі істотны. Празаік піша пра не абы-якую фізічную красу гэтай жанчыны, яе зайздроснае здароўе, душэўную лагоднасць, пакладзістасць (палітыкі ў дачыненні да грамадства называюць яе талерантнасцю) і вельмі ж ліхі лёс, які ў нечым пераклікаецца з поўным суровых выпрабаванняў лёсам самой Беларусі, так часта распінанай рознымі заваёўнікамі і сваім бязглуздым начальствам. Ганну ж спачатку спакушае палявы вартаўнік, які ў галодны год паабяцаў хатомку калгаснай бульбы. Потым пайшлі верамейкаўскія мужыкі і розныя ўпаўнаважаныя, што наязджалі ў вёску. Але асабліва агідным быў недалужны прышэлец — татарын Рахім, паліцай, ад якога патыхала «гнілым і зусім не мужчынскім пахам, быццам чалавека толькі што выпусцілі аднекуль з мышынае саламарэзкі». Ён «браў» Ганну ўжо зусім не па-людску, прывязаўшы сонную да ложка. І яна перажывала гэты «гвалт над сабой, як самы вялікі здзек».
Што ж, як і звычайна на вайне, і ў нас многае рушылася, руйнавалася бязлітасна. І ўсё ж жыццё і тады неяк працягвалася. Сімвалам яго невынішчальнасці з’яўляюцца радзіны ў Сахвеі Меляшонкавай, на якія, не зважаючы на ўсе нягоды вайны, збіраюцца верамейкаўскія жанчыны. Праз гэтыя радзіны выдатна паказана трываласць вясковага свету, ягоная ўстойлівасць на разбуральных вятрах часу. Яе, гэтую ўстойлівасць, на нашых вачах калі не перакрэсліў канчаткова, дык надоўга паставіў пад сумненне толькі Чарнобыль, разбуральная сіла якога пераўзышла ўсе ваенныя жахі. Тады, як пісаліся «Плач перапёлкі» і два наступныя раманы, пра каварства «мірнага атама», пра тое, што ён можа жорстка адпомсціць за безадказнапанібрацкае стаўленне да сябе, ніхто са звычайных людзей і не здагадваўся. Чыгрынаў таксама ні пра што такое не думаў і таму з чыстай душой пісаў пра трываласць вясковага свету, пра здольнасць сваіх верамейкаўцаў насуперак усім нягодам, пакутам і жахам выйсці пераможцамі ў барацьбе за жыццё.
Читать дальше