Адзначаючы вялікі ўклад у сусветную фалькларыстыку прац названых вышэй збіральнікаў вусна-паэтычнай творчасці народа, варта заўважыць, што многія з іх з’яўляліся прадстаўнікамі міфалагічнай школы і прытрымліваліся думкі, што большасць сюжэтаў і вобразаў фальклорных твораў бяруць пачатак ад старажытных міфаў. Менавіта на такіх пазіцыях стаяў А. Кіркор. На самай жа справе міфалагічная школа не аказала істотнага ўплыву на дзейнасць беларускіх фалькларыстаў, як, дарэчы, і гістарычная школа. У большасці сваёй збіральнікі народнай творчасці імкнуліся да дакладных запісаў вусна-паэтычных твораў, звярталі ўвагу на старажытныя формы, часта ігнаруючы новыя з’явы і працэсы, якія адбываліся ў грамадстве. Прычыну таго, што ў фальклорных зборніках адсутнічалі сацыяльна вострыя ў ідэйных адносінах песні, казкі, легенды, прыказкі і прымаўкі, прыпеўкі, трэба шукаць і ў засіллі царскай цэнзуры. Вядома, нельга забываць і пра тое, што сяляне не заўсёды давяралі збіральнікам вуснай народнай творчасці і таму не расказвалі ім тэкстаў, у якіх высмейваліся цар, паны, царкоўнікі.
Вялікі ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і сусветнай фалькларыстыкі, этнаграфіі, мовазнаўства ўнёс наш славуты зямляк А. К. Сержпутоўскі.
Нарадзіўся Аляксандр Казіміравіч 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерні у беднай сялянскай сям’і. Нялёгкім было жыццё малазямельных сялян паслярэформеннай Беларусі. Яшчэ цяжэй даводзілася тым, хто наогул не меў зямлі. Да ліку такіх адносілася і сям’я будучага вучонага. Каб звесці канцы з канцамі, бацька Аляксандра вымушаны быў займацца сплавам лесу па палескіх рэках, працаваць на лесанарыхтоўках, вартаўніком. Сям’і прыйшлося пакінуць абжытае месца і пераехаць спачатку на хутар Дарагацішча, а затым у вёску Перавалокі (зараз Салігорскі раён).
Тут, у лясной глушы, і прайшлі дзіцячыя гады Аляксандра Сержпутоўскага. Пасля заканчэння ў 1880 г. Вызнянскага народнага вучылішча хлопец паспяхова здаў экзамены ў падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Аднак у прыёме яму адмовілі з-за слабага здароўя. Хаця здароўем Аляксандр не мог пахваліцца, але характар меў цвёрды. Праз год ён зноў прыехаў у Нясвіж і паступіў у семінарыю.
У 1884 г. Сержпутоўскі ў якасці настаўніка пераступіў парог Лучыцкага народнага вучылішча ў Мазырскім павеце. Крайняя галеча, норавы адсталай палескай вёскі напаўнялі сумам сэрца маладога настаўніка. Адзіную радасць прыносіла работа з дзецьмі, даследаванне быту і культуры мясцовага насельніцтва. Ён запісаў абрад Купалля ў вёсцы Заполле, вясельныя абрады – у вёсцы Лучыцы, замовы і праклёны, прымаўкі і прыказкі – у вёсцы Загалле. Багаты матэрыял для роздуму і асэнсавання існуючай рэчаіснасці давалі Сержпутоўскаму сустрэчы з простымі палешукамі. «Жывучы доўгі час на Палессі, – пісаў ён, – і маючы непасрэдныя зносіны з народам, мне давялося ўнікаць ва ўсе бакі яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры кожным зручным выпадку знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі» [21] Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 289, с. 2.
.
Малады настаўнік адчувае патрэбнасць расказаць людзям пра ўбачанае, перажытае. У 1891 г. у «Минских губернских ведомостях» з’яўляецца першая публікацыя А. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якой аўтар знаёміць чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, традыцыямі, заняткамі. Гаворачы аб той шкодзе, якую наносяць здароўю людзей лекары-самавукі, знахары, шаптухі, ён ставіць пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для вёскі – урачоў, аптэкараў, культасветнікаў, настаўнікаў. За час настаўніцтва на Мазыршчыне А. Сержпутоўскі надрукаваў у гэтай газеце звыш дваццаці артыкулаў.
У 1893 г. Сержпутоўскі пераязджае ў Мінск. Працуе пісарам у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, а затым у паштова-тэлеграфным ведамстве. Хоць у аўтабіяграфічнай даведцы А. К. Сержпутоўскага не ўказваюцца прычыны, якія прымусілі яго змяніць прафесію настаўніка на службу дробнага чыноўніка, думаецца, што не апошнюю ролю адыграла тут жаданне працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе і прысвяціць сябе вывучэнню быту, матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларускага народа.
У 1896 г. А. К. Сержпутоўскі становіцца жыхаром Санкт-Пецярбурга. Працу на Галоўпаштамце ён паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. У сшытку, дзе ён канспектаваў лекцыі вядомых вучоных, прафесараў Санкт-Пецярбургскага археалагічнага інстытута ў 1903–1904 гг., сустракаюцца запісы, як з дапамогай пластыліну і скульптурнага воску зрабіць злепак, як адрозніць арыгінал карціны ад копіі, адкуль і як адбываецца запазычанне слоў, у прыватнасці тэрмінаў. Як бачым, ужо тады Аляксандр Казіміравіч сур’ёзна рыхтаваўся да вялікай даследчай работы.
Читать дальше