2004 г.
ПРАЗАІЧНЫЯ ЭЛЕГІІ ВАСІАЯ ЗУЁНКА
У шостым нумары «Полымя» за 1999 год змешчаны дзве празаічныя элегіі, напісаныя Васілём Зуёнкам, які ўжо даўно і вельмі трывала сцвердзіў сябе ў паэзіі. Ягоныя вершы і паэмы прызнаны на самых розных узроўнях. У свой час іх шчыра віталі У. Караткевіч і Г. Бураўкін, А. Вярцінскі і А. Грачанікаў, К. Цвірка і Г. Далідовіч, В. Іпатава і В. Вярба, а яшчэ шэраг іншых «таварышаў па пяру», а таксама многія прафесійныя крытыкі, сярод якіх былі і такія майстры крытычнага слова, як Р. Бярозкін і У. Калеснік. І ўсе яны звычайна не скупіліся на пахвалу таленавітаму паэту. Той жа У. Караткевіч адгукнуўся на выдадзены ў 1966 годзе зборнік «Крэсіва» (першая кніга Зуёнкавай лірыкі для дарослых чытачоў) грунтоўнай рэцэнзіяй, якой даў шматзначную назву «Крэсіва. Іскры. Агонь». Як галоўную якасць паэзіі В. Зуёнка ён вылучыў «сапраўдную чалавечую дабрату», падкрэсліўшы, што «гэта дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці». І, як звычайна, меў рацыю, бо матывы трывогі і папярэджання сапраўды былі ў «Крэсіве», а з цягам часу сталі гучаць у паэта ўсё больш моцна і пэўна. Сёння гэта бачыцца асабліва выразна.
Раблю такую выснову, зноў перачытаўшы Зуёнкавы кнігі, якія ёсць у маёй дамашняй бібліятэцы. Іх набралася нямала: «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і вялікі двухтомнік выбраных твораў (1996, 1998). У першым томе памерам 446 старонак змешчаны вершы паэта. У трошкі меншы другі том (319 стар.) увайшлі ўсе пяць Зуёнкавых паэм: «Лукам’е», «Сяліба», «Прыцягненне», «Маўчанне травы» і «Падарожжа вакол двара». Таму кніга паэм атрымала назву «Пяцірэчча». Том лірыкі мае загаловак «Гронка цішыні». Назва, вядома, з падтэкстам, палемічна-парадаксальная, бо ні задаволенай улагоджанасці, ні заспакоенай сузіральнасці ў паэзіі Зуёнка няма, прынамсі, я такога не заўважыў. Наадварот, паэтаў верш найчасцей бунтуе, спрачаецца і зноў жа мужна папярэджвае. Нездарма ж цішыня ў аднайменным вершы, які можна разглядаць як твор, што абгрунтоўвае назву тома, — гэтая цішыня вельмі адметная. Яна голасна прамаўляе, «звініць!» (клічнік тут, канечне ж, не мой, а Зуёнкаў). І гэты звон, калі мець на ўвазе ўсю паэзію аўтара, а не толькі адзін канкрэтны верш, адлюстроўвае самыя балючыя нашы болі і крыўдныя нягоды, прычым адлюстроўвае таленавіта і шматбакова, без спрашчэння і дагодлівай афіцыёзнасці. А калі нейкія ўступкі казёншчыне ў паэта зрэдку і пракідаліся (зусім без гэтага пры камуністычным рэжыме ні ў кога, хто ў той час тады друкаваўся, не абыходзілася), дык аўтар, рэдагуючы двухтомнік, паздымаў адпаведныя радкі і строфы, а цалкам сапсаваныя дзяжурнай афіцыяльшчынай творы не дапусціў да перавыдання.
Вяртаючыся да ацэнкі Зуёнкавай паэзіі ягонымі паплечнікамі, зазначу яшчэ, што асабліва ўзнёсла пісаў пра яе Р. Барадулін. У артыкуле «Як маланка, нечаканы...» (1984) ён сцвярджаў: «Паэму “Маўчанне травы” можна без усялякіх агаворак і перасцярог ставіць не дужа далёка ад коласаўскай “Новай зямлі”».
Права на такое збліжэнне, лічыць паэт, дае тое, што і Зуёнкава паэма — твор пра «лёс народа, пра лёс жыцця на зямлі. Гэта своеасаблівая анталогія каранёў чалавека працы, каранёў дабра і зла, каранёў нашай мовы ў канкрэтных праявах, анталогія зямлі ў расе і шэрані, у руні і ў шрамах акопаў». Барадуліну належыць і прадмова да двухтомніка, у якой падкрэслена, што «паэзія Васіля Зуёнка мае эпічны пачатак». Зноў сказана слушна. А гэта азначае, што Зуёнак невыпадкова звярнуўся і да прозы.
Ды калі казаць зусім дакладна, дык цяперашнія Зуёнкавы элегіі не першыя спробы ягонага пяра на празаічным полі. У паэта ўжо была кніга вельмі добрай крытычнай прозы «Лінія высокага напружання» (1983), былі нарысы, замалёўкі і апавяданні для дзяцей. А вось празаічныя элегіі сапраўды з’явіліся ўпершыню. І яны ўвогуле нязвыклыя, бо ў традыцыйным разуменні элегія — жанр паэтычны. Гэтым тэрмінам тэорыя літаратуры пазначае вершаваныя творы журботнага, меланхалічнага зместу, прасякнутыя сумным настроем, які адлюстроўвае незадаволенасць жыццём ці шкадаванне пра тое, што ўжо мінулася. Для звыклай, класічнай элегіі характэрныя глыбокая эмацыянальнасць, тонкасць і псіхалагічная насычанасць пісьма, яго дакладная стылёвая выверанасць. У Зуёнкавых элегіях усё гэта таксама ў наяўнасці. Таму ёсць усе падставы лічыць іх законнай мадэрнізацыяй вядомага жанру. Тым больш што сучасная літаратура даволі свабодна абыходзіцца з жанравымі канонамі і ў выпадку патрэбы лёгка парушае іх.
Читать дальше