24-га студзеня. Саюз пісьменнікаў наладзіў невялікае застолле Янку Сіпакову ў гонар яго юбілею. Тост — разгорнуты, бо рыхтаваўся выступаць на ўрачыстым пасяджэнні ў зале, — сказаў і я. Усё было добра, але… У кабінеце, дзе сядзелі, паявіўся паэт-скандаліст Сыс і пачаў хаміць. Кончылася тым, што празаік Ягоўдзік, не стрываўшы, расквасіў да крыві паэту Сысу нюхаўку. Такім стаў наш сяброўскі юбілейны вечар. Саюза пісьменнікаў — не пазнаць.
Сядзеў каля нібыта сяброў, а думаў пра сваю адзіноту. Я ўжо даўно чуюся адзінокім… Добра, што прыходзяць ад беларусаў лісты — з выказам падтрымкі, павагі і любові.
Дадому ішлі пешкі з Брылём, як і шмат разоў дагэтуль. Гутарылі шчыра, даверліва. З ім можна! Пра што? А ўсё пра тое ж: куды мы, беларусы, коцімся, і што нам рабіць.
25-га студзеня. А 14-й — у Доме Літаратара, на сустрэчы з выдаўцамі Беласточчыны (выдаюць канфесійную літаратуру). Пасля Бутэвіча і Брыля далі слова і мне. Гаварыў пра неабходнасць духоўнага адраджэння як часткі агульнага нацыянальнага адраджэння Беларусі.
У канцы дня быў на вечарыне Г. Юрчанкі як парадыста. Пайшоў знарок для таго, каб сказаць добрае слова пра Юрчанку-лексікографа, пра яго слоўнікі жывой беларускай мовы. Пахваліў і яго пародыі, але — толькі празаічныя, якія трымаюцца на выкарыстанні дыялектнай і жаргоннай лексікі.
29-га студзеня. А 15-й гадзіне — сустрэча чытачоў з паэтам Н. Гілевічам у Музеі Янкі Купалы. Аўдыторыя — гімназісты. Вялі сустрэчу супрацоўніца Музея Людміла Сцяпанаўна і Вячаслаў Рагойша. Гаварылі добра, асабліва Вячаслаў Пятровіч. Гучалі песні на вершы Н.Г. Хораша глядзіцца і выстава, прысвечаная Н.Г. І аднак жа, і ўсё ж!.. Сёння я настроены на іншую публіку, на іншы ўзровень размовы, — не на вучнёўска-школьны, які мяне проста стамляе. Хоць і разумею, што гэты ўзровень у нашых літаратурных музеях — тыповы.
30-га студзеня. Да абеду — на выставе рэдкай кнігі ў Беларускім універсітэце культуры. На ўрачыстасці была рэктар Я.Д. Грыгаровіч — ці не самы беларускі сёння рэктар у ВНУ Беларусі? Былі прамовы, сёе-тое сказаў і я — пра мудры курс, якім ідзе Універсітэт Культуры. Бібліятэцы ўніверсітэта я перадаў на той урачыстасці некаторыя даўнія і рэдкія выданні.
31-га студзеня. Цэлы дзень — у санаторнай школе-інтэрнаце для чарнобыльскіх дзяцей у Уздзе (па просьбе дырэктара школы Людмілы Іванаўны, колішняй маёй студэнткі). Сустрэча — незабыўная. Як слухалі, як успрымалі казанае мною дзеці! Як гэта ім патрэбна! Утоеная да сёння ад мяне другая мэта сустрэчы — каб я “выбіў” для школы ў Кеніка 200 мільёнаў на басейн і іншае водалячэнне. Буду выбіваць. Заўтра ж арганізую ліст Кеніку ад дзвюх Камісій Вярхоўнага Савета — за подпісам старшынь. Гэта — галоўнае. Ад сябе напішу Кеніку асобна.
2-га лютага. На вечары 75-годдзя выдавецтва “Беларусь” (дзе на маё здзіўленне, я быў названы першым у ліку ганаровых гасцей) генеральны дырэктар паліграфкамбіната Германаў В. І. паабяцаў запусціць на “машыну” маю кнігу “Любоў прасветлая”. Няўжо пашанцуе? Гэтая кніга — калі выйдзе — напэўна прадоўжыць мне жыццё.
5-га лютага. Быў на рэдкалегіі “Нашага слова”. Неймаверна горка і цяжка! Газету рабіць няма каму — тры чалавекі б’юцца, як рыба аб лёд. Хвала і гонар ім! — але колькі яшчэ ў такіх умовах яны будуць цягнуць? Пакутую ад уласнай бездапаможнасці, іду як старшыня ТБМ на ўсе разумныя прапановы. І робіцца страшна, што выданне можа спыніцца. А яно так патрэбна! Яно магло б стаць масавай трыбунай у справе нацыянальнага адраджэння Беларусі. Ёсць што чытаць у газеце, і досыць прафесіянальна робіцца, а наклад — пáдае і пáдае.
6-га лютага. Сёння развіталіся са Звонакам. Праз тыдзень яму споўнілася б 89. Старэйшы сярод старэйшын. У яго да мяне былі вельмі паважлівыя адносіны, асабліва пасля таго, як мне ўдалося “выбіць” яму годнасць Заслужанага дзеяча культуры, а ўслед — і Лаўрэата дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Ва ўзросце пасля васьмідзесяці былому “ворагу народа” гэта было вялікай маральнай падтрымкай. І ён не хаваў гэтага. І шчыра радаваўся, калі я да яго заходзіў дадому (на жаль, вельмі рэдка). Ён умеў быць удзячным. З усіх “дзядоў” трымаўся найбольш годна — без мітусні.
8-га лютага. Закончыў артыкул для “Звязды” — “Усё будзе залежыць ад таго, ці загаворыць у нас пачуццё годнасці і сораму”. Праграмны. З тэзамі, якія не спадабаюцца імпершавіністам, — гэта само сабою, але і з тэзамі, ад якіх злосна чмыхнуць “дэмакраты”. Ды мне ўжо не прывыкаць. Хай чмыхаюць!..
Читать дальше