У ягоным роздуме пра нацыянальнае адраджэнне ёсць нямала горычы, трывогі за беларускую будучыню, бо ён добра бачыць, як хутка асіміліруюцца беларусы і ў самой рэспубліцы, і на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза, у так званым блізкім замежжы. Але надзея ўсё ж не пакідае вучонага. «Пакуль агонь беларускай нацыянальнай ідэі будзе гарэць у сэрцах беларусаў, пакуль наш розум будзе імкнуцца здзейсніць мару пра дзяржаўнасць Беларуси пакуль будзем любіць і шанаваць нашу Бацькаўшчыну, пакуль не пакінем матчыну мову, не здрадзім ёй, не адарвемся, як той Антэй, ад роднай зямелькі нашай, датуль Беларусь будзе непераможнай, датуль будзе жыць беларускі народ», — упэўнена заяўляе Радзім Гарэцкі, выяўляючы перш за ўсё меру ўласнага патрыятызму.
Гаварылася гэта ў 1995 годзе. З тых пор шмат што для нас змянілася ў горшы бок, беларускае адраджэнне сутыкнулася з новымі вялікімі цяжкасцямі, знарок створанымі ўладнымі структурамі, якія цяпер вядуць актыўны наступ на беларушчыну па многіх лініях. Але хочацца спадзявацца, што ўсё ж мы выстаім, што яўнае і трохі прыкрытае, а таму яшчэ больш небяспечнае афіцыйнае супрацьдзеянне подыхам беларускасці ўрэшце выкліча адваротны эфект, пашырыць рады прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, свядомых барацьбітоў за яго натуральны ход.
Лёс самога Радзіма Гарэцкага пераконвае, што такое магчыма. Здолеў жа ён стаць ва ўсіх адносінах выдатным беларусам у зусім неспрыяльных для гэтага ўмовах. У трохгадовым узросце ён апынуўся за межамі Беларусі і вярнуўся на радзіму толькі праз чатыры дзесяцігоддзі. Прыклад бацькоў? Вядома, ён меў вялікае значэнне, але болш ардынарнага чалавека мог і напалохаць. Радзім Гаўрылавіч не спалохаўся. Вось што кажа ён сам пра тыя цяжкасці, якія пераадолеў на шляху да беларускасці: «Маці і бацька, дзе б яны ні былі, заўсёды размаўлялі паміж сабой па-беларуску. Але бацька быў рэдка з намі: то турма, то вайна, то камандзіроўкі разлучалі нас. Дзядуля і бабуля (па маці) хоць і беларусы, з Беласточчыны, але гаварылі па-руску. А менавіта яны мяне гадавалі, бо я жыў больш з імі». Вучыцца давялося ва ўстановах, з Беларуссю не звязаных. Адных школ ён памяняў ажно 13. І былі яны зноў жа не ў Беларусі, а ў Коле і ў Туломе, Мядзведжай Гары і ў Рыбінску, Запарожжы і ў Салікамску, Чусавым і Чкалаўску ды іншых гарадах і пасёлках. Значыць, вельмі многае залежыць не толькі ад абставін, але і ад самога чалавека, ад яго характару, волі, мужнасці, сумлення, мэтанакіраванасці. Гэтыя рысы збліжаюць, лучаць Радзіма Гарэцкага з ягонымі продкамі, асабліва з дзядзькам Максімам і бацькам, справу якога ён прадаўжае і на адраджэнскай і на навуковай ніве. Як і бацька, ён стаў выдатным спецыялістам, прызнаным вучоным у галіне геалогіі, дасягнуў тут, здаецца, усіх магчымых вышынь. Афіцыйнае прызнанне яго выдатных навуковых дасягненняў — Дзяржаўныя прэміі СССР і БССР, званне акадэміка НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук.
Пра маштаб яго навуковых спраў мовай канкрэтных фактаў і лічбаў гаворыць кніга «Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі» з падзагалоўкам «Бібліяграфія». Памер гэтай кнігі — 90 з лішнім старонак. Праўда, тут не толькі даецца спіс навуковых, навукова-папулярных і літаратурных прац акадэміка, але і прыводзяцца звесткі пра яго жыццёвы шлях, грамадскую і педагагічную дзейнасць. Аднак жа і саміх прац набіраецца больш за 700. Зайздросная прадуктыўнасць!
Словам, аўтарытэт у Радзіма Гарэцкага вялікі і сапраўдны, вядомасць міжнародная, што пацвярджаецца і ягоным выбраннем на пасаду прэзідэнта згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».На гэтым можна было б і закончыць размову пра выдатны род Гарэцкіх, радуючыся, што і сярод беларусаў не звяліся ўнікальныя таленты. Аднак радасць трохі прыглушае адна не вельмі вясёлая акалічнасць. Першая з разгледжаных кніг мае тыраж 1600 экзэмпляраў. Вядома, малавата, але па сённяшніх часах яшчэ сяк-так. Зборнік жа «Шляхам адраджэння» выдадзены ў колькасці ўсяго 250 экзэмпляраў. Проста мізэр! А разлічана выданне, паводле анатацыі, на шырокае кола чытачоў. Трэцяя кніга ўвогуле мае толькі 150 паасобнікаў. Ёсць над чым задумацца энтузіястам беларускага адраджэння.
1999 г.
КНІГА ПРА БРАТОЎ ГАРЭЦКІХ
(прадмова да кнігі Р. Гарэцкага «Браты Гарэцкія»)
У гісторыі шэрагу народаў выдатную ролю адыгралі асобныя славутыя роды. Гонарам Беларусі ў ХХ стагоддзі сталі Янка Купала з жонкай Уладзіславай Францаўнай, Якуб Колас са сваім шматлікім атачэннем і, вядома ж, Гарэцкія, род разгалінаваны, які ўпэўнена сягнуў у ХХІ стагоддзе. У яго вельмі моцныя жыццёвыя карані і магутны маральна-этычны патэнцыял. Некаторыя з самых старэйшых Гарэцкіх жылі да 100 і больш (115) гадоў
Читать дальше