1 ...7 8 9 11 12 13 ...31 У другім раздзеле, прысвечаным заняткам і промыслам палешукоў, апісваюцца спосабы і прыёмы земляробства, жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчыя прылады працы. Шмат месца ўдзяляецца збіранню лясных дароў, апрацоўцы льну і канапель, ткацтву, роспісу ганчарных вырабаў, бортніцтву, вырабу паясоў, папруг і г. д.
Не мог не спыніцца даследчык і на сацыяльных праблемах, якія хвалявалі сялян. Круглы год ад цямна да цямна працавалі яны на сваёй зямлі, палівалі яе потам, слязамі, але, нягледзячы на гэта, заставаліся беднымі. Неўрадлівая глеба, апрацоўка зямлі прымітыўнымі прыладамі не дазвалялі атрымліваць высокія ўраджаі.
Сяляне амаль ніколі не елі чыстага хлеба, змешвалі муку з дубовай карой, мякінай, пырнікам. Выручалі бульба, грэчка, проса, якія нядрэнна радзілі на мясцовых глебах, а таксама дары лясоў, балот, рэк – грыбы, журавіны, рыба. Праўда, і да гэтых астраўкоў выжывання цягнуліся прагныя рукі маючых уладу. Нягледзячы на адмену прыгоннага права ў Расіі, яшчэ ў пачатку XX ст. на Палессі захоўваліся элементы прыгонніцтва. Памешчыкі, буйныя арандатары, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія надзелы зямлі, лясныя ўгоддзі, дапускалі сялян да карыстання імі па ліцэнзіях за плату, выкарыстоўваючы так званае сервітутнае права. Сяляне ж лічылі землі, лясы, рэкі і вадаёмы «божым дарам», а таму не хацелі мірыцца з такім становішчам. Яны бунтавалі, сілай адбіралі ў эксплуататараў зямельныя і лясныя масівы.
З гневам гаворыць Сержпутоўскі пра безгаспадарчыя адносіны землеўладальнікаў да прыроды, у прыватнасці пра масавае знішчэнне лясоў, якое пачалося ў паслярэформенны час. На Палессе хлынула хваля лесапрамыславікоў, перакупшчыкаў, рабочых з розных куткоў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Пацягнуліся на заробкі і беларускія сяляне, пакідаючы свае гаспадаркі. За кароткі час дзялкі атрымалі велізарныя прыбыткі, а сяляне страцілі апошняе, асабліва пасля таго, як лясны бум пайшоў на спад. Лес знішчылі, вывезлі. Багацеі падаліся ў вялікія гарады, на адпачынак у заморскія краіны, сяляне ж вярнуліся ў свае запусцелыя гаспадаркі. Жыццё іх стала яшчэ больш цяжкім і невыносным. Выхад з такога становішча вучоны бачыць у карэнным пераўтварэнні гаспадарчага жыцця, хоць па вядомых прычынах не раскрывае шляхоў, якія павінны былі б выратаваць палешукоў ад непазбежнага вымірання.
Апісваючы цяжкае, поўнае гора і нягод жыццё палешукоў, Сержпутоўскі асабліва занепакоены становішчам жанчын. «На вядзенне дамашняй гаспадаркі і прыгатаванне ежы ў жанчын ідзе ўвесь час, – піша аўтар. – …Але гэта яшчэ не ўсё. Ёй трэба вырасціць лён, каноплі, прыгатаваць кудзелю, напрасці, наткаць і пашыць бялізну, прыгатаваць дамашняе сукно для верхняга адзення і г. д. Калі сюды аднесці нараджэнне дзяцей, хваробы і іншыя жыццёвыя нягоды, то трэба толькі здзіўляцца, як палеская жанчына выносіць такое жыццё і як асобныя з іх дажываюць да глыбокай старасці» [30] Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 574, с. 154–155.
.
Трэці раздзел нарыса Сержпутоўскі прысвяціў прымхам і забабонам палешукоў. У ім прыводзяцца апісанні «магічных» дзеянняў мясцовых ведзьмакоў, знахароў, шаптух. Многія назіранні лягуць пазней у аснову нарысаў і апавяданняў Аляксандра Казіміравіча.
Поспех першых экспедыцый Сержпутоўскага невыпадковы. У вывучэнні быту і культуры палешукоў дапамагла яму работа ў школе. Ужо тады ён назіраў за жыццём людзей, запісваў вусныя апавяданні, казкі, прымаўкі, заклёны, рабіў накіды чарцяжоў пабудоў, замалёўкі дамашняга побыту, вывучаў вопыт збіральніцкай дзейнасці іншых фалькларыстаў і этнографаў. Так, у 1893 г. на старонках часопіса «Этнографическое обозрение» друкаваліся нарысы аб жыцці сялян Віцебскай губерні М. Я. Нікіфароўскага. Дзякуючы ім шырокая грамадскасць Расіі змагла пазнаёміцца з жыццём і бытам беларускага сялянства, яго звычаямі, традыцыямі, культурай, вусна-паэтычнай творчасцю.
Вялікая цікавасць, якую праяўлялі да культуры, быту, умоў жыцця беларускага народа перадавыя людзі Расіі ў пачатку XX ст., была невыпадковай. Падзеі, звязаныя з развіццём капіталізму, з рэвалюцыяй 1905–1907 гг., знайшлі самы непасрэдны водгук у сэрцах беларусаў, садзейнічалі больш актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. Гэта з асаблівай сілай праявілася ў яго імкненні адстаяць правы на нацыянальную незалежнасць, карыстанне роднай мовай, літаратурай, культурай.
У гэты перыяд шырока разгарнулася работа па збіранні і вывучэнні народнай вусна-паэтычнай творчасці. Паўсюдна ствараюцца таварыствы і гурткі, ставіцца пытанне аб узнаўленні Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Побач з таварыствам па вывучэнні Магілёўскай губерні (існавала з 1902 г.) у 1912 г. пачынае работу Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Неўзабаве такія ж таварыствы ствараюцца ў Віцебску, Гомелі, Барысаве.
Читать дальше