Зразумець матчын боль Рэйдзіхі, яе чалавечую трагедыю дапамагае Ганне і тое, што яна, акрамя бацькі, страціла яшчэ аднаго вельмі блізкага чалавека, свайго мужа, які дачасна загінуў на вайне. «Адна пяклуюся», — скрушліва зазначае Ганна. Так і нараджаецца ўжо спачуванне жанчыны да жанчыны. Дарэчы, яно хоць увогуле і відавочнае, але не зусім адназначнае, суправаджаецца часам і супярэчлівымі рухамі душы. Прыгадаю, што Ганна спачатку глядзіць на Рэйдзіху з прыкрасцю і здзіўленнем, «як на прывід які» (у вёсцы Бароўка, дзе адбываюцца падзеі, старая не паяўлялася ўжо трыццаць гадоў і сведкай Яшкавых злачынстваў не была). Таму і стаяла яна (Ганна), «бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча».
Рэйдзіха таксама «больш за ўсё на свеце» баялася, што «людзі пачнуць гаварыць пра яе сына», ужо даўно мёртвага. Яна стараецца быць дагодлівай, усмешка перад Ганнай у яе атрымліваецца «палахлівая і вымушаная». Так што складанасці сітуацыі Чыгрынаў ніяк не абмінае. Але разам з тым ён дае нам ясна зразумець, што ў Ганнінай здольнасці, пераступаючы праз свае крыўды, адчуць чужую бяду і адгукнуцца на яе выяўлялася дабрыня нашых людзей, іх чалавечнасць, якую падтрымлівае і хрысціянская рэлігія. Яна, як вядома, бачыць у дараванні грахоў бліжняму бясспрэчную дабрачыннасць.
Тады, як пісалася апавяданне Чыгрынава, наша афіцыйная ідэалогія рэлігійны падыход адмаўляла, лічыла яго заганным. І таму празаік сваю сугучнасць з гэтым падыходам не афішыраваў. Але сёння яна, тая сугучнасць, заўважаецца выразна.
Пісьменнік наогул умеў бачыць жыццё ў яго складанасці. І гэта не толькі кладзе адбітак на пачуцці Ганны, але праглядвае і ў асобных пейзажных штрыхах, якія ўспрымаюцца як яшчэ адзін напамінак пра вайну, яе трагічнасць і крывавасць: «Яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца. І таму здавалася, што яно крывавіць». Вядома, гэта яўны водсвет ваеннага часу, яго кровапралітнасці.
Выразная настраёвасць, якая ўзмацняе эмацыянальнае гучанне твора, ёсць і ў іншых пейзажных мазках: «На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася.
Вёска як драмала яшчэ». Каб заўважыць усе такія нюансы і адценні, трэба быць не толькі назіральным чалавекам, але і добрым мастаком, здольным ажывіць пейзажныя малюнкі, прымусіць іх выпраменьваць паэтычнае святло. Яно вельмі адчувальнае і ў апісанні ранішняга туману, выкананым з філіграннай тонкасцю: «Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках».
Гэтая хісткасць, у нечым і прывіднасць, а ўжо зменлівасць дык бясспрэчна, паяўляюцца тут невыпадкова. Яны добра акцэнтуюць істотную для разумення твора рухомасць жывога жыцця, адсутнасць у ім застылай аднастайнасці, якая не можа заўсёды панаваць ні ў прыродзе, ні ў людскіх стасунках.
Канкрэтную фактуру многіх эпізодаў, пейзажных малюнкаў у тым ліку, пісьменнік часта браў з рэчаіснасці. У апісанні Бароўкі з апавядання «У ціхім тумане» ўгадваюцца некаторыя прыкметы Вялікага Бору — роднай вёскі аўтара. Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так натуральна, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі.
Усе прыкметы класічнасці ёсць у апавяданні з эпічна ёмістай назвай «Ішоў на вайну чалавек». Яно напісана яшчэ ў 1963 годзе, але таксама і да сённяшніх дзён ніколькі не страціла сваёй эстэтычнай важкасці. Цэнтральнае месца ў творы займае ярка выпісаны вобраз шчырага вясковага працаўніка Ігната, чалавека звычайнага, але вельмі паважанага з-за ягонай дабрыні, спагадлівасці і душэўнай далікатнасці. Малюючы гэты вобраз эканомнымі, але трапнымі фарбамі, пісьменнік дасягае глыбокага пранікнення ў беларускую народную псіхалогію. З высокім майстэрствам паказвае ён лепшыя яе рысы, вельмі натуральна разгортваючы нескладаны падзейны сюжэт.
Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а хутчэй звыклая, будзённа-простая: вёску пакідае згаданы селянін Ігнат. Гэта апошні сапраўдны мужчына з той вёскі. Раней ён не быў мабілізаваны на вайну з-за хворай нагі. Цяпер яна паправілася. І трэба чалавеку ісці ваяваць. Пра гэта з усёй неаспрэчнасцю нагадвае лаканічная ваенкаматаўская павестка, якую Ігнат прымае як належнае, хаця добра ўсведамляе, што «на вайну ісці — не жыта малаціць». Пакідаючы жонку Анюту з двума дзецьмі, ён толькі шкадуе, што за апошні дзень не зможа зрабіць усё тое мноства неадкладных спраў, да якіх за звыклымі гаспадарскімі клопатамі раней так і не дайшлі яго працавітыя рукі. З асаблівай вастрынёю пачынае Ігнат адчуваць цяпер усё навакольнае, мусіць, падсвядома ўлоўліваючы, што, магчыма, ужо больш ніколі не ўбачыць някідкае хараство роднага свету.
Читать дальше