Не даводзіцца здзіўляцца і таму, што нават з мужавага імя яна пацвельваецца далёка не бяскрыўдна, маўляў, яно «нейкае ... халоднае, як жаба». А чаго варта тое, што амаль з першых дзён замужжа Клава зганяе Муню з агульнага ложка, заяўляючы, што ўдваіх на ім «і цесна, і вузка». І нібыта залішне штурхаецца мужанёк, а ў дадатак і дыхае, як паравоз, — «ад гарачыні і поту звар’яцець можна, на сценку палезці...». Вось што значыць сысціся з нялюбым! А неўзабаве з’явіўся ў пакоі і трэці сем’янін. Не, не дзіця, нашчадкаў яны не займелі, а «абрыдлы, прыкры для Муні... ложакраскладанец. Па вечарах ён разгортваўся, лязгаючы жалезным шкілетам, выцягваўся, прыўзнімаючы ўзгалоўе, тупа глядзеў на Муню нейкім дапатопным дыназаўрам-страшыдлам і, здаецца, пытаўся: “Ну што — маеш? Зарабіў ордэр на начлег?.. Кладзіся, кладзіся — са мной не ўпацееш...”».
Тое, што жалезная пачвара пад пяром пісьменніка ажывае і пачынае здзекавацца з няшчаснага чалавека, ужо надае размове злавесны сэнс, выразна падкрэсліваючы ўсю меру абсурду, што пануе ў нашым сучасным жыцці. Натуральна, што пасля гэтых і іншых выбрыкаў сямейная ідылія, на якую было спадзяваўся наш герой, ператварылася ў прывід, стала недасягальным фантомам. І дажываў Муня свае ўкарочаныя ім самім гады ўжо бабылём, у вясковай хаце, што дасталася яму пасля сестрыной смерці. Вельмі незайздросны чалавечы лёс!..
Надта каларытна выпісаны і Муневы сябры па чарцы і карцёжных гульнях — Корцік і Дэбет, людзі без прозвішчаў, а толькі з мянушкамі. Гэта таксама знак чалавечай абяздоленасці, прыніжэння асобы, яе занядбанасці. Застаецца пазначанай толькі ранейшая прафесійная прыналежнасць. Корцік атрымаў сваю клічку з-за колішняй марской службы. Ён — былы марак з Балтыкі, звыштэрміновік-добраахвотнік, звольнены за прыхільнасць да алкаголю. А ўвогуле чалавек ён не благі, па-свойму спагадлівы, разумны і часам яшчэ суцяшае сябе марай, што зможа некалі пакрасавацца «на капітанскім мосціку — дзе-небудзь ля Чорнай Афрыкі...». Мара зноў жа прывідная, нязбыўная. Але ж трэба чалавеку хоць нечым сябе заспакойваць ды суцяшаць, каб жыццё не станавілася, як у Муні, зусім не выносным.
Дэбет так названы з той прычыны, што працаваў рахункаводам, а цяпер ён ужо на пенсіі і можа падзарабляць хіба на выпадковых работах, калі яны трапляюцца. Ды ён улягаць у працу не вельмі імкнецца. Па чалавечых параметрах Дэбет яўна саступае і Муню, і Корціку, бо ў адрозненне ад іх зайздрослівы і прыцісклівы, схільны да дробязнага хітравання. Сваю пасаду ён страціў з-за таго, што аказаўся не ў ладах з тэхнічным прагрэсам, не змог працаваць на самых простых камп’ютарах. А падхалімнічаць навучыўся, засвоіў, што самае бяспечнае ў часы фарысейства і крывадушнасці — заўсёды і ва ўсім дэманстратыўна падтрымліваць любы афіцыёз. Напісана пра ўсё гэта не без з’едлівасці і зноў жа з тонкай псіхалагічнай выверкай, якая забяспечвае сапраўднасць кожнага Дэбетавага жэста і слова. А мова ў яго шчодра расквечаная жарганізмамі. Гэты лексічны пласт трапна выкарыстоўваецца і ў гаворцы іншых персанажаў, асабліва ў Корціка, у якога марскі каларыт проста кідаецца ў вочы.
Наогул, хараство Зуёнкавых элегій у многім трымаецца на багацці і тонкасці іх эмацыянальна насычанай стылістыкі, на ўменні аўтара сцісла, але заўсёды дакладна акрэсліць чалавечы характар персанажа каларытным у сваёй выразнасці, сэнсава і экспрэсіўна ёмістым словам. За майстэрскім валоданнем гэткім словам адчуваецца вопыт працы аўтара ў паэзіі.
Вельмі прывабны Зуёнак і ў эканомных пейзажных штрыхах, у партрэтных і рэчыўных дэталях, трапнасці якіх нярэдка можна пазайздросціць.Вось як падае ён сутычку двух сваіх герояў: «Дэбет выцягваў шыю, лосны ад тлушчу твар звужаўся, збягаючыся да носа, і ўсёадно як пачырванелай дзюбай, сыкаў на Корціка. А той, у сваёй злінялай, мытай-перамытай, што і палоскі ледзь угадваліся, цяльняшцы, выдаваў на перапялёсага шчупака, які ў падлёдную задуху сам сабой выкідваўся з палонкі і на ўсе пашчэнкі хапаў паветра, — здаецца, у Корціка і вушы, быццам жабры, падшавельваліся».
Тонкай настраёвасцю вызначаецца элегія «Куды павёў лапаць». Тут Зуёнак, не хаваючыся за вобраз безыменнага апавядальніка, а непасрэдна ад свайго сапраўднага імя расказвае пра двух вядомых яму сімпатычных вяскоўцаў — старавера Лявона і мужычкі Гапулькі, лёс якіх паяднала моцнае каханне. Яно нарадзілася і захавала сваю трываласць насуперак устойлівай старой традыцыі, якая асуджала блізкія інтымныя стасункі паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій.
Читать дальше