Дзеля яснасці і я падкрэслю, што ў палеміцы з М. Пажарыцкім не ставіў сабе задачу грунтоўна аналізаваць «Жураўліны крык» ды тлумачыць, чаму ў аповесці кулак паказаны зусім іначай, чым у «Знаку бяды», «Аблаве» і іншых быкаўскіх творах. Пра гэта мне ўжо даводзілася разважаць у іншых публікацыях. Цяпер жа я свядома вылучаў толькі адзін аспект — наколькі важныя пры аналізе мастацкага твора ўвага і павага да яго фактычнага, рэальнага, не прыдуманага ітэрпрэтатарам зместу.
На такую прыдумку яўна збіваецца і Т. М. Грыцаль з Баранавіч. Маю на ўвазе яго артыкул «Экзістэнцыялізм у аповесці В. Быкава «Аблава», апублікаваны ў зборніку «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай. Матэрыялы V Міжнароднай канферэнцыі да 50-годдзя БДУ». Ч. 1. Мінск, 2001.
Тут Т. Грыцаль дае такую інтэрпрэтацыю вобраза Міколы Роўбы, якая зусім не адпавядае рэальнаму фактычнаму зместу быкаўскай аповесці. Яўна насуперак В. Быкаву крытык сцвярджае: «Міколка, сын Хведара Роўбы, таксама па-свойму сумленны чалавек... Ён дзейнічае ў імя нейкіх найвышэйшых грамадскіх прынцыпаў». Гаворыцца гэта ў дачыненні да персанажа, які ў творы пісьменніка якраз сумленне страціў канчаткова і безнадзейна. І не «найвышэйшыя грамадскія прынцыпы» вызначаюць яго дзеянні, а ўсяго толькі непрыхаваны кар’ерызм. Узначаліўшы бальшавіцкае кіраўніцтва раёнам, ён праяўляе асаблівую жорсткасць, «нібы цівун той», «усё мацюгом ды пагрозай, Сібірру палохае». І не толькі палохае, але і практычна дзейнічае ў такім кірунку. Вяршыня яго лютасці — дзікае паляванне на роднага бацьку, пад кіраўніцтвам некалі жаласлівага, а цяпер зусім бесчалавечнага сына загнанага ў балотную багну, якая і стала магілай для папраўдзе сумленнага чалавека-працаўніка, ні ў чым не вінаватага перад людзьмі і светам.
Дайшоўшы да такой дзікасці, Роўбаў сын парушыў усе маральныя прынцыпы, пераступіў агульначалавечыя маральныя каштоўнасці.
Нагадаю, што ў «Бібліі» (Стары Запавет) нават толькі непавага да бацькоў разглядаецца як найвялікшы грэх. «Хто ліхасловіць бацьку свайго або маці сваю, таго трэба аддаваць смерці», — сцвярджаецца ў мудрай кнізе. Дык пра якую сумленнасць можна разважаць у дачыненні да літаратурнага персанажа, які не толькі выказаў вялікую непавагу да роднага бацькі, але і арганізаваў смяротную аблаву на яго?
Павага да фактаў, высокая дакладнасць у падачы іх патрабуецца ў гістарычнай і ўвогуле дакументальнай літаратуры, якая без такой дакладнасці вядзе да скажэння гістарычнай перспектывы, праўды гісторыі.
Думаецца, што цяпер дакументальная літаратура выклікае ўсё большую цікавасць. Не ў апошнюю чаргу гэта звязана з тым, што ў дакументальных творах розных жанраў павага да фактаў намнога большая, чым у голай белетрыстыцы пасрэдных літаратараў. Мне цікава чытаць кнігі з багатай фактычнай асновай нават тады, калі гэтыя кнігі ў стылёвых адносінах адпрацаваны не найлепшым чынам ці ўяўляюцца спрэчнымі і ў канцэптуальным плане.
Сярод выданняў, прачытаных у апошні час, назаву наступныя (усе на рускай мове, надрукаваны ў Маскве): Марцін Эміс. Сталін Іосіф Грозны (2003), Б. В. Сакалоў. Сталін: Улада і кроў (2004), Анры Труайя. Максім Горкі (2004), Анатолій Уткін. Другая сусветная вайна (2003). Аўтары кніг — людзі розныя. Так, Марцін Эміс характарызуецца ў выданні як класік сучаснай англійскай літаратуры, адзін з самых папулярных у сваёй краіне. Анры Труайя — член французскай акадэміі, таксама сусветная славутасць. Анатолій Уткін і Барыс Сакалоў — рускія гісторыкі. Бацькі першага з іх — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія ў складзе савецкіх войск з баямі адступалі ад Буга да Волгі, змагаліся з гітлераўцамі ў руінах Сталінграда і потым дайшлі да Берліна. У Б. Сакалова апублікавана больш за дваццаць кніг і вялікая колькасць артыкулаў.
Усе працы, пра якія цяпер размова, аб’ёмныя. Важкі фаліянт А. Уткіна мае ажно 960 старонак нармальнага кніжнага фармату, набраных драбнаватым шрыфтам. Але згаданыя выданні я адолеў без натугі, праштудзіраваў з вялікай увагай, бо знайшоў у іх багацце фактаў, якія гавораць куды больш за аўтарскае сюсюканне, якім бы віртуозна-вытанчаным яно ні было. Многія дакументальныя матэрыялы з гэтых кніг уяўляюцца мне ўнікальнымі.
Працытую з працы Уткіна адну мясціну са шматзначнымі сведчаннямі, заснаванымі на дакументальнай глебе. Гутарка тут ідзе пра Тэгеранскую канферэнцыю кіраўнікоў СССР, ЗША і Англіі ў 1943 годзе. У размове з Рузвельтам Сталін тады «высока ацаніў амерыканскую дапамогу: «Я хачу расказаць вам пра тое, што, з рускага пункту гледжання, прэзідэнт і народ Злучаных Штатаў зрабілі для перамогі ў вайне. Самае галоўнае ў гэтай вайне — машыны. Злучаныя Штаты паказалі, што яны здольныя ствараць ад васьмі да дзесяці тысяч самалётаў у месяц. Расія можа выпускаць, самае большае, тры тысячы самалётаў у месяц. Англія робіць ад трох да трох з паловай тысяч... Злучаныя Штаты можна назваць краінай машын. Не маючы гэтых машын праз сістэму ленд-ліза, мы б прайгралі гэтую вайну». «Гэта, — бярэ слова даследчык, — быў першы і самы красамоўны выпадак афіцыйнай удзячнасці савецкага кіраўніцтва за пастаўкі па ленд-лізу». Далей яшчэ дадаецца, што тады Сталін, як ніколі раней ці пазней («адзіны раз»), быў да канца шчыры ў адкрытай пахвале амерыканцаў.
Читать дальше