Але сваю.
Зябка ў сцюжу
Коміну без дыму,
Без гнязда
Самотна салаўю...
(«Ліст трынаццаты» з Вушачы)
І ўжо як апафеоз Радзіме гучыць «Ліст шаснаццаты» з Менску, дзе слова паэта даводзіць, што страта Радзімы — найбольшая бяда, бо там, на Радзіме, застаецца ўсё самае дарагое. Там «і камень, як падушка пухавая», і «мароз цяплейшы ў роднай старане», у ёй і «хмара з граду здасца хлебам з соллю». Так асэнсоўваецца горыч вымушанага ад’езду Быкава з Беларусі.
Але зрэдку ў барадулінскіх пасланнях сябру пракідаюцца і мажорныя ноты. Адзін з вершаў мажорнай танальнасці — «Ліст чатырнаццаты» з Менску, напісаны з нагоды Вялікадня. Некалькі разоў паўтораны радок «Хрыстос Уваскрос!» успрымаецца тут як знак надзеі на лепшае і для нас, беларусаў. Пробліск надзеі бачыцца і ў «Лісце дваццаць чацвёртым», дзе сцвярджаецца, што цяперашні народ-натоўп, у якім бракуе душ, годных «для добрых дзей», вечна не будзе такім. Ён мусіць абудзіцца. І тады «выясніцца сонца, дзень настане» інакшы, нежурботны.
Пробліскі светлага настрою і радасці заўважаюцца з розных лістоў пра «вясёлага бацьку, шчаслівую маму», пра памятныя імгненні маленства, пра «багоўку» (божую кароўку), якая ўспрымаецца як «кропелька вясёлкі», пра яблычны спас і іншыя ўжо ва ўсякім разе не змрочныя жыццёвыя рэаліі.
Ды і размова пра непазбежнае завяршэнне чалавечага жыцця магільным грудком у Барадуліна вядзецца ў большасці выпадкаў без прыкметнага надрыву, з філасофскай разважлівасцю, хоць, вядома ж, «гадоў сваіх незваротных шкода».
Барадулінская лірыка ўвогуле звычайна мае значную філасофскую заглыбленасць. Выразна праяўляецца гэтая асаблівасць і ў «Лістах у Хельсінкі». Як даволі яскравы ўзор філасофскай насычанасці верша можна згадаць хоць бы «Ліст сёмы» з Менску:
Час знянацку змесціцца ў зярнятку
І засне ў настылай баразне,
Каб прачнуцца рунню па вясне,
Даганяць сябе спачатку.
Свету
Цесна думаць у зярнятку —
Ў вечнасці ў маленькім кулачку.
Ціха й скрыпка жаліцца смычку.
Хоча гук сябе
Пачуць спачатку.
Час аднойчы
Змесціцца ў зярнятку.
Рыгор Барадулін даўно сцвердзіў сябе як віртуозны майстар, паэзія якога прыемна здзіўляе цудамі вынаходлівасці. Незвычайная шчодрасць мастакоўскай фантазіі, а можна сказаць — і буянства яе, густата вобразнасці, забяспечаная яркасцю тропаў, асабліва кідкай метафарычнасцю і нечаканасцю трапнай асацыятыўнасці, рытмічная свабода і арыгільнасць, багацце гукапісу, увогуле дзівосная інструментоўка радка, уменне знайсці ў арсенале народнай мовы незацяганае, часта зіхоткаіскрыстае слова, ды і слова зусім звычайнае павярнуць так, што яно пачынае праменіцца новым святлом, — усё гэта ўласціва Барадуліну і выразна адчуваецца ў ягоных «Лістах у Хельсінкі».
Для нагляднасці нагадаю некалькі прыкладаў выяўленчай яркасці, характэрнай для паэта. «Высокая мелодыя тугі у незабытным краі ціха стыне». «За каўнер небасхілу змрок сцюдзёна цячэ». «Дыспут вечны сабакі вядуць дваравіта» (маюцца на ўвазе сабакі дваровыя). «Стомленасць, як памяркоўная пані, ціха ступае па гулкай жарстве». «І на іржышчы будзённасці колка босай душы». «Туга ў спакою на руцэ засне». «Трымае радасць дні свае ў прыполе. Жалоба ў чорнай хустцы плач нясе». «Сукі... укамянелі зоркамі ў бярвенні». «Слязою яблык дрыжыць на галіне». «П’яніць нявіннай віны віно». «Гурбы выгарбілі перапутак». «Гады маладыя адкукарэкалі». «Ружай хоча быць калючы дрот»... Прачытаеш такое, і становіцца зразумела, якая багатая, слухмяная і гнуткая наша мова, калі ёй аддае сваю душу выдатны паэт.
У «Лістах у Хельсінкі», як ужо гаварылася, шмат роздуму пра непазбежнасць для кожнага чалавека развітання з зямным жыццём. Адзначалася і тое, што да такога роздуму схіляе паэта ягоны ўзрост. Але душою, пачуццямі, сваім эмацыянальным светам, вастрынёю рэакцыі на рэчаіснасць Барадулін паранейшаму застаецца надзіва маладым. Ён і працуе з маладой энергіяй, нават апантанасцю: друкуе ўсё новыя цыклы вершаў, шмат перакладае, публікуе народныя песні, запісаныя ад маці. А які ён няўрымсліва-гарэзлівы ў параўнальна нядаўнім зборніку саланаватага народнага гумару «Здубавецця»! Значыць, жыве і будзе жыць Беларусь, калі ў яе ёсць такія самаахвярныя творцы.
Арыгінальнасцю вызначаюцца і быкаўскія малюнкі, змешчаныя ў кнізе «Лісты ў Хельсінкі». Яны даюць пэўнае ўяўленне пра тое, у якіх умовах жыў і што рабіў Васіль Быкаў у Фінляндыі, як ён успрымаў краіну, якая дала яму прытулак, хто наведваў выгнанніка, як ставілася да яго зарубежная грамадскасць і інш. Словам, інфарматыўнасць гэтых малюнкаў істотная. Яна павялічваецца і за кошт лаканічных быкаўскіх подпісаў-каментарыяў. У іх таксама адчуваюцца настальгічныя ноткі суму па Радзіме, зрэдку, як мне здалося, праглядвае і адценне жартоўнасці.
Читать дальше