Так, у кнізе сцвярджаецца, што за выданне рамана «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч «адзін змагаўся з колішнім знакамітым выдавецкім босам Матузавым. І ўсё ж ён перамог, раман выйшаў». На самой справе перамагчы таго боса, які ўзначальваў выдавецтва «Мастацкая літаратура», Караткевічу дапамагалі многія. Дастаткова сказаць, што ў падтрымку Караткевіча выступіў наш Саюз пісьменнікаў, уплыў якога на выдавецтва ў той час быў моцны. Па ініцыятыве Івана Мележа, які ў якасці аднаго з сакратароў СП адказваў за развіццё прозы, у лютым 1967 года было наладжана абмеркаванне Караткевічавага рамана на сумесным пасяджэнні сакратарыята СП і секцый прозы і крытыкі. У падтрымку Караткевіча на тым пасяджэнні выказаліся сам І. Мележ (ён вёў сход), Я. Брыль (ён тады таксама быў сакратаром СП), А. Адамовіч, І. Навуменка, Н. Гілевіч, А. Мальдзіс, Г. Кісялёў і іншыя. Гэта істотна паспрыяла Караткевічу.
Другая фактычная недакладнасць у кнізе «Доўгая дарога дадому» датычыць В. Бурана, яго дысертацыі пра быкаўскую творчасць. «Дысертацыю не прымалі, бо там даваліся не тыя ацэнкі некаторым момантам маёй творчасці. Васіль біўся над ёй колькі месяцаў, і ўсё марна. Я сказаў яму: “Напішы ты, што ім патрэбна...” Мы разам сядзелі вечар, і я памагаў яму рабіць фармулёўкі ўласных творчых хібаў. Здаецца, тое памагло, дысертацыю прынялі», — зазначана ў Быкава.
Праўда заключаецца ў тым, што ніхто Буранаву дысертацыю не адхіляў. А ён сам пасля рэзкай крытыкі аповесцей «Мёртвым не баліць» і «Праклятая вышыня» моцна напалохаўся і паехаў у Гародню да Васіля Быкава за паратункам. І пісьменнік сапраўды ратаваў яго. Але гэта была залішняя перастрахоўка, бо ўсе, хто вырашаў лёс дысертацыі, не маглі яе «зарэзаць» з прычыны таго, што афіцыёзнага разносу тады яшчэ толькі двух твораў Быкава не прымалі.
Сярод нядаўна апублікаваных пісьменніцкіх успамінаў, цікавых найперш фактычнай насычанасцю, варта згадаць «Начныя ўспаміны» І. Шамякіна, якія змяшчаліся ў 2001 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва». Добрае ўражанне пакінула яго ж дакументальная аповесць-успамін «Слаўся, Марыя!» («Маладосць», 1999, № 5, 6 і 7) — усхваляваны твор пра жонку пісьменніка Марыю Філатаўну, якая не толькі была вернай спадарожніцай Івана Пятровіча, але і стала прататыпам вобразаў прывабных гераінь у шэрагу яго твораў.
У 2002 годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор», галоўным рэдактарам якога з’яўляецца К. Цвірка, пасмяротна выйшла кніга выбраных прац акадэміка Г. Гарэцкага, выдатнага вучонага, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай акадэміі навук, які па асноўнай спецыяльнасці быў геолагам, але вызначаўся і шырокім літаратурна-культурным кругаглядам. У кнігу ўвайшлі яго ўспаміны пра старэйшага брата Максіма Гарэцкага (серыя артыкулаў), а таксама артыкулы-ўспаміны пра Янку Купалу, Якуба Коласа, К. Крапіву, У. Дубоўку, П. Глебку.
Кніга ўключае і надзвычай цікавыя лісты аўтара, якія таксама з’яўляюцца дакументам часу, вядома, прыватным, але вельмі красамоўным у сваёй сапраўднай дакладнасці.
Дапоўнена выданне змястоўнымі ўспамінамі пра бацьку (Г. Гарэцкага) яго сыноў Усяслава і Радзіма. Радзім Гаўрылавіч і ў апошнія гады апублікаваў у Мінску некалькі змястоўных, надзвычай багатых на факты прац, звязаных з гісторыяй беларускай культуры, мовы, літаратуры. Гэта кнігі: «Шляхам адраджэння» (1997), «Ахвярую сваім «я»... Максім і Гаўрыла Гарэцкія» (1998), «Вечна жыве Беларусь! Артыкулы, інтэрв’ю, замалёўкі» (2003).
Усяслаў Гаўрылавіч (ён у бацькоў быў першынцам) па сваёй знакамітасці крыху саступае Радзіму, але таксама мае вельмі высокую навуковую і чалавечую рэпутацыю. Ён працуе ў Маскве на педагагічнай ніве, членкарэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі, стварыў цэлы шэраг прызнаных школьных падручнікаў.
На трывалым фактычным грунце трымаюцца і ўспаміны С. Шушкевіча «Мой лёс», апублікаваныя пакуль што толькі ў перыёдыцы. Вядома, С. С. Шушкевіч, аўтар гэтых успамінаў, у адрозненне ад свайго бацькі С. П. Шушкевіча, прафесійным пісьменнікам, як і Усяслаў ды Радзім Гарэцкія, не з’яўляецца, але расказаў ён пра сябе і бацьку талкова, з добрай дакументальнасцю.
Яшчэ раз вяртаючыся да І. Шамякіна, адзначу яго важкую кнігу «Роздум на апошнім перагоне» (Мінск, 1998), дзе змешчаны багатыя на факты пісьменніцкія дзённікі 1980—1995 гадоў.
У 1995—1997 гадах у «Полымі» пасмяротна апублікаваны шматгадовыя дзённікі М. Танка, каштоўныя і сваёй велізарнай фактычнай насычанасцю, і літаратурна-эстэтычнай важкасцю, якая ўласціва добрай дакументальнай прозе.
Читать дальше