У такія часы жыццё, няпростае заўсёды, надзвычай ускладняецца, пачынае ісці крутымі зігзагамі, рэзка абвастраючы свае драматычныя і трагедыйныя пачаткі. Але Чыгрынаў, звяртаючыся да паваротных часоў, спецыяльна не засяроджваў увагу толькі на іх драматызме і трагічнасці, а, наадварот, імкнуўся да паказу ўсёй магчымай паўнаты жыццёвых праяў і на крутым гістарычным зрэзе. Ён неаднойчы падкрэсліваў, што папярэдняя літаратура пра вайну звычайна пісала, як людзі ваююць. Сам жа ён лічыў патрэбным адлюстраваць і тое, як яны жылі і ў ваеннай віхуры. «У мяне чалавек хутчэй не на вайне, а ў вайне. Яна даставала ўсіх. А жыць усё роўна трэба было. І людзі жылі пры той жа акупацыі. Куды ім было дзецца? Пра гэта я і пішу. Пішу не так, як раней пісалі многія, а так, як было», — зазначаў Іван Гаўрылавіч ужо на схіле сваіх дзён. Гэтая ж думка гучала і ў ягоным інтэрв’ю 1994 года: «Людзі не толькі ваявалі. Яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэта паўната існавання была вынікам нястрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляў фашызм».
Раман «Плач перапёлкі» храналагічна ахоплівае толькі два першыя месяцы вайны. Для краіны ў цэлым яны, тыя месяцы, былі аглушальнатрагічнымі, але на ўсю моц яшчэ не закранулі вёску Верамейкі, да якой сцягваюцца галоўныя падзейныя вузлы ў «Плачы перапёлкі» і ў іншых чыгрынаўскіх раманах. Дарэчы, такая вёска рэальна існуе на ўсходняй Магілёўшчыне — у Чэрыкаўскім раёне. Але празаік запазычыў ад яе толькі назву. Пісаў жа ён пра свой Вялікі Бор і ягоных жыхароў, якія станавіліся прататыпамі літаратурных герояў. І на пачатку вайны гэтыя героі яшчэ не зведалі ўсіх яе жахаў, хаця агульны трагедыйны фон ваеннага ліхалецця ўжо ў «Плачы перапёлкі» адчуваецца выразна.
Праўда, аўтар непасрэдна не паказвае разгром савецкіх армій улетку сорак першага года, не піша падрабязна пра цяжкія баі, што вяліся на велізарнай тэрыторыі, а калі згадвае пра іх, дык у агульных рысах і пераважна рэтраспектыўна, праз не асабліва дэталізаваныя ўспаміны вайскоўцаў, што прабіваліся з акружэння.
Такі падыход дыктаваўся самой біяграфіяй пісьменніка, тым, што ў яго не было асабістага ведання вайны франтавой, без якога больш-менш пераканальна напісаць пра яе ва ўсіх падрабязнасцях было вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма. Таму празаік і выбіраў іншы шлях, паказваў драматычную атмасферу пачатковага перыяду вайны праз згаданыя рэтраспекцыі, праз паяўленне ў Верамейках першых дэзерціраў, сустрэчу вяскоўцаў з танкістамі, якія ў калгасе шукаюць бензіну для запраўкі танкеткі, ды яшчэ праз клопаты раённага начальства пра тое, каб вывезці з Прыбесяддзя як мага больш матэрыяльных каштоўнасцей. Астатняе належала знішчаць. Партыйныя функцыянеры кіраваліся дырэктывай вярхоў, якая абавязвала пакідаць ворагу «адну спустошаную зямлю». А што разам з той спустошанай зямлёю акупантам здавалі мільёны людзей, якім трэба было неяк жыць, — гэта складальнікаў дырэктывы асабліва не турбавала.
Горкая праўда часу, пра якую наша літаратура да чыгрынаўскіх раманаў так канкрэтна не пісала. Яна больш абыходзілася патрыятычнай рыторыкай. Чыгрынаў жа якраз рыторыкі імкнуўся пазбягаць. Яму важна было паказаць тую вайну, якую ён сам добра ведаў, гэта значыць вайну, убачаную вачыма звычайнага чалавека, таго мірнага жыхара, які пакутуе ад вайны і ўрэшце вымушаны ўцягвацца ў яе, хоць па звыклых нормах увогуле ваяваць не павінен. Такім чынам, гутарка ідзе пра вайну народную ў прамым сэнсе слова.
Пісьменннік выразна ўсведамляў гэтую адметнасць сваіх раманаў і ўсяляк падкрэсліваў яе. «Раман — гэта народ», — з палемічным запалам сцвярджаў ён, а закранаючы задуму «Плачу перапёлкі», казаў, што ставіў перад сабой задачу — паказаць свой «народ, расказаць пра яго, расказаць не спяшаючыся, шырока і грунтоўна, галоўнае — праўдзіва».
Адсюль ідзе выключная ўвага да народнай стыхіі, да жыцця верамейкаўцаў, гісторыі вёскі, яе побыту і ўвогуле ўсяго, што звязана з Верамейкамі. Бо тыя Верамейкі не проста галоўны падзейны асяродак у чыгрынаўскіх раманах, а, можна сказаць, цэнтр космасу, таго мастацкага свету, які стварае пісьменнік. Тут ён непасрэдна выходзіў на самае запаветнае, блізкае і дарагое з дзяцінства і таму дасягнуў найбольшага поспеху.
Ужо ў «Плачы перапёлкі» ярка выпісаны каларытныя постаці многіх верамейкаўцаў. Мудрай разважлівасцю і вялікай душэўнай спагадлівасцю вылучаецца блізкі па сваёй удумлівасці да герояў М. Гарэцкага сямідзесяцігадовы вясковы філосаф Парфён Вяршкоў, у свядомасці якога, як зазначаецца ў рамане «Апраўданне крыві», «акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад» сельскага жыцця беларусаў. Там жа гаворыцца, што гэты малапісьменны селянін «умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набываюць грамадскую значнасць».
Читать дальше