Васіль Быкаў — пісьменнік з трагедыйным бачаннем жыцця. Пры вельмі нізкім болевым парогу такое бачанне тыповае. Ён з вялікім песімізмам глядзеў на цяперашняе жыццё і нашу будучыню. І вельмі прагнуў, каб ягоны песімізм «быў абвергнуты жыццём ці гісторыяй». А цяперашняя рэчаіснасць надзвычай складанага свету відавочных падстаў для абвяржэння не давала.
Зрэшты, у нас ёсць магчымасць неаспрэчна давесці, што Быкаў у сваім песімізме перабольшваў, памыляўся. Для гэтага трэба «няшмат»: знайсці прымальнае вырашэнне вострых духоўных, маральна-этычных праблем і дасягнуць прыкладна такога ўзроўню дабрабыту, як у немцаў, швейцарцаў, шведаў, амерыканцаў ды ў народаў іншых цяперашніх багатых краін. Мы да гэтага імкнёмся. Так сцвярджаюць нашы палітыкі. Дасягнем? Быкаўская душа і на тым свеце парадуецца. Кажу гэта, бо ведаю, як пісьменнік радаваўся людской радасці, сам любіў рабіць прыемнае людзям. Ён жа і ў практычным жыцці вызначаўся сваёй чалавечнасцю, можна сказаць, выключнай душэўнай далікатнасцю. Пра іх праявы і ў дачыненні да маёй грэшнай асобы я ўжо згадваў у друку, у тым ліку ў артыкуле для кнігі «Наш Быкаў», якая выйшла з друку дзякуючы вялікім намаганням Генадзя Бураўкіна і клопатам шэрагу іншых прыхільнікаў вялікага быкаўскага таленту.
Не магу не адзначыць, што Васілю Быкаву было зусім не ўласціва самазахапленне, якое часта распірае пасрэдных літаратараў, нахрапам вылязае з усяго, што яны робяць.
Не лічыў сябе Быкаў і ўладальнікам ісціны ў апошняй інстанцыі. Ён заўсёды быў у пошуках і з цягам часу прыйшоў да рэзкага адмаўлення камунізму, які называў камунафашызмам, сутнасна блізкім гітлерызму, гэткім жа згубным для чалавецтва, як і карычневая разнавіднасць таталітарызму.
Васіль Быкаў памяркоўна ставіўся да крытычных заўваг, калі яны ішлі ад шчырай пераконанасці даследчыка, а не ад жадання спляжыць пісьменніка ва ўгоду ідэалагічным заказчыкам. Я шмат пісаў пра Быкава пры яго жыцці, пісаў з пахвалою, а то і з захапленнем. Але зрэдку даводзілася сёетое аспрэчваць у ягоных творах. Быкаў за маё аспрэчванне не крыўдаваў ніколі, бо прызнаваў права на ўласную думку і за даследчыкамі літаратуры. Гутарка ідзе ні ў якім разе не пра злоснае распінанне твораў, знарочыстае перакручванне іх сэнсу і іншыя маніпуляцыі, практыкаваныя дагодлівымі кан’юнктуршчыкамі, якія ў свой час папсавалі майстру нямала крыві. Але яго славы і велічы гэткае шаманства пахіснуць не магло. Так было пры зямным жыцці вялікага пісьменніка. Пасмяротна маштаб яго таленту, значнасць яго літаратурнага подзвігу, яго грамадзянскай мужнасці высвечваецца яшчэ больш ярка, наглядна і пераканальна. Цяперашнія юбілейныя ўшанаванні Быкава таксама доказ таго, як многа значыў ён у нашым жыцці, у жыцці мільёнаў людзей. Вялікія мастакі не паміраюць. Яны застаюцца ў свядомасці чалавецтва назаўсёды. Неўміручасць суджана і Васілю Быкаву.
2004 г.
ПЕРАД ФАКТАМ ЗДЫМІЦЕ КАПЯЛЮШ
Вынесеныя ў загаловак словы належаць акадэміку І. П. Паўлаву, выдатнаму рускаму фізіёлагу, які з дапамогай філігранных эксперыментаў на сабаках абгрунтоўваў тэорыю ўмоўных рэфлексаў і ўстанавіў шэраг іншых заканамернасцей функцыянавання жывога арганізма. Далёкая ад навукі прыбіральшчыца цёця Каця з бліскучай камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» дзівілася з таго, што паўлаўскія паслядоўнікі, працягваючы доследы знакамітага вучонага, «папракручвалі сабакам дзіркі ў баку ды ўліваюць ім туды яду». «Хіба ім не хапае гэтых дзірак, што сабакам бог даў?» — зазначала спагадлівая да жывых стварэнняў жанчына. «Трэба ж хоць адным вокам глянуць, што там у сярэдзіне робіцца», — тлумачыў цёці Каці дворнік Нічыпар, які да навукі непасрэднага дачынення не меў, але, мабыць, здагадваўся, што добрая фактычная ўзброенасць ёй патрэбна.
Можна сказаць больш: без грунтоўна выверанай фактычнай асновы навуковая праца (калі гэта не тэарэтычна-філасофскі трактат, дзе аснову складаюць разважанні даследчыка) атрымліваецца павярхоўнай і непераканальнай. Бо ў такім разе пераважае аўтарская інтэрпрэтацыя. А яна заўсёды суб’ектыўная. І бывае такая суб’ектыўнасць вытлумачэння, што проста дзіву даешся. Згадаю адзін параўнальна нядаўні прыклад. У артыкуле «Веліч праўды і справядлівасці» («Полымя», 2000, № 9) М. Пажарыцкі з Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звярнуўся да быкаўскай аповесці «Жураўліны крык» і даў такую інтэрпрэтацыю вобразаў Івана Пшанічнага і яго бацькі Супрона, якая ў многіх выпадках рэзка разыходзілася з тым, што напісана пра іх Васілём Быкавым. А гэта значыць, што фактычны змест твора, яго рэальная фактура, у пісьменніка вельмі выразная, адвольна скажаюцца да непазнавальнасці. А ў дадатак да ўсяго крытык сцвярджае, што сам аўтар так бачыць сваіх персанажаў. «Але Іван Пшанічны — маральна трывалы чалавек. Менавіта для яго народная культура аказалася той духоўнай апорай, якую не так лёгка знішчыць... Ён праявіў сапраўдную моц народнага характару», — зазначае М. Пажарыцкі, а потым яшчэ разважае пра народную душу ў дастасаванні да ўсё таго ж Івана Пшанічнага.
Читать дальше