Нарадзіўся Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Сям’я таксама была вялікая — мела ажно васьмёра дзяцей. Іх расціла галоўным чынам маці, Хадоска Ігнатаўна, з якой Іван Гаўрылавіч, зноў жа паводле ягонага сведчання, пісаў вобразы верамейкаўскіх жанчын у сваіх раманах пра Айчынную вайну.
Бацька больш займаўся грамадскімі справамі. Да вайны ён быў старшынёю сельсавета. З набліжэннем гітлераўцаў падаўся за лінію фронту. Ваеннае ліхалецце перажыў, але да сям’і не вярнуўся. У чыгрынаўскай аўтабіяграфіі пра гэта адна кароткая фраза: «Бацьку мы з вайны да сябе не дачакаліся». Сказана па сутнасці дакладна, але знарок прыглушана, так, каб толькі ўдумлівы чытач мог здагадацца пра вялікую асабістую драму пісьменніка, якому, відаць, вельмі балюча было дакранацца да незагойнай душэўнай раны.
Затое матчыну ролю ён падкрэсліваў з усёй катэгарычнасцю: «Я ўсім у жыцці абавязаны маці». Святая праўда, якую ўслед за Чыгрынавым маглі б паўтарыць многія з ягоных равеснікаў і трохі старэйшых сучаснікаў.
І яшчэ адна цытата з той жа аўтабіяграфіі: «Пасляваеннае жыццё ў нашых пясчаных і неўрадлівых мясцінах было цяжкае. Ды яно, як высветлілася для мяне потым, і ўсюды не песціла людзей. Ніяк не выходзіць з галавы шмат гадоў, напрыклад, такая карціна: ужо студэнтам універсітэта прыязджаю ў вёску і бачу, як выносіць з паўпустой хаты падатковы інспектар за нядоімкі нашу швейную машынку...»
Гэткую праўду пра той час яшчэ доўга не пускалі ў літаратуру. Чыгрынаў жа, стаўшы пісьменнікам, будзе зноў і зноў вяртацца да пакутлівага жыцця вяскоўцаў, выклікаючы нараканні і злосныя нападкі афіцыёзных артадоксаў.
Ды ўсё гэта адбудзецца значна пазней. А пакуль што ён канчаў Вялікаборскую сямігодку, а потым сярэднюю школу ў Саматэвічах, дзе намнога раней вучыўся і Аркадзь Куляшоў, якога Чыгрынаў асабіста ведаў яшчэ ў свае школьныя гады. Творчасць славутага земляка, арганічна звязаная з роднымі мясцінамі, па словах Чыгрынава, рабіла на яго асабліва моцнае ўражанне, «вучыла разумець літаратуру і надавала смеласці пісаць самому».
Пачынаў Чыгрынаў сваю пісьменніцкую працу, як, мусіць, і амаль што ўсе літаратары, з вершаў, якія друкаваліся ў раённай газеце, а таксама ў абласной «Магілёўскай праўдзе». «Іх Куляшоў чытаў. І яны падабаліся яму», — зазначаў Іван Гаўрылавіч у адным з апошніх інтэрв’ю.
У 1952 годзе Чыгрынаў паступіў у БДУ на філфак (аддзяленне журналістыкі), пасля заканчэння якога займаўся рэдактарскай працай у выдавецтве рэспубліканскай Акадэміі навук і ў часопісе «Полымя» (1957—1975). Больш за дзесяць гадоў (1975—1986) працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў
Беларусі, спачатку на пасадзе намесніка старшыні, а потым сакратара праўлення. З 1987 года і да канца свайго жыцця, якое абарвалася 5 студзеня 1996 года, узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў таксама галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына», выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання, у якасці старшыні пастаяннай дэпутацкай Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова атрымала ў рэспубліцы статус дзяржаўнай.
Сталай літаратурнай працай Чыгрынаў заняўся крыху пазней за сваіх універсітэцкіх равеснікаў. Будучы студэнтам, ён яшчэ зрэдку публікаваў вершы, а на сур’ёзную мастацкую прозу, у якой знайшоў сваё прызванне, адважыўся толькі ў пачатку 60-х гадоў. У 1961 годзе ён у газеце «Літаратура і мастацтва» надрукаваў апавяданне «Праз гады», якое лічыў сапраўдным пачаткам сваёй пісьменніцкай працы. У гэтым творы ўжо выразна выявіліся прыкметы сталага чыгрынаўскага майстэрства. Акрылены ўдачай, пісьменнік працягваў працу над новымі апавяданнямі, якія потым увайшлі ў кнігі «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967).
Чыгрынаў абараняў апавяданне і тэарэтычна, даводзіў яго «раўназначнасць з іншымі жанрамі» прозы і нават сцвярджаў, што гэты жанр «найбольш цяжкі, бо патрабуе не толькі руху думкі і пачуцця, але і завершанасці іх у дужа нешырокім разгарненні». І яшчэ: «Апавяданне, асабліва ў яго мініформах, дысцыплінуе мастака ідэйна і эстэтычна, не дае думцы бескантрольна і бязмежна расплывацца “па дрэве жыцця”. Тут слова не патанае ў розных прыёмах пралогаў, аўтарскіх адступленнях, інтэрмедый, эпілогаў, што дазваляюць сабе аповесць і раман, а яно ўсё на віду, усё працуе на галоўную канцавую мэту, дзеля якой апавяданне пішацца. Можна звярнуцца да каго хочаце з прызнаных у літаратуры майстроў, каб пераканацца, што яны адштукоўвалі (па-руску кажучы, “отрабатывали”) сваё валоданне вобразным словам менавіта ў жанры апавядання. Гэта адчувалі яны для сябе абавязковым, каб авалодаць усё новымі вышынямі чалавеказнаўства, раскрыцця асабістага душэўнага вопыту, уменнем мысліць (не думаць толькі, а мысліць!) вобразна і па-філасофску. Часам нават найперш па-філасофску!»
Читать дальше