Тата стаў рабіць вёдры, паяць каструлі, і да нас пачалі прыходзіць заказчыкі, але ўсё адны і тыя ж. Мама стала шыць, але прымала заказы толькі ад сваіх людзей і часта аддавала іх нязробленымі. Людзі выносілі ад нас радыёзводкі Масквы.
Аднаго разу, увосень 1942 года, мы доўга чакалі маму.
Набліжалася дзевятая гадзіна вечара, да якой можна было хадзіць, а мамы ўсё не было. Нарэшце ў дзесяць гадзін мама прыйшла бледная, хістаючыся, у запэцканым адзенні. Яна сказала, што была ў суседзяў, праз вуліцу, што яе напалохаў сабака і яна павалілася ў гразь. Распрануцца яна не магла, і мне прыйшлося дапамагаць ёй. Я ўбачыла, што ў яе былі пашкоджаны правы бок, ногі, плячо распухла.
I толькі пазней, калі я стала дапамагаць маме ў яе падпольнай рабоце, мама мне расказала, што тады яна была на канспіратыўнай кватэры, што іх заспелі там немцы, і мама скочыла праз акно з другога паверха...
Увесну 1943 года арыштавалі многа моладзі. Была арыштавана і дачка мамінай падругі, Вера Краўцова, з дзесятага класа. Яна была ў нас піянерважатая. Разам з ёю арыштавалі сакратара камсамольскай арганізацыі Барыса Аноткіна. Іх расстралялі. Я іх добра ведала, і мне было вельмі цяжка.
Аднаго разу мама сказала мне, што ў адных знаёмых трэба ўзяць скруткі, а ёй ісці туды нельга. Тады я прапанавала пайсці самой. Мама ўзяла мяне за руку і сказала:
— Гэта вельмі сур'ёзная і небяспечная справа. Калі ты баішся, то не трэба, дзетка.
Я ёй сказала, што хачу быць такой, як Вера і Барыс. З таго часу я хадзіла па кватэрах, разносіла і брала пакункі. У нямецкай аптэцы працавала наша знаёмая Галя Аржанава. У яе я брала медыкаменты.
Увосень 1943 года зноў быў правал. Былі выданы дзве канспіратыўныя кватэры. Арыштавалі сакратара падпольнага гаркома партыі тав. Жулікава з сям'ёй і многіх таварышаў, якія заходзілі да яго, не ведаючы пра засаду немцаў. Там быў арыштаваны і мой тата, але яму ўдалося адгаварыцца, бо ён нёс запаяную каструлю. Тады расстралялі дваццаць чалавек.
У сакавіку 1944 года мама пайшла ў партызанскі атрад, куды яна часта хадзіла з заданнямі. Суседзям мы казалі, што мама пайшла ў вёску працаваць. На гэты раз мама затрымалася на цэлы месяц. Мы ўжо лічылі, што яна загінула. Але яна трапіла ў акружэнне і пасля месячных баёў выратавалася.
Вярнуўшыся, мама сказала, што большасць падпольшчыкаў адклікаецца з горада, а мы застаёмся. Хутка мы даведаліся, што Галя правалілася і была павешана...
Баючыся, што нашы самалёты будуць бамбіць Брэст, немцы на ноч выходзілі за горад і начавалі ў сховішчах. Брат Сярожа пазнаёміўся з аднымі такімі немцамі, і яны пачалі пускаць яго ў сваё сховішча. Тады тата і мама сталі даваць яму тол, які ён адносіў у сховішча і хаваў за абшыўку ў сцяне. Калі толу набралася чатыры кілаграмы, ён палажыў туды зараджаную міну, якая павінна была ўзарвацца ў гадзіну ночы. У тую ноч узляцела ў паветра восем немцаў і адна жанчына, якая з імі дружыла.
У мяне была добрая памяць, і мне часта даручалі сачыць за рухам нямецкіх войск. Я выходзіла за горад, дзе злучаліся шасэ з Масквы і Ковеля, хавалася ў канаву і запісвала, колькі машын ідзе, у які бок, чым гружаныя, якія знакі на машынах. Праседзеўшы да вечара, я несла звесткі маме. Я выяўляла таксама, дзе стаяць зеніткі, дзе знаходзяцца склады баявых прыпасаў гаручага. Вельмі радасна было пачуць, што, паводле нашых звестак, бомбы з нашых самалётаў трапілі ў такі склад.
Аднаго разу мама ўзяла рыдлёўку, кошык, і мы з ёю пайшлі за горад, на могілкі. Там мы сталі папраўляць магілку Іначкі. Раптам з кустоў выйшла да нас жанчына. Я пазнала цётку Надзю Сярову, якой ужо даўно не было відаць у горадзе.
Яна выняла з-за пазухі магнітныя міны, засмяялася мне і знікла ў кустах. Мама паклала ў кошык міны, зверху мы наклалі кветак. Кошык мама дала мне, сабе на плечы ўзяла рыдлёўку, і мы вярнуліся ў горад.
Пасля таго я стала хадзіць адна, і не толькі на могілкі, але і ў розныя іншыя месцы за горадам.
На вуліцы Карла Маркса быў трохпавярховы дом, дзе размяшчаліся нямецкія мотачасці. Раз мама даручыла мне аднесці ў гэты дом тол і перадаць нашай знаёмай Марусі Шаўчук, якая там працавала.
Але я сустрэла Марусю на вуліцы і перадала ёй тол. Дом быў узарваны, а Маруся ўцякла ў партызанскі атрад.
Горш было з домам на вуліцы Маякоўскага, дзе жылі нямецкія сувязісты, лётчыкі, афіцэры. Ён быў таксама трохпавярховы, і ля дзвярэй яго заўсёды стаяў вартавы. У доме гэтым працавала Насця Паршына, якая часта заходзіла да нас. Мама спачатку зняла план дома знадворку, потым Насця ў нас дома зрабіла ўнутраны план. Увесь гэты матэрыял мама панесла ў атрад, там абмеркавалі яго, распрацавалі план аперацыі і пачалі рыхтавацца. Дастаўляць тол даручылі мне.
Читать дальше