Вывад: кніга пра братоў Гарэцкіх — з’ява далёка не радавая. Яна з тых павучальных у сваёй багатай змястоўнасці прац, якія трэба чытаць і перачытваць.
2007 г.
СТАРОНКА НЕВЯСЁЛЫХ УСПАМІНАЎ
У вялікім аўтабіяграфічным нарысе «Жыццём ідучы...» («Полымя», 1995, № 11 — 12) я ўжо прыгадваў сваё выступленне на вучоным савеце філфака БДУ восенню 1967 года з рэзкай крытыкай той занядбанасці роднага слова, якая ўжо тады была відавочнай, хоць афіцыйна сцвярджалася, што ўлады на ўсіх узроўнях дужа клапоцяцца пра развіццё нацыянальных моў у савецкай краіне, у тым ліку мовы беларускай. Але на самой справе яе становішча было незайздросным. Роднае слова не шанавалі і ў БДУ. Бо і тут выкладанне вялося па-руску нават на беларускім аддзяленні філфака, дзе па-беларуску чыталіся толькі курсы роднай мовы і літаратуры.
За тое выступленне мяне шмат лупцавалі. Але на працы я ўтрымаўся дзякуючы энергічнаму заступніцтву філфакаўскіх калег — І. Навуменкі, А. Лойкі, П. Шубы, Ф. Куляшова — і памяркоўнасці тагачаснага рэктара БДУ А. Н. Сеўчанкі, які збіраўся мяне звальняць, а потым вырашыў асабіста пагутарыць з маладым бунтаўніком. Для гутаркі ён прыйшоў на філфак, уважліва выслухаў мае тлумачэнні па ўсіх пунктах абвінавачанняў, якія мне тады прад’яўляліся афіцыёзнымі артадоксамі (часта зусім беспадстаўна, па хлуслівай інфармацыі нядобразычліўцаў), і перамяніў гнеў на міласць: не толькі не звольніў у 1967 годзе, але і пры чарговым перавыбранні па конкурсе падтрымліваў маю кандыдатуру.
Яшчэ адну спробу публічнай абароны роднай мовы я зрабіў ужо ў так званыя перабудовачныя гарбачоўскія часы. Маю на ўвазе сваё выступленне ў Мінскім гаркоме партыі — на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага выкладанню беларускай мовы. Адбывалася тое пасяджэнне 11 красавіка 1988 года. Тэкст гэтага выступлення я некалькі разоў спрабаваў прабіць у друк. Было цвёрдае абяцанне даць публікацыю ў «Вячэрнім Мінску». Але і яно аказалася падманным, хаця закранаў я пераважна моўныя праблемы, а на галоўныя асновы бальшавіцкай палітыкі не замахваўся і ўвогуле ў цэлым трымаўся тагачаснага ідэалагічнага рэчышча.
Падаю гэты неапублікаваны, не пушчаны ў друк і пры гарбачоўскай галоснасці тэкст без паправак і скарачэнняў.
Перада мною выступала настаўніца, выкладчыца беларускай мовы, дарэчы, наша выпускніца, і казала, што родная мова ў нас зведзена да становішча замежнай. Гэта не зусім так. На самой справе беларуская мова ў нас у рэспубліцы знаходзіцца ў горшым становішчы, чым замежная. Бо замежная мова ў нашых школах вывучаецца ў абавязковым парадку. Гэта значыць, што ніякія бацькі не могуць вызваліць нядбалую дачку або лянівага сына ад вывучэння замежнай мовы. А вось ад вывучэння беларускай мовы вызваляць можна. Можна самім беларусам, можна тым, хто пастаянна жыве ў Беларусі. Дастаткова толькі захацець, падаць заяву. З гэтага і пачаліся галоўныя беды нашай мовы, тое, што яна стала ўсё больш актыўна выцясняцца з розных сфер ужытку, траціць свой важны грамадскі статус.
Часта даводзіцца чуць, што гэта аб’ектыўны працэс, так склалася гістарычна і г. д. Але ў грамадстве, як і ў жыцці ўвогуле, нічога само сабой не адбываецца, ва ўсякім разе, кажучы коласаўскімі словамі, «на ўсё ёсць прычына». Грамадскія працэсы таксама накіроўваюцца намаганнямі людзей. І калі мы дайшлі да таго катастрафічнага стану, які наша мова мае сёння, дык у гэтым вінаваты людзі, якія адказвалі за ідэалагічныя працэсы, вінаваты ўсе мы, бо рабілася гэта на нашых вачах, пры нашай пасіўнасці, нашай абыякавасці, нашай палахлівай перастраховачнасці. А яны, тыя пасіўнасць і перастраховачнасць, таксама не з неба зваліліся, яны таксама абумоўлены многімі прычынамі, у тым ліку масавымі рэпрэсіямі культаўскіх часоў, рэпрэсіямі, якія бязлітасна вынішчалі цэлыя пакаленні нацыянальнай інтэлігенцыі, бо тады многім заўзятым барацьбітам з нацыянальнай культурай нацыяналізм мроіўся ледзь не ў кожным беларускім слове, у самой павазе да ўсяго беларускага, свайго, роднага, хоць яшчэ Энгельс пісаў: «Нацыі абавязаны быць нацыянальнымі... Яны больш за ўсё інтэрнацыянальныя іменна тады, калі яны сапраўды нацыянальныя».
Ды вярнуся да гаворкі аб вызваленні ад навучання беларускай мове ў беларускай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы. Закон, па якому дазваляецца гэта рабіць, мы або няправільна тлумачым, або няправільны ён сам, заганны ў сваёй галоўнай сутнасці. Дарэчы, беларускія пісьменнікі адкрыта гавораць пра гэта даўно, прынамсі яшчэ з пачатку 1970-х гадоў. Я, напрыклад, помню адну тагачасную нараду па ідэалагічных праблемах ЦК КПБ, на якой з бліскучымі, выдатна аргументаванымі прамовамі выступалі Іван Мележ, Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін. Яны слушна звярталі ўвагу на тое, што становішча з беларускай мовай у рэспубліцы трэба рашуча змяніць. І пачынаць трэба з хадайніцтва аб пераглядзе таго валюнтарысцкім шляхам прынятага і недастаткова прадуманага закона аб «вызваленні». Час паказаў, наколькі мелі рацыю нашы пісьменнікі. Але практычна тады мала што было зменена, хоць нейкія абяцанні і даваліся. Дык трэба мяняць цяпер. Трэба з такім хадайніцтвам выходзіць у адпаведныя агульнасаюзныя інстанцыі.
Читать дальше