Кніга пра братоў Гарэцкіх напісана з такімі замілаванасцю і сардэчнасцю, што кожны, хто ўважліва прачытае яе, абавязкова адчуе самаадданасць абодвух братоў у працы дзеля Беларусі, іх чалавечае высакародства, вышыню духоўных памкненняў і вялікую таленавітасць у многіх адносінах.
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі не стамляўся нагадваць пра тое, што «аснова поспеху — праца, праца арганізаваная, сістэматызаваная, упарадкаваная, мэтаімклівая, але праца творчая, натхнёная, прыгрэтая ласкаю, захапленнем, уздымам».
Сам ён так працаваць умеў. Таму і паспеў вельмі многа зрабіць не толькі ў сваёй спецыяльнай галіне, у звязанай з ёю практычнай дзейнасці ўсюды, куды кідала нялёгкая доля, але і ў гуманітарнай сферы. Ён сябраваў з многімі выдатнымі пісьменнікамі, напрыклад, з Уладзімірам Дубоўкам, які амаль 30 гадоў правёў у зняволенні ды выгнанні, пазбаўлены тады магчымасці займацца літаратурнай працай.
Дарэчы сказаць, што быў Дубоўка сябрам і Максіма Гарэцкага, які выдаў першую кнігу паэта «Строма», высока цаніў яго талент.
Сустрэчы і добрыя стасункі былі ў Гаўрылы Гарэцкага з Янкам Купалам, Якубам Коласам. Тут ён, як і ўвогуле ў жыцці, браў прыклад з Максіма, з якім Колас сябраваў. Дружылі сем’ямі. Іх збліжалі і настаўніцкія клопаты, і пісьменніцкія прыхільнасці, бо Максімава жонка, чароўная прыгажуня Леаніла Усцінаўна Чарняўская, таксама ж была не толькі педагогам, складальніцай школьных падручнікаў, але і вядомай тады дзіцячай пісьменніцай.
Гаўрыла Гарэцкі меў прыязныя адносіны з Кузьмой Чорным, Пятром Глебкам, Алесем Адамовічам. Ён вызначаўся трапнай назіральнасцю і пакінуў пра некаторых выдатных пісьменнікаў унікальныя сведчанні. Вось як ён напісаў пра свае ўражанні ад сустрэчы з Кузьмою Чорным, ужо моцна хворым: «Як ён змяніўся, як састарэў, які ён хворы, прыпухлы. Проста цяжка пазнаць. Але дух яго такі малады, такі моцны, бадзёры, нязломлены. Столькі ў ім жыццярадаснасці, мудрасці, разваг глыбокіх, разумення жыцця. І яшчэ столькі намераў, столькі імпэтлівасці. Я слухаў яго як зачараваны. Вось сапраўды вялікі, святы проста чалавек. Які недасяжны ў яго маральны ўзровень. Самае моцнае ўражанне засталося ў мяне ад пабачэння з Кузьмою».
Гэта май 1943 года. Тады ж была сустрэча з Якубам Коласам і зроблены такі запіс пра паэта: «Ад усёй яго істоты павеяла велізарнай стомленасцю, заклапочаннем, занятасцю. Нібы чалавек не сам сабе гаспадар. Нібы ўвесь час ён на людзях, без асабовага жыцця, увесь час на працы, — дзейнічае, а не жыве. Спаткаў мяне Якуб вельмі ласкава, прыветна. Пагаманілі. Памяняліся адрасамі».
Колас потым хадайнічаў аб вяртанні Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь. Але і вялікага народнага паэта ўлады не паслухаліся. Гаўрылу Іванавічу дазволілі жыць і працаваць у Беларусі толькі ў 1968 годзе. А ён жа ў выгнанні шмат гадоў песціў думку «вярнуцца ў горача любімую Беларусь і прыносіць ёй карысць, удзельнічаючы ў геалагічных вышуках». «Шчасцем здаецца даследаванне роднай зямлі», — казаў Гаўрыла Іванавіч. Ён задоўга да адкрыцця адпаведных радовішчаў сцвярджаў, што ў нетрах Беларусі ёсць «нафта, солі, вугаль, жалеза». Гэты дальнабачны прагноз базіраваўся на выдатным веданні геалагічнай структуры роднага краю.
Вялікую цікавасць уяўляюць прадстаўленыя ў кнізе сведчанні пра ўзаемападтрымку Леанілы Усцінаўны Чарняўскай і Ларысы Восіпаўны Парфяновіч — жонак Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх — у тыя страшныя часы, калі іх мужы афіцыйна лічыліся «ворагамі народа». Але і тады ад кінутых у бяду жанчын высакародныя людзі, многім рызыкуючы самі, не адвярнуліся: «Дапамагалі Янка Купала і Уладзіслава Францаўна, Якуб Колас і Марыя Дзмітрыеўна (жонка Якуба Коласа), некаторыя жонкі іншых зняволеных».
Кніга пра братоў Гарэцкіх здольная ўсхваляць чытача самой трагічнасцю лёсу Максіма і драматычнымі паваротамі ў лёсе Гаўрылы, які пражыў 88 гадоў (1900—1988). Жонка пасля яго смерці пражыла нядоўга — толькі няпоўных 6 гадоў. Яна памерла 2 жніўня 1994 года. Вельмі кранальнымі старонкамі пра адыход Гаўрылы Гарэцкага з зямнога жыцця і заканчваецца праца. Але істотна і тое, што напісана яна чалавекам, які ведае цану не толькі факта, але і слова, якім расказваецца пра рэальную падзею і сапраўдны факт. Зноў толькі адзін прыклад. Прыгадаўшы даўку, якая ўзнікла на пахаванні Сталіна, Радзім Гарэцкі канстатуе: «Загінула 1500 чалавек». А потым дадае: «І мёртвы Сталін працягваў забіваць людзей». За гэтым дадаткам — вялікі сэнс, напамінак пра жахлівасць сталінскіх рэпрэсій. Але забывацца на іх ніяк не выпадае, калі мы не хочам, каб трагедыя паўтаралася зноў.
Читать дальше