1 ...6 7 8 10 11 12 ...31 У некаторых вёсках Сержпутоўскі сустракаў курныя хаты, якія абаграваліся дымам. Адну з такіх хат у вёсцы Церабілава Рэчыцкага павета этнограф апісаў у сваім дзённіку. Памеры хаты 6×6 аршынаў. Тры невялікія акенцы прапускаюць мала святла, таму ў хаце заўсёды цёмна. Добрую трэць памяшкання займае печ з палацямі. Вусце ў печы нізкае, перад ім адтуліна. Труба адсутнічае, дым выходзіць на вуліцу праз шырокія нізкія дзверы, увайсці праз якія можна толькі сагнуўшыся. Хата награваецца хутка, хутка і астуджваецца. Едкі пах дыму навекі пасяліўся ў лёгкіх чалавека, ва ўсіх порах дрэва, цэглы.
Вокны ў большасці дамоў былі невялікія, усяго ў чатыры шыбы, што тлумачылася беднасцю сялян, якія не мелі магчымасці купіць дарагое шкло. Нягледзячы на беднасць, людзі жылі паміж сабой дружна, дзверы іх хат не ведалі замкоў. У лепшым выпадку іх замянялі кручкі або закруткі.
Сустракаліся вёскі і багацейшыя за Круковічы, напрыклад вёска Дзяніскавічы, якая выцягнулася больш як на дзве вярсты. Дамы тут добрыя, крытыя саломай, вокны з вялікімі шыбамі і аканіцамі. На каньках большасці хат красаваліся выразаныя з дрэва пеўнікі.
А. Сержпутоўскі тлумачыў гэтую заможнасць тым, што акрамя земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся яшчэ паляваннем і рамізніцтвам [25] Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 562, с. 15.
.
Вынікі сваіх першых экспедыцый Сержпутоўскі абагульніў у этнаграфічным нарысе «Белорусы-полешуки (этнографический очерк). Постройки, занятия и поверья крестьян северной половины Мозырского и южной части Слуцкого уездов Минской губернии» [26] Там жа, ф. 1, воп. 2, спр. 574.
. Нарыс уключае ўводзіны і тры раздзелы. Ва ўводзінах даецца геаграфічная і гісторыка-бытавая характарыстыка даследаванай часткі Палесся.
У першым раздзеле – «Жилые и служебные постройки (строительство) и другие сооружения» – аўтар працы грунтоўна, з веданнем справы апісвае пасяленні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы палешукоў, ілюструе апісанне малюнкамі, чарцяжамі сядзіб, двароў многіх вёсак Мазырскага і Слуцкага паветаў. Расказваючы пра хаты і сядзібы багатых людзей з мноствам дапаможных і гаспадарчых пабудоў, ён кантрасна малюе бедную сялянскую хаціну, якая падслепаватымі вокнамі пазірае на вуліцу.
Падрабязна апісвае Сержпутоўскі планіроўку жылля, гаспадарчых памяшканняў – сянец, катухоў, свірнаў, дае высокую ацэнку майстэрству палешукоў, якія навучыліся будаваць дамы і гаспадарчыя памяшканні так, каб тыя ў дажджлівае лета не заліваліся вадой, каб грызуны не забіраліся ў свірны са збожжам, каб памяшканні добра вентыляваліся.
Гаворачы аб жывучасці старажытнага ўкладу, які захаваўся з-за ізаляванасці многіх палескіх вёсак ад знешняга свету, Сержпутоўскі ў той жа час адзначае пранікненне сюды капіталістычных адносін, што праявілася ў развіцці кааперацыі, таварнага абмену, у ажыўленні гандлю. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца прыклад арганізацыі кавальскай справы на Беларускім Палессі. Прафесія каваля лічылася на вёсцы адной з самых пачэсных і неабходных. Пагэтаму ўсёй грамадой узводзіўся будынак, дзе павінна была размяшчацца кузня, у складчыну набывалі неабходнае абсталяванне. Такім чынам, кузні з’яўляліся грамадскімі вытворчымі прадпрыемствамі. На сялянскіх сходах абмяркоўваліся кандыдатуры каваля – перавага аддавалася тым, хто валодаў большым майстэрствам, сілай, карыстаўся па вагай у сялян.
У ролі падручных каваля выступалі заказчыкі. Яны падносілі вугаль, жалеза, распальвалі горн, дапамагалі каваць. Расплачваліся за работу хлебам, мясам, соллю, гароднінай або па дамоўленасці працавалі пэўны час у гаспадарцы каваля.
Без дазволу сходу каваль не меў права абслугоўваць заказчыкаў з іншых населеных пунктаў. У адваротным выпадку яго маглі замяніць іншым.
Шмат месца адводзіць аўтар апісанню вырабу цэглы, будавання мастоў, перапраў, ёзаў [27] Ёз – збудаванне з жардзін, вецця, якімі палешукі перагароджвалі рэкі, каб перабірацца з аднаго берага на другі.
, што ва ўмовах непраходных балот мела важнае значэнне. «Дарогі тут непраходныя, – адзначае А. К. Сержпутоўскі. – Напрыклад, у Гаўрыльчыцы, Лугі, Гоцк, якія размешчаны на поўдні Слуцкага павета Мінскай губерні, можна праехаць на конях толькі зімой, калі замерзнуць балоты, сярод лета на валах, калі падсохнуць балоты» [28] Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 18.
. Але ж жыццёвыя абставіны прымушалі сялян карыстацца такімі пераправамі і вясной, і ўвосень, калі былі дажджы. «Страшна глядзець, – пісаў А. Сержпутоўскі, – калі жанчына з люлькай за плячыма, у якой ляжала дзіця, ідзе па такім мосце. Пад нагамі шуміць і бурліць вада, ёз хістаецца, калкі трашчаць, а маці з акамянелым выразам на твары нетаропка рухаецца наперад. Страшна. Міжволі думаецца, што вось адзін няправільны крок або рух і няшчасная жанчына разам з дзіцем апынецца ў віры. Сапраўды, няшчасныя выпадкі тут нярэдкія» [29] Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 82–83.
.
Читать дальше