У развіццё беларускай культуры і навукі велізарны ўклад унеслі Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Галоўным чынам ім і прысвечана кніга, напісаная Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім.
Аўтар кнігі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі і сам стаў у пэўным сэнсе не менш знакамітым, чым ягоны дзядзька Максім Іванавіч Гарэцкі, класік беларускай літаратуры і яе даследчык, імя якога стаіць у адным радзе з вялікімі нашымі класікамі Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Бацьку ж, Гаўрылу Іванавіча Гарэцкага, вучонага з сусветным імем і выдатнага грамадскага дзеяча, Радзім па колькасці навуковых публікацый і перасягнуў. Выдадзены ў 2003 годзе паказальнік яго друкаваных прац (з дадаткам асноўных дат жыцця і творчасці) мае ажно 110 старонак стандартнага кніжнага фармату.
Не абдзелены Радзім Гарэцкі і навуковымі рэгаліямі ды рознымі пасадамі. Ён — акадэмік Акадэміі навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР, ганаровы дырэктар рэспубліканскага Інстытута геалагічных навук, член Амерыканскага геалагічнага саюза, прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускага геалагічнага таварыства, фонду братоў Гарэцкіх. Пяць гадоў (1992—1997) быў віцэ-прэзідэнтам нашай
Акадэміі навук. І на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці плённа працаваў у гуманітарнай сферы. Яшчэ нямала робіць тут і цяпер, хоць мае статус пенсіянера.
Шмат разоў ён выступаў у абарону беларускай мовы, слушна лічачы, што дзяржаўная падтрымка яе ў нас недастатковая.
Цэлую кнігу Радзім Гарэцкі прысвяціў ключавым праблемам нацыянальнага адраджэння («Шляхам адраджэння», Мінск, 1997). У гэтай кнізе змешчаны і хораша напісаныя артыкулы пра Янку Купалу, Максіма Танка, Янку Брыля, Пімена Панчанку, Івана Мележа, Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.
Ужо была ў Радзіма Гаўрылавіча і кніга пра Максіма і Гаўрылу Гарэцкіх. Пад загалоўкам «Ахвярую сваім “я”...» яна выйшла ў 1989 годзе. Некаторыя звесткі з гэтай кнігі паўтораны і ў цяперашнім выданні. Але і памерам яно значна большае за папярэднюю працу, і некаторыя акцэнты тут узмоцнены.
Галоўны ўпор цяпер зроблены на дакументальную грунтоўнасць размовы з чытачом. Асабліва багатая дакументальная аснастка ў дачыненні да Гаўрылы Гарэцкага. І гэта зразумела, бо ўласнага бацьку аўтар добра памятае яшчэ з малых дзіцячых гадоў, дасканала ведае ўсе перыпетыі ягонага скрутлівага лёсу.
Памяць пра дзядзьку Максіма такой грунтоўнай, з улікам самых малых драбніц, быць не магла. Але і беднай назваць яе нельга, бо ў родзе Гарэцкіх высока шанаваліся ўсе сваякі.
Абсалютная большасць з іх — людзі вельмі яркія, неардынарныя ў многіх адносінах. Гэта і маці Максіма і Гаўрылы Ефрасіння Міхайлаўна (звычайна яе звалі Просяй), і іхні бацька Іван Кузьміч. А яшчэ браты Іван, Парфір, сястра Ганна, самая малодшая ў сям’і. Яна падавала вялікія надзеі. Але лёс дзяўчыны склаўся трагічна: везла перадачу для брата Гаўрылы, які пакутаваў тады ў турме на Лубянцы, і трапіла пад трамвай. У кнізе пра гэтую трагедыю расказана з асаблівай скрухай.
Дачасна абарвалася жыццё не толькі Ганначкі і Максіма, расстралянага бальшавікамі, але і ягонага сына Леаніда. Лёня, як звалі яго дома, у званні малодшага лейтэнанта загінуў 18 лютага 1944 года (тады яму ішоў 22 год) пад Ленінградам, баронячы краіну, якая знішчыла бацьку, ад гітлераўскага нашэсця. Пісьмы гэтага юнака з фронту, апублікаваныя ў сярэдзіне 1970-х гадоў, сталі сапраўднай сенсацыяй, настолькі хораша раскрываўся ў іх высакародны воблік мужнага хлопца. Шырыня творчых інтарэсаў, разважлівасць думкі, любоў да прыроды, беларускі патрыятызм і выключная сумленнасць ва ўсім, выхаваныя бацькам, добра падсвечваюць постаць Максіма Гарэцкага і паказваюць, якіх выдатных людзей забірала вайна, хаця з нашага боку яна была і праўда свяшчэннай.
Максімава дачка Галя, якая зрабіла вельмі многа для зберажэння і папулярызацыі бацькавых твораў, пражыла без малога 86 гадоў. Але замужам яна не была і дзяцей не раджала. Таму з яе смерцю лінія Максіма Гарэцкага аказалася абарванай.
Лёс Гаўрылы Гарэцкага ў гэтым сэнсе ў цэлым быў больш шчаслівым, чым у Максіма. Яго нашчадкі, дзякуй Богу, працягваюць жыццёвае шэсце. У старэйшага сына Усяслава, доктара педагагічных навук, прафесара, які жыве ў Маскве і паспяхова працуе на ніве асветы, ёсць дачка і сын, унучка і ўнук. Дачку і ўнука мае і Радзім Гарэцкі. Яны ўсе ў Мінску.
У сям’і Гарэцкіх з асаблівым піетэтам заўсёды ставіліся да Максіма. А Гаўрыла, слушна адзначана ў кнізе, «рабіў усё, што мог, для вяртання спадчыны брата», рабіў шмат, бескарысліва, часам ахвяруючы для гэтага немалыя ўласныя сродкі. І заўсёды радаваўся, калі выходзілі яго творы ці публікацыі пра жыццё і творчасць Максіма. Сябе самога Гаўрыла Іванавіч увекавечыць праз друк пра яго не імкнуўся ніколі.
Читать дальше