Так нарадзіўся раман «Плач перапёлкі», у канцы 1970 года апублікаваны ў перыёдыцы, а праз два гады выдадзены і асобнай кнігай. Твор стаў значнай падзеяй у літаратурным жыцці, хутка набыў шырокую папулярнасць. Ён шмат разоў выдаваўся па-руску ў Маскве, выходзіў на мовах тагачасных савецкіх рэспублік (украінскай, літоўскай, латышскай, армянскай, малдаўскай, туркменскай) і за мяжой (у Балгарыі), а ў 1979 годзе разам з раманам «Апраўданне крыві» быў адзначаны прэстыжнай літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева.
Яшчэ да выхаду рамана асобным выданнем пра яго з пахвалою пісаў Іван Мележ, які вылучыў чыгрынаўскі «Плач перапёлкі» з агульнай празаічнай плыні 1970 года і звярнуў увагу на ўменне маладзейшага калегі «ствараць аб’ёмныя вобразы людзей» у сапраўды эпічным творы, адзначыў тое, што аўтар намаляваў «праўдзівую, шырокую, багатую фарбамі карціну незабыўнага лета 1941 года», па-майстэрску паказаў, «як у ліхалецці першых месяцаў вайны ў асяроддзі байцоў і ўчарашніх мірных людзей выяўляюцца цвярозасць, жыццёвая стойкасць і моц духу, здольныя супроцьстаяць неймавернай бядзе».
Дружна хвалілі “Плач перапёлкі” і крытыкі. Так, У. Юрэвіч, адгукаючыся зноў жа на часопісную публікацыю твора, сцвярджаў у газеце «Літаратура і мастацтва», што Чыгрынаў ужо ў першым сваім рамане выявіў «сваю прафесійную сталасць», «сваю адметнасць як майстар аналітычнай прозы». «У рамане “Плач перапёлкі” ёсць шматбаковы ахоп рэчаіснасці і глыбокае даследаванне яе, уменне справіцца з шматпланавасцю жыцця, паказанага ў яго заўсёдным руху... Героі рамана “Плач перапёлкі”... інтэлектуальныя сваім глыбінным зместам», — зазначыў крытык, ахарактарызаваўшы ў заключэнне Чыгрынава «як мастака-мысліцеля».
Няўмольны час, які ўсё ставіць на сваё месца, не перакрэсліў гэтых ацэнак, а толькі яшчэ падвысіў іх. «Бясспрэчна, гэта адзін з лепшых твораў беларускай прозы. Празаік, якому не было яшчэ і сарака гадоў, узбагаціў нашу літаратуру шэдэўрам, па значнасці роўным лепшым раманам М. Гарэцкага,
Кузьмы Чорнага, І. Мележа», — захоплена пісаў пра «Плач перапёлкі» і Л. Дранько-Майсюк ужо ў 1998 годзе.
У рамане «Плач перапёлкі» Чыгрынаў здолеў сапраўды па-мастацку сказаць пра Айчынную вайну шмат новага, таго, што яшчэ не знайшло належнага адлюстравання ў тагачаснай літаратуры. Ён глыбока, у многім падаследчыцку асэнсоўваў матэрыял ваеннай рэчаіснасці, хоць абапіраўся ў першую чаргу на сваё ўласнае веданне той вайны, вынесенае з дзяцінства.
Для стварэння тыпізаваных мастацкіх вобразаў Чыгрынаў ахвотна выкарыстоўваў рэальныя біяграфіі вядомых людзей, у тым ліку блізкіх сваякоў, якія станавіліся прататыпамі ягоных герояў. Моцнай апорай у гэтай працы служыла і ўсеабдымная памяць народа, аб якой К. Сіманаў слушна казаў, што толькі яна ўтрымлівае ў сабе ўсю праўду вайны.
Спасцігаць глыбіні гэтай праўды дапамагалі гутаркі з многімі людзьмі, якія яшчэ жылі вайною, шматлікія сустрэчы з былымі падпольшчыкамі і партызанамі, іх камандзірамі, з кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы на самых розных узроўнях.
Яшчэ са студэнцкай і нават школьнай пары Чыгрынава цікавіў раслінны і жывёльны свет Беларусі, яе гісторыя, асабліва гісторыя Магілёўшчыны ўвогуле і родных мясцін у прыватнасці, наш фальклор. Веданне ўсяго гэтага аблягчала працу над раманамі. Цяпер жа ён грунтоўна вывучаў партызанскія справаздачы і іншыя архіўныя матэрыялы, неабходныя для «Плачу перапёлкі» і ў яшчэ большай меры для наступных раманаў, успаміны, прысвечаныя ваенным гадам, і, вядома, мастацкую літаратуру пра Айчынную вайну.
Але якраз гэтая літаратура мала задавальняла пісьменніка. Многае ў ёй яму здавалася выдуманым, павярхоўна-прыблізным. Затое яна ўмацоўвала пераконанне, што ён зможа «напісаць свой раман пра вайну», які не будзе паўтараць тое, што ўжо сказана іншымі. І толькі «Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча ды «Людзі на балоце» І. Мележа аказвалі на Чыгрынава непасрэдны станоўчы ўплыў як своеасаблівыя арыенціры ў пісьменніцкай працы. «Адамовіч вабіў сваім падыходам да вайны, а Мележ паказаў, што вось так, такой мовай, такім стылем, выкарыстоўваючы жывую гаворку герояў, можна пісаць раман», — падкрэсліваў празаік.
Мележаўская традыцыя ў яго раманнай прозе адчуваецца найбольш моцна. І выяўляецца яна не толькі ў эстэтычна апраўданым выкарыстанні дыялектнай мовы ў гаворцы герояў, але і ў рэалістычнай грунтоўнасці самой апавядальнай манеры, ва ўменні даследаваць глыбінныя токі і плыні народнага жыцця ў пераломны перыяд гісторыі.
Читать дальше