Фашызм адбіраў у чалавека не толькі права на свабоду, але і на жыццё. Таму Быкаў і ненавідзеў фашызм як самае вялікае зло. «Гэта д’ябальская сацыяльная з’ява, пабудаваная на страху, бяздумным падначаленні і авантурызме», — пісаў ён.
Нездарма ж і тыпова быкаўскі герой з «Трэцяй ракеты» Жаўтых, які вайну ў прынцыпе не прымае, бо яна ў яго забрала бацьку (загінуў на рускаяпонскай вайне) і пакалечыла брата, з поўнай пераконанасцю зазначае, што супроць фашызму неабходна змагацца да канца. «Тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба», — лаканічна, з той разважлівасцю, за якою адчуваецца народная мудрасць, робіць выснову Жаўтых. Ён таксама гіне, але як салдат, змагар, непахісны абаронца Радзімы.
І так у Быкава скрозь. У яго творах права на станоўчасць, гэта значыць на чалавечую павагу, набываюць толькі тыя ўдзельнікі вайны, якія ў самых складаных абставінах думалі найперш не пра захаванне ўласнага жыцця, а пра неабходнасць абараняць краіну ад фашызму. І зусім заканамерна, што ў быкаўскіх творах пра Айчынную вайну здрада салдацкаму абавязку, а тым больш прыслужніцтва гітлераўцам не даруюцца нікому і ніколі.
Хачу гэта падкрэсліць, бо ўжо даводзілася чытаць артыкул («Полымя», 2000, № 9), у якім абсалютна беспадстаўна, яўна насуперак таму, што напісана ў «Жураўліным крыку», робіцца спроба фактычнага апраўдання здрадніка Івана Пшанічнага з гэтай аповесці. Ён выдаецца крытыкам ледзь не за анёлка. Маўляў, у яго і бацька «быў добрым сем’янінам, справядлівым, спагадлівым чалавекам», гатовым у ліхую часіну выручыць з бяды іншых людзей, бо сам выхоўваўся «на прынцыпах спрадвечнай культуры» і сына выхоўваў «у хрысціянскім духу». У Быкава ж той нібыта дабрадзей характарызуецца як «сквапны, злы, несправядлівы» хцівец, гатовы за ненаўмысна зламаную касу люта збіваць падлетка. Сам Іван Пшанічны ў крытыка робіцца «годным прадаўжальнікам добрых і мудрых бацькоўскіх традыцый». Гэта ўжо нібыта «маральна трывалы чалавек», які знаходзіць духоўную апору ў народнай культуры і праяўляе «сапраўдную моц народнага характару». Так крытык гаворыць пра здрадніка, які ў пісьменніка кідае баявую пазіцыю і ідзе добраахвотна здацца ў палон гітлераўцам, спадзеючыся з іх дапамогаю ўладкаваць сваё бясконца дарагое жыццё.
У Быкава здраднік бясслаўна гіне. Іначай і не магло быць у пісьменніка, які настойліва сцвярджаў, што супрацьстаяць фашызму неабходна было ўсімі магчымымі сродкамі, цаной чалавечых жыццяў таксама, у першую чаргу жыццяў салдацкіх.
«Якім бы дарагім ні было жыццё кожнага, лёс Радзімы і чалавецтва непараўнальна важней». Гэта цытата з быкаўскага артыкула «Наша сіла і воля», які напісаны ў 1983 годзе, але перадрукоўваўся неаднаразова, у тым ліку ў апошнім томе беларускага шасцітомніка, выдадзеным ужо ў 1994 годзе.
Васіль Быкаў сапраўды выразна ўсведамляў, што нашы воіны, баронячы сваю краіну ад гітлераўскага нашэсця, змагаліся і за чалавецтва, за яго нармальную будучыню. Вялікую Айчынную вайну, перамога ў якой аплачана мільёнамі чалавечых жыццяў, пісьменнік называў цэлай эпохай у гісторыі краіны, бліскучай старонкай яе гісторыі. Выказванняў з такімі ацэнкамі Вялікай Айчыннай вайны, яе цяжару і велічы ў Быкава шмат. Нагадаю яшчэ адно з іх. «Сталінград для краіны быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднім краі ён здараўся куды як часта. І ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць [толькі не цаной здрады, ухілення ад барацьбы] і — галоўнае — перамагчы, бо пагібель часам была як здрада жывым. Саддат з усяе сілы павінен быў біцца за сябе і таварышаў, тым самым ён змагаўся за Радзіму, бо сам быў часткай Радзімы і народа, у імя жыцця і свабоды якіх і вялася тая вайна. Затое нічога ў нашым жыцці не магло параўнацца з той радасцю, якую давялося перажыць у самую сонечную вясну Перамогі. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода за ўсе пакуты вайны, за пралітую кроў і слёзы таксама» (артыкул «Замест аўтабіяграфіі»).
Быкаўская чалавечнасць выразна выяўлялася і ў тым, як настойліва змагаўся пісьменнік за праўдзівае адлюстраванне вайны. «Безумоўную вернасць праўдзе» ён лічыў абавязковай у паказе Айчыннай вайны. «Гаварыць няпраўду аб ёй не толькі амаральна, але і злачынна як у адносінах да мільёнаў яе ахвяр, так і ў адносінах да будучыні. Людзі зямлі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся і якой цаной дасталося ім гэта збавенне», — напісаў Васіль Быкаў у 1981 годзе.
Недапушчальнымі былі для яго «фальшывая ўзнёсласць, сентыментальнасць, слюнявае сюсюканне», як і бяздумнае пацяшальніцтва «фарсаў на крыві, камедый на чалавечых пакутах». Усяму гэтаму Быкаў супрацьстаўляў глыбокі псіхалагізм, дакладнасць суровага рэалізму, уменне «бачыць перад сабой перш за ўсё чалавека». Змагацца за яго, «хаваць гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бой за справядлівасць» — такім уяўляўся Быкаву «маўклівы заклік» баявых пабрацімаў, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе супроць фашызму. Ён ведаў, што «мёртвым не баліць» (назва адной з самых выдатных быкаўскіх аповесцей), ужо не баліць. Але сам меў надзвычай нізкі болевы парог, які бывае толькі ў самых выдатных мастакоў, калі яны чужую бяду, болі і беды іншых людзей успрымаюць як свае ўласныя і таму практычна заўсёды адчуваюць любую дыскамфортнасць рэчаіснасці, праявы жорсткасці і неўладкаванасці ў свеце. Таму ён са скрухай пісаў калі не пра ўсе, дык пра галоўныя болевыя кропкі нашай гісторыі і сучаснасці («чорныя ляды» слуцкіх паўстанцаў, гвалтоўнасць калектывізацыі, Курапаты, чарнобыльская трагедыя і многае іншае).
Читать дальше