Асобныя бакі збіральніцкай, навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскага разглядаліся ў свой час у працах В. К. Бандарчыка [1] Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мінск, 1964; Ён жа. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мінск, 1970; Ён жа. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мінск, 1972.
, І. К. Германовіча [2] Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы. Мінск, 1985. С. 83–93.
, Л. Р. Барага [3] Бараг Л. Р. Беларуская казка: пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969. С. 269.
, М. Я. Грынблата [4] Гринблат М. Я. Этнография и фольклористика в БССР за 30 лет // Наука в БССР за 30 лет. Минск, 1949. С. 503–518.
, К. П. Кабашнікава [5] Кабашнікаў К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мінск, 1968. С. 27.
, I. М. Лушчыцкага [6] Лушчыцкі І. М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палавіне XIX веку. Мінск, 1958. С. 367.
, М. Р. Ларчанкі [7] Ларчанка М. Р. На шляхах да рэалізму. Мінск, 1958. С. 231.
. Аднак большасць названых вышэй даследчыкаў выкарыстоўвалі матэрыялы Сержпутоўскага толькі ў сувязі з даследаваннем пэўных праблем і не разглядалі ролю вучонага ў развіцці беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі, не звярталіся да архіўных крыніц.
У апошняе дзесяцігоддзе з друку выйшлі кнігі «Палескі дзівасіл. Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі» (2005), «Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (2009), «Гняздоўе белых буслоў. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (2010), «Чароўны човен. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» (2012), якія раскрываюць збіральніцкую, навуковую, даследчую дзейнасць славутага беларускага вучонага.
У аснову працы, якая прапануецца ўвазе чытачоў, пакладзены зборнікі А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) і іншыя яго фалькларыстычныя, этнаграфічныя, літаратурныя, мовазнаўчыя працы, а таксама матэрыялы, прыцягнутыя да вывучэння з забытых кніг, часопісаў, газет. Акрамя таго, у архіве Расійскага этнаграфічнага музея (РЭМ), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве, навуковым архіве Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), архіве Акадэміі навук Расіі, архівах Дзяржаўнага Рускага музея, Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом), Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, рукапісных аддзелах Дзяржаўнай бібліятэкі Расіі, навуковых бібліятэках і архівах Рэспублікі Беларусь, Літвы і іншых краін аўтарам гэтай працы знойдзены і ўпершыню ўведзены ў навуковы абарот шэраг матэрыялаў, якія асвятляюць шматгранную дзейнасць А. К. Сержпутоўскага, раскрываюць значэнне яго навуковай спадчыны.
У кнізе выкарыстаны таксама назіранні і запісы, зробленыя аўтарам у час экспедыцыйных паездак па месцах, дзе некалі запісваў народныя творы А. К. Сержпутоўскі.
Пачатак жыццёвага шляху Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага супаў з важнымі падзеямі ў палітычным жыцці Расіі і Беларусі. Зыходным момантам іх можна лічыць адмену прыгоннага права ў 1861 г., хоць «вызваленне» сялян на самай справе аказалася звычайным падманам: фармальна яны атрымалі свабоду, але зямля па-ранейшаму заставалася ва ўласнасці памешчыкаў, а тыя невялікія надзелы, што перайшлі да сялян, не маглі пракарміць іх сем’і. Даводзілася ва ўмовах цяжкіх кабальных адпрацовак, якія нічым не адрозніваліся ад паншчыны, арандаваць зямлю ў памешчыкаў.
У беларускай вёсцы імкліва расла колькасць сялян, якія разарыліся і вялі жабрацкае паўгалоднае існаванне. У многіх месцах незадаволенасць людзей прыводзіла да прамога непадпарадкавання ўладам. Яны адмаўляліся плаціць аброк, адпрацоўваць паншчыну, сілай захоплівалі землі памешчыкаў, вадапоі. Толькі ў першай палове 1862 г. у Беларусі было зарэгістравана звыш 300 выступленняў сялян. А ўсяго за 16 гадоў (1864–1880) тут адбыліся 132 сялянскія выступленні. Яны падаўляліся ўзброенай сілай [8] История Белорусской ССР. Минск, 1961. Т. 1. С. 391.
.
У 1880–1890-х гг. у сувязі з пагаршэннем становішча сялян у выніку аграрнага крызісу сялянскі рух у Беларусі набыў яшчэ больш вострыя формы. У адказ на гэта царскія ўлады на месцах узмацнілі тэрор. За ўдзел студэнтаў у паўстанні 1863 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Сярэднія школы існавалі толькі ў вялікіх гарадах. У іх была ўстаноўлена такая высокая плата за навучанне, што далёка не кожны селянін мог аддаць туды сваіх дзяцей. Не заўсёды дзеці мелі магчымасць вучыцца нават у пачатковых школах, бо іх было вельмі мала. Ды і карысці ад вучобы там было не шмат – выкладалі ў іх, як правіла, не прафесіянальныя спецыялісты, а людзі, якія самі з горам папалам умелі чытаць і пісаць.
Читать дальше