У гэтай сувязі хачу спецыяльна падкрэсліць, што, змагаючыся за паўнапраўнае існаванне беларускай мовы, мы нічога не маем і не можам мець супраць мовы рускай. Бо вялікая руская мова — гэта мова міжнацыянальных зносін у нашай краіне, мова нашага братэрства, дружбы народаў савецкай краіны. Яна выводзіць нас у вялікі свет. І без дасканалага ведання ніхто з нас абысціся не можа. Але праўда і тое, што ў нас на Беларусі рускай мове нішто не пагражае. А вось становішча з мовай беларускай трэба рашуча мяняць, мяняць карэнным чынам. Бо сёння нам яшчэ даводзіцца даказваць і тое, што па-беларуску можна выкладаць любы школьны прадмет. Я вучыўся ў школе ў даваенныя часы (скончыў да вайны пяць класаў) і ў пасляваенны перыяд. У нас школа была беларуская. І ніякіх цяжкасцей з той жа спецыяльнай тэрміналогіяй мы не мелі, бо былі падручнікі на беларускай мове па ўсіх прадметах, вядома, акрамя рускай мовы і замежнай. Выдалі ж у нас, калі захацелі, і энцыклапедыю на беларускай мове. І нічога сабе. Чытаецца. Гучыць і там беларускае слова. Дык трэба, каб яно гучала і ва ўсіх сферах нашага жыцця. Трэба, вядома, калі мы сапраўды хочам захаваць сваю нацыю, сваю культуру, мець будучыню як славянскі народ, родны брат вялікага рускага народа, народа ўкраінскага, добры сябра іншых народаў савецкай краіны і ўсяго свету.
І давайце не будзем баяцца абвінавачанняў у нацыяналізме, якім палохаюць многіх яшчэ і сёння, хоць сёння палохацца, здаецца, падстаў няма. Давайце будзем памятаць, што нацыяналізм — гэта не тое, што завецца любоўю да ўсяго роднага, краю, народа, мовы. Нацыяналізм пачынаецца тады, калі абвяшчаюць: толькі мая нацыя вартая, толькі яна найлепшая. А ўсе астатнія — гэта так сабе. Яны і грэшныя ва ўсім, іх за людзей можна асабліва не лічыць. Беларусам у масе іхняй, беларусам як нацыі (пра асобныя выключэнні гаварыць не буду, яны заўсёды магчымыя) такая пагардлівасць, здаецца, менш за ўсё ўласцівая. Наадварот, нам найбольш шкодзіць нацыянальны нігілізм, прыніжэнне сваёй нацыі, непавага да саміх сябе, тое, што Іван Мележ называў лакейскім нацыяналізмам. Калі мы хочам перабудоўвацца па-сапраўднаму, у духу ленінскага разумення нацыянальных і ўсіх іншых праблем, дык трэба нам весці рашучую барацьбу і з гэтым прыніжэннем, з гэтым лакейскім нацыяналізмам. Зрухі ў гэтым напрамку цяпер адбываюцца. Яны адчуваюцца і ў большай цікавасці да нацыянальнай гісторыі, занядбанай у нас асабліва, хоць добра вядома, што «нацыя, якая грэбуе сваёй гісторыяй, ставіць пад сумненне і сваю будучыню» (М. С. Гарбачоў).
Ды яшчэ і Пушкін падкрэсліваў: «Павага да мінулага — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікасці». І толькі, па яго ж словах, «дзікасць, подласць і невуцтва не паважаюць мінулага». Дык дзякуй Богу і добраму часу, што ўжо і мы з пэўнай павагай загаварылі пра сваю гісторыю. Сталі мы адкрыта абмяркоўваць і моўную праблему. Сённяшняя наша нарада (ці круглы стол) — таксама добры паказчык у гэтых адносінах. Яна таксама абнадзейвае, бо калі партыйныя кіраўнікі сур’ёзна бяруцца за нешта, за вырашэнне нейкай праблемы, дык гэта заўсёды добры знак. Вядома, калі і ўсе мы праявім належны клопат. Энтузіязм і ўстурбаванасць, з якімі тут падымаліся многія праблемы выкладання беларускай мовы ў школе і ўвогуле гаварылася пра становішча беларускага слова ў нашай рэспубліцы, у нашым духоўным жыцці, дазваляюць спадзявацца на выхад з таго тупіковага стану, у якім наша мова апынулася.
А закончыць хачу адным уражаннем з паездкі ў Пінск на жнівеньскую нараду 1987 года. Я два дні слухаў настаўніцкія выступленні. Як звычайна, яны рабіліся на рускай мове, можа, за адным ці двума выключэннямі. Але вось у залу зайшлі малодшыя школьнікі, піянеры. І загаварылі па-беларуску. З энтузіязмам, натхненнем, задзірыстай галасістасцю і з малой колькасцю пагрэшнасцей супроць норм літаратурнага вымаўлення. Загаварылі з непрыдуманай любасцю, захопленасцю, жывым чалавечым хваляваннем. І я зразумеў, што будучыня ў нашай мовы, у беларусаў як народа, як нацыі ёсць, будзе, калі мы зноў не занядбаем выхаванне любасці да роднага слова, калі, тым больш, не будзем яму, гэтаму выхаванню, процідзейнічаць, як гэта рабілася цэлымі дзесяцігоддзямі валюнтарысцкіх і застойных ды культаўскіх часоў, а зробім усё для таго, каб з дзяцінства прывіваць нашай змене культуру патрыятызму і інтэрнацыяналізму, дзейсных толькі ў непарыўным адзінстве, натуральнай узаемасувязі, прывіваць павагу да свайго народа і да народаўбратоў, да ўсёй вялікай чалавечай супольнасці.
Читать дальше