І яшчэ на адну акалічнасць хачу звярнуць увагу. Прыпісаная мне няпраўда ў «Настаўніцкай газеце» разыходзіцца з пафасам маіх несфальсіфікаваных выступленняў у друку. Студэнты, якія вывучаюць гісторыю нашай літаратуры і крытыкі, пішуць дыпломныя работы, звяртаючыся і да газетных публікацый, напаткаўшы Аўрамчыкавы прыпіскі, маюць права западозрыць мяне ў непаслядоўнасці. А я тады стаў ахвярай журналісцкай самавольнасці. Як у той показцы: без мяне мяне жанілі.
2004 г.
БЫЦЬ САМІМ САБОЮ.
Адказы Дзмітрыя Бугаёва на пытанні Вольгі Куртаніч
1. Вам, як крытыку, даводзілася аналізаваць сутнасць ледзь не кожнага больш-менш значнага твора айчыннай літаратуры. Вашы назіранні: літаратура развівалася з падрэзанымі крыламі?
Так, наша літаратуры і ў дарэвалюцыйныя, і ў савецкія часы развівалася ў складаных умовах. Але яна нараджалася з патрэб народнага жыцця і так ці іначай гэтыя патрэбы адлюстроўвала. «З глыбінь жыватворчых народнага духу» (коласаўскі выраз) да літаратурнай творчасці ўздымаліся нашы вялікія класікі — Купала і Колас, Багдановіч і Гарэцкі, шматлікія прадаўжальнікі іх традыцый. А наконт «падрэзаных крылаў» будзе справядліва зазначыць, што нашым пісьменнікам часта не толькі падразалі крылы, але і здымалі галовы. Асабліва лютавалі ў гэтых адносінах бальшавікі, якія пазнімалі мудрыя галовы ў многіх выдатных пісьменнікаў, вынішчаючы найперш самых таленавітых з іх. Выключэнні былі вельмі рэдкімі. Але на змену знішчаным прыходзілі новыя. І літаратура ўсё ж выстаяла.
2. З вышыні вопыту: якія пачуцці ў Вас выклікае беларуская літаратура ХХ стагоддзя: расчараванне, сум, абыякавасць, гонар?
Наша літаратура ХХ стагоддзя выклікае ў мяне перш за ўсё гонар за тое, што яна ёсць. Самы моцны падмурак беларускай нацыянальнай культуры складала і складае побач з народнай творчасцю (факльклорам) менавіта літаратура. Дзякуючы ім яшчэ жыве ў нас нацыянальны дух. Даводзілася і расчароўвацца, назіраючы, як выдаваліся за сапраўдную літаратуру творы лакіровачныя, дагодліва-лакейскія, якія пісалі не толькі літаратурныя пасрэднасці, але і некаторыя таленавітыя аўтары з гнуткай спінай пры мажнай паставе. З сумам чыталіся творы бяздарныя. Абыякавасці ніколі не было. У мяне халерычны тэмперамент, актыўная эмацыянальная рэакцыя на ўсё, што здараецца ў жыцці і літаратуры. Таму абыякава ставіцца ні да чаго не магу. Кажуць, гэта шкодна для здароўя. Але ж занепакоенасць — вынаходства д’ябла. Не стану сцвярджаць, што д’ябал не падбіваў і мяне на розныя дурыкі (у побыце, у звычайных жыццёвых стасунках). Але ў стаўленні да літаратуры ад д’ябальшчыны я імкнуўся адкараскавацца, неяк адбівацца. Іншая справа — наколькі гэта ўдавалася. Тут відней збоку, а не самому сабе.
3. З вышыні ўзросту: што з напісанага за савецкім часам мае права на прыналежнасць да нацыянальнай літаратуры? Ці ёсць кнігі, што, умоўна кажучы, застануцца ў вечнасці?
Пра вечнасць і за яе гаварыць рызыкоўна. Тут вельмі лёгка памыліцца. Але я не сумняваюся, што ў нас ёсць творы, імёны творцаў, якія будуць жыць, пакуль застануцца ў свеце беларусы. У савецкія часы насуперак ўсякаму ціску нараджалася магутная творчасць Васіля Быкава, які для майго пакалення стаў знакавай фігурай № 1. А яшчэ ж да яго за савецкім часам у пакутах, у блуканнях ад ссылак да турэмных камер нараджаліся выдатныя творы Максіма Гарэцкага. Ды былі ў нас яшчэ Кандрат Крапіва і Кузьма Чорны, Іван Мележ і Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў і Максім Танк, Пімен Панчанка і Яўгенія Янішчыц, мой добры сябра Іван Чыгрынаў і цэлы шэраг іншых неардынарных пісьменнікаў. На поўную сілу творыць і цяпер Янка Брыль. Яны не толькі належаць да нацыянальнай літаратуры, але і складаюць яе гонар, хоць некаторыя з гэтых выдатных творцаў мусілі пісаць і рэчы ангажаваныя, з відавочным праслаўленнем сталіншчыны, савецкага таталітарызму. Такія накладкі, відаць, непазбежныя для пісьменнікаў, вымушаных працаваць ва ўмовах несвабоды. Але гістарычны вопыт паказвае, што цалкам заціснуць культуру, мастацтва, літаратуру не ўдаецца ніводнаму тырану.
4. Вы аўтар фундаментальных прац пра творчасць многіх літаратараў. Што, акрамя мовы, у іх творчасці было агульным, што яднала гэтых людзей?
Я не стаў бы называць свае кнігі фундаментальнымі. Якраз за фундаментальнасцю не гнаўся ніколі. Мне здавалася, што трэба імкнуцца да іншага, пісаць так, каб і крытычныя, літаратуразнаўчыя працы чыталіся без натугі, прымусу, а, наадварот, з цікавасцю. Гэтая ўстаноўка на эмацыянальны кантакт з чытачом для мяне была вельмі істотнай. Пісаў я пераважна пра пісьменнікаў выдатных ці па меншай меры добрых. Усіх іх яднала тое, што я вынес у загаловак сваёй кнігі «Служэнне Беларусі» (выйшла ў 2003 годзе ў «Мастацкай літаратуры»). Гэта служэнне, любоў да Бацькаўшчыны яднае не толькі пісьменнікаў, якія жылі і яшчэ жывуць у Беларусі, але і прадстаўнікоў дыяспары, тых, каго мы адносілі да эмігранцкай літаратуры. Людзі з супрацьлеглымі ідэалагічнымі поглядамі менавіта па гэтай прыкмеце (імкненне служыць Бацькаўшчыне, любоў да Беларусі) збліжаюцца трывала і надзейна. М. Танк і Н. Арсеннева, прававерны А. Куляшоў і Л. Геніюш з яе непрыманнем савецкіх парадкаў тут ідуць поруч як прадстаўнікі аднаго народа, адной нацыі.
Читать дальше