19-га сакавіка. “Звязда” апублікавала “навуковае даследаванне” Я. Мальца пад грознай назвай: “Вядзьмак! Рукі ўгору!” Змешчаны і меркаванні паэтаў наконт аўтарства “Лысай гары”. Р. Б. са скуры лезе — што гэта фальклор і шукаць аўтара не трэба. І ўжо больш умерана ацэньвае паэму. У свой час выдаў па вышэйшаму разраду. Цяпер, відаць, пачалі адкрывацца вочы на сапраўднага аўтара, а гэта для яго крайне непажадана; вось і хапаецца — то за Звонака, то за фальклор, — абы адвесці ўбок ад ісціны. Ах, дарагі-шаноўны калега, давядзецца ўсё-такі прызнаць аднойчы! Ты ж не такі наіўны і бездапаможны “чытач” паэзіі, каб услед за некаторымі аддаць аўтарства “Сказа” беднаму Колю Якаўлевічу. К. Якаўлевічу хопіць і таго гонару, што быў першым слухачом і першым “рагатуном” (калі я чытаў яму чарговы кавалак), і што па маёй просьбе перадрукаваў і разаслаў паэму па назначаных мною адрасах. Дзякаваць яму і за “пастаўку” некаторых фактаў з жыцця-быцця лысагорцаў (асабліва наконт будаўніцтва і дабывання гною), але ў гэтым яго заслугі перабольшваць не трэба, бо ў той час усё “лысагорскае” было ў пісьменніцкім асяроддзі на слыху.
Вечарам быў на прыёме ў пасла ЗША, пазнаёміўся з ім асабіста і некалькі хвілін пакарыстаўся — tet-a-tet — яго ўвагай, каб выказаць свае думкі наконт 1) грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, 2) нашага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і культуры.
21-га сакавіка. Заходзіў, па маёй просьбе, У.М. Конан. Выказаў яму свае заўвагі па прадмове да Збору твораў Ніла Гілевіча. Іх зусім не шмат, галоўнае — дадаць у канцы пра апошнія мае кнігі паэзіі і публіцыстыкі. Прадмова выдатная. Упершыню — бачу тую глыбіню і маштабнасць, з прывязкай да вялікага свету паэзіі і культуры, чаго мне так неставала ў артыкулах і рэцэнзіях пра кнігі Н.Г.
Падарыў Конану “Звязду” з вершамі пра “новаабраных акадэмікаў” — ён не выпісвае і не чытаў. Успрыняў спакойна, хоць я ведаю, як ён абураецца тым фактам, што беларуская Акадэмія Навук — не беларуская.
22-га сакавіка. Зранку — на ўстаноўчым з’ездзе ТБШ. Падрыхтаваны з’езд вельмі слаба. І ў праекце Статута нямала недарэчнасцяў. Давялося ўзяць удзел у спрэчках і зрабіць сякія-такія прапановы (не захапляцца ганаровымі тытуламі, помніць пра галоўнае — бараніць беларускую школу). Вечарам — на выставе М.М. Купавы да яго 50-годдзя. Таксама прыйшлося выступіць — пахваліць гэтага апантанага рупліўца на ніве беларускага Адраджэння.
24-га сакавіка. Вялікі дзень у сучаснай гісторыі Беларусі. Такога беларускага свята, як сёння каля Опернага, ніколі яшчэ я не бачыў: такога шматлюднага, такога ўрачыстага, такога прыгожага. Дзясяткі тысяч усхваляваных людзей, сотні бел-чырвона-белых палотнішчаў над галовамі — на вясновым сонцы, на веснім ветры! Перажыў хвіліны сапраўднага шчасця. І ганаруся, што і мне было дадзена слова, і што так удзячна людзі слухалі верш “Не падайце духам, хлопцы!” Многія шчыра віншавалі і паціскалі горача руку.
Усё ганебнае гадства, якое адбылося на вуліцах Мінска пасля мітынгу, — нішто ў параўнанні з веліччу Свята Дня Волі ў гонар 78-й гадавіны БНР.
25-га сакавіка. Быў на выставе суполкі “Пагоня”. Шмат выдатных твораў. Гідам быў у мяне А. Марачкін. Асабліва шмат народу таўпілася каля чучала Гэнага. На ўрачыстым адкрыцці выставы нікога з афіцыйных асоб не было. Маё прывітальнае слова было працягам учарашняга, сказанага на свяце. Выступіў і Васіль Быкаў. Між іншым, учора, каля Опернага, яго не было.
26-га сакавіка. У Акадэміі мастацтваў, у Шаранговіча на спектаклі студэнцкага тэатра — выпускнікоў гэтага года. “Мальер” М. Булгакава. Выдатная п’еса і таленавіта пастаўлена. Але — чаму на расейскай мове? Хіба не знайшоўся б перакладчык? Нават з ліку саміх студэнтаў? Аказваецца, і другі спектакль (іх усяго два) таксама на расейскай. І гэта — у Васіля Шаранговіча! І ён не можа даць рады! “Так захацелі выкладчыкі-рэжысёры”. Дык і што ж гэта такое? І дакуль гэта будзе цягнуцца? На жаль, сябра В. П. нічога пэўнага на маё здзіўленне не адказаў.
27-га сакавіка. Дзіўнае дзіва! Звоніць В.А. Вільтоўскі і кажа: купіў Вашых “Родных дзяцей”, другое выданне, хацеў бы ўзяць аўтограф… А я — нічога не ведаю. Дзён пяць назад бачыў Шупеньку, хацеў спытаць — пасаромеўся… Чаму ён не сказаў мне, што кніга выйшла? Не разумею! Я ж столькі яе чакаў!.. Ну, але Бог з ім і з імі! “Родныя” прыйшлі да чытача — да беларускага, спадзяюся. Да беларускага!
28-га сакавіка. Вечар берасцейцаў у Доме Літаратара. Вядома ж, узяў слова і я. Наўмысна — дзеля Ніны Мацяш і яе сяброў з Белаазёрска (як Г. Скарына). На самай справе, берасцейскі гурт сёння ў нашай літаратуры — калі гаварыць аб “правінцыі” — бадай ці не самы магутны.
Читать дальше