У нататках «Тры абзацы аўтабіяграфіі» Васіль Быкаў падкрэсліваў: «Усю вайну і яшчэ дзесяць год пасля яе быў далёка ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы». Такім чынам, і Радзіма ў свядомасці пісьменніка лучылася з вобразам маці, асацыіравалася з ім.
У гэтым сэнсе паказальна і тое, што мацярынскі пачатак Васіль Быкаў вылучаў у шэрагу жаночых вобразаў, намаляваных у розных аповесцях. Скажам, у «Трэцяй ракеце» створаны вельмі прывабны вобраз Люсі Сінявочкі, якая гіне разам з артылерыйскім разлікам супрацьтанкавай гарматы «саракапяткі». З выгляду Люся амаль дзяўчо, «гадоў на шаснаццаць». Але ў яе вельмі выразная спагадлівасць і такое глыбокае разуменне людзей, адчутае менавіта душою жанчыны, што і вопытныя ў жыццёвых справах артылерысты ўспрымаюць яе не толькі раўнёю, але ў нечым і больш праніклівай, здольнай спасцігаць тое, што ім недаступна. Ды і сама яна прызнаецца тым саракапятчыкам: «Мне часам здаецца, што я намнога старэйшая за ўсіх вас. Здаецца, адчуваю, разумею тое, чаго вы не разумееце. Вы такія слаўныя, храбрыя, толькі вы не разумееце сябе. Вы трымаеце сябе так, нібы ўвесь век, да вас і пасля вас, была і будзе адна толькі вайна. Без вайны вы сябе не ўяўляеце. Ці не так? І ўсё вы мераеце салдацкай меркай. Іншай у вас няма. Праўда ж? Іншы перажывае: медалём не ўзнагародзілі. Іншы імкнецца як спрытней пахваліцца сілай, падужаць каго ці яшчэ як сябе паказаць. А таго вы не разумееце, што недзе ў кожнага з вас маці, ну ці там дзяўчына і што вы дарагія ім зусім не гэтым. Ім гэта зусім не патрэбна. Ды і няважна гэта. Важна душа ў чалавеку: каб ён быў сумленны, адданы, таварыскі, праўдзівы».
Па сутнасці, гэта не проста сяброўская гаворка, а мацярынскае стаўленне да тых людзей, з якімі Люся дзяліла франтавыя нягоды.
Бадай, яшчэ больш выразна такое мацярынскае стаўленне ў Веры Вераценнікавай да франтавога мужа — ротнага камандзіра лейтэнанта Самохіна («Яго батальён»). Па вайсковым званні Вера — малодшы сяржант. Яна цяжарная. Але пайсці ў тыл жанчына рашуча адмаўляецца, бо не хоча і не можа пакінуць мужа, якім прывыкла апекавацца з мацярынскай клапатлівасцю. «Доўга ты без мяне ўцалееш? Дурань, ты ж на першай гадзіне галаву пакладзеш. За табой жа, як за маленькім, глядзець трэба! — праз слёзы казала Вера», калі і Самохін паспрабаваў угаварыць яе пакінуць перадавую. Вядома, свайго лейтэнанта яна не ўратавала, бо той і не думаў хавацца за жончыну спадніцу (у сапраўдных баях гэта было і немагчыма), але за жыццё любага змагалася да канца, а пасля яго гібелі і ягонай ротай камандавала. Ды ўрэшце загінула і сама. У магілу яе кладуць побач з Самохіным. «Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі... Але вось наступіла і яе чарга», — з пранізлівым болем за дачасную гібель жанчыны напісаў Васіль Быкаў, для перадачы ўсёй скрухі таго пахавання перайшоўшы на рэдкую ў сваёй звыклай стылістыцы хоць і стрыманую, але адкрытую эмацыянальнасць.
Хораша напісана і пра Янінку, усмешыстую гарадзенскую дзяўчыну, якая стала першым і адзіным каханнем лейтэнанта Ігара Іваноўскага (аповесць «Дажыць да світання»). Яму выпадзе вельмі пакутная доля на вайне — сплываючы крывёю, дачакацца ў напаўсмяротным стане фрыца-абозніка і апошняю гранатай узарваць яго разам з сабою. А з дзяўчынай лёс звёў лейтэнанта яшчэ тады, калі хлопец толькі ехаў на вайсковую службу. Янінка проста зачаравала яго «сваёй юнай пекнасцю», натуральнасцю паводзін, у якіх жаноцкая прывабнасць праяўляецца нязмушана, як бы сама сабою. Дзяўчына «была ў цёмнай ладнай спадніцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прывабная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшая ростам — амаль упоравень з яго [лейтэнантавым] плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было нязвыкла прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся... Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкай няўлоўнай годнасцю». Вядома, гэта была годнасць здагадлівай жанчыны, якая ў юнацкім узросце інтуітыўна адчувала сваё вялікае прадвызначэнне — працягваць род чалавечы.
Напісана пра Яніну не без любавання яе прыгажосцю, нават з лёгкім налётам рамантызацыі, у Быкава даволі рэдкай, а тут прыкметнай, як прыкметная і пэўная паэтычнасць, бадай што і замілаванасць, якая праглядвае ў тым жа багацці памяншальна-ласкавых слоў пры згадцы пра адзенне і абутак дзяўчыны.
Читать дальше