Ужо тады Чыгрынаў дакранаўся да трагедыі ахвяр сталінскага тэрору (апавяданне «Народны камісар») і вельмі праўдзіва ўзнаўляў асобныя трагічныя эпізоды з часоў Айчыннай вайны. Так, у апавяданні «У баку ад дарогі» са шчымлівым болем, які адчуваецца за знешняй стрыманасцю аўтарскага пісьма, расказана пра незайздросны лёс нашых воінаў з разбітых у пачатку фашысцкага нашэсця вайсковых злучэнняў. Асабліва кранае тут смерць параненага капітана Кажанава (між іншым, у яго прозвішча чыгрынаўскага дзеда!), якога спрабавалі выратаваць цывільныя жыхары, але нічым не змаглі яму дапамагчы. Твор заканчваецца скупым, але вельмі шматзначным пейзажным штрыхом, які сведчыць пра высокае пісьменніцкае майстэрства: «Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам».
Не менш ярка пісьменніцкія магчымасці Чыгрынава выявіліся ў выдатным апавяданні «Ішоў на вайну чалавек» (1965). Багата асабіста перажытага ўклаў Чыгрынаў і ў апавяданне «На пыльнай дарозе». Уласная драма пісьменніка, які пры жывым бацьку рос сіратой, угадваецца тут найперш у драматычнай абвостранасці перажыванняў Васілька Шасцярнёва, якога бацька, як і ў Чыгрынава, былы старшыня сельсавета, ужо вярнуўшыся з вайны, разам з іншымі дзецьмі «баязліва пакінуў у нястачы», пакінуў дзеля кар’еры, якой так і не здолеў зрабіць.
З апорай на асабіста перажытае звязана таксама глыбіня ў адлюстраванні дзіцячай псіхалогіі і дакладнасць многіх нявыдуманых дэталяў, якія скрозь сустракаюцца і ў многіх іншых апавяданнях пісьменніка. Дзеянне ў іх нярэдка «прывязваецца» да родных для аўтара мясцін, увогуле да паўднёваўсходняга кутка Магілёўшчыны, выразным каларытам якой афарбавана і мова Чыгрынава. Яна ўжо ў апавяданнях набывала эпічную важкасць, прыкметную ў самой інтанацыі фразы, у яе свабодным дыханні, характэрным для твораў добрых майстроў.
Заўважаецца ў чыгрынаўскіх апавяданнях і нежаданне націскаць на знешні, пераважна падзейны драматызм, знарок ускладняць сюжэтнае дзеянне, як гэта звычайна робяць пісьменнікі з рамантычным бачаннем свету, са схільнасцю да прыгодніцка-дэтэктыўнага пісьма. Чыгрынава ж і ў ягоных апавяданнях больш вабіў драматызм унутраны, скрыты ў штодзённай плыні жыцця, якое ў шэрагу твораў падавалася шматпланава, у рознабаковых сувязях. Такая арыентацыя таксама выводзіла пісьменніка на вялікую, раманную прозу. Але шлях да яе ўскладнялі несправядлівыя разносы, якія ў 1960-я гады абрушваліся на Чыгрынава зноў і зноў. Асабліва рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў, якія ў літаратуры больш за ўсё баяліся праўды, выклікала тады апавяданне «У ціхім тумане» (1963).
Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так нязмушана, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі. Яны гавораць добрай літаратурнай мовай. Яна часам аздабляецца залацінкамі ўстойлівых выразаў — фразеалагізмаў («З панскага лесу ні сена, ні палена», апавяданне «У ціхім тумане»), трапнымі параўнаннямі з шырокім абагульненым зместам («На вайну ісці — не жыта малаціць», «Спакойны, як зямля пасля дажджу», «Гаспадарка без мужчын, што тое вяселле без музыкі», «Плакала ... як па нябожчыку» — усё з апавядання «Ішоў на вайну чалавек»).
Вельмі дарэчы ўжываецца ў Чыгрынава лексіка з каларытам Магілёўшчыны («Прагнала на ранкі за пастухом карову» — «У ціхім тумане»; «Каб жа знаццё», «Рушылі яны па загароддзю», «Да коўрат сабралася столькі народу» — «Ішоў на вайну чалавек»). У слоўніках, што выдаваліся або перавыдаваліся ў апошнія гады, большасць гэтых слоў з яўнай магілёўскай прывязкай ужо фіксуецца. Гэта значыць, што яны атрымліваюць правы грамадзянства ў агульналітаратурнай мове, хоць магілёўскага каларыту ад гэтага канчаткова не страчваюць. Толькі слова «коўраты» пакуль, здаецца, як агульная норма не ўзаконена. А яно абазначае вароты з жэрдак, што зачыняюць уваход на двор з боку вуліцы ці агарода. Даволі шырока выкарыстоўваў пісьменнік лексіку Магілёўшчыны ўжо ў дыялектных варыянтах у мове герояў свайго раманнага цыкла.
Пісаць першы раман Іван Чыгрынаў рашыўся ўсяго пасля дзвюх кніжак апавяданняў. І ўжо гэты раман атрымаўся з моцным эпапейным пачаткам, хаця менавіта на эпапею пісьменнік адразу не замахваўся. «Эпапея, — сведчыў ён у 1994 годзе, — вырысоўвалася паступова, хаця паступовасць гэтая ўкладвалася ў невялікі час. Але прыступаючы яшчэ да першага рамана, я быў гатовы сур’ёзна асэнсоўваць вайну».
Читать дальше