Праз 10 гадоў такога неперспектыўнага жыцця тысячы вёсак апусцелі начыста і зеўраюць сёння на нас чорнымі дзіркамі гнілых аконных праёмаў. Звярніце з бойкай шашы, паглыбцеся на 10-20 кіламетраў і вы пабачыце сляды агульнанацыянальнай трагедыі. Вы пабачыце разбурэнне і тлен. Вы пабачыце мясціны, дзе Мамай прайшоў. Паправіць, аднавіць, адбудаваць тое, што назаўсёды загінула, ужо ніхто не зможа, ужо няма каму. Гэтыя сумныя пейзажы Айчыны давялося ўжо пабачыць і самому Пятру Міронавічу. Відаць, яны рабілі на яго ўражанне. Гнятлівае, страшнае ўражанне.
У адной бяседзе Машэраў пашкадаваў, што быў летуценнікам, рамантыкам, калі паспадзяваўся, што саюзная ўлада дасць сродкі на кардынальную перабудову сяла і яго гаспадаркі. Пра сродкі, якія гэта ўлада вымагала і выпампоўвала з Беларусі, змоўчыў, хоць, як мне здаецца, не падумаць пра гэта не мог. Логіка падказвала...
...Можна паспачуваць чалавеку, які без злых намераў загубіў не толькі Палессе, выклікаўшы экалагічную катастрофу, але і прынёс іншую вялікую шкоду свайму народу, за які ў свой час ішоў на смерць і здолеў стаць нацыянальным героем. Між іншым, ён быў не староннім сведкам, як вялікая саўковая імперыя рабіла яго народ няшчасным, бедным, забітым, адурманеным і дэнацыяналізаваным. Але не будзем абвінавачваць яго асабіста, ці толькі яго аднаго. Такі быў час, а ен быў з’яваю свайго часу. Ён служыў свайму часу. Служылі і тыя, на каго ён абапіраўся. Верылі ў прыгожую камуністычную казку.
Можа, хто іншы чуў ад П.М.Машэрава словы раскаяння ў тым, што менавіта ў яго гады праўлення ў сталіцы рэспублікі былі знішчаны апошнія беларускія школы. Я гэтага не чуў. На чужой, хоць і блізкай, мове працавалі ўсе вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, уся дзяржаўна-бюракратычная машына. Пры ім і пад яго наглядам амаль усе газеты былі пераведзены на мову суседа, а тыражы беларускіх кніг утрымліваліся ў пэўным, мізэрным працэнце ад тыражоў кніг на рускай мове. Падтрымлівалася ў асноўным толькі культура народна-лапцюжная, этнаграфічная. Што-што, а гэта ўжо мне вядома. Бадай што Пётр Міронавіч, пры ўсёй яго адукаванасці і інтэлігентнасці, падзяляў ідэю зліцця ўсіх моваў у адну вялікую і магутную, а культуру будучага бачыў у выглядзе нейкага кангламерату культур, што спачатку ўзбагачаюць адна адну, а потым і зусім зліваюцца ў нешта адно яркае і грандыёзнае. А можа, і ён бачыў у гэтым толькі вялікі абсурд і чакаў часу, калі ў Палітбюро і ўсёй звышдзяржаве пройдзе ачмурэнне. А можа, і спадзяваўся на нешта іншае, больш радыкальнае. Але калі яго даклад, прысвечаны 60-годдзю БССР і КПБ «Па шляху сацыялізму і камунізму ў адзінай сям’і народаў СССР» не лічыць кан’юнктурным, то ні на што такое неардынарнае ён не спадзяваўся. Жыў і думаў як усе мы грэшныя і замбіраваныя саўковай ідэалогіяй.
I ў той жа час ёсць у мяне сумневы на гэты конт. Глядзеў ён крыху далей за іншых. Неяк у адной гутарцы, звязанай з праблемай культуры нацыянальнай і культуры наогул, Пётр Міронавіч сказаў:
— Калі я пачуў словы Мікіты Сяргеевіча пра тое, што для поўнага шчасця народа трэба сала і каўбаса, то зразумеў, што гэта канец усяму. I захацелася кінуць усё к чортавай мацеры і сысці некуды, каб і не чуць, і не бачыць... А на каго кінеш? I хто пасля цябе прыйдзе. I як падыме, і наогул, ці падыме тое, што ты кінуў...
Гады і падзеі нашых дзён пацвярджаюць, што тут ён глядзеў далёка... ва ўсякім выпадку, далей, чым мы сёння думаем.
Часам мяне здзіўляла і бянтэжыла такая яго адкрытасць і шчырасць. Потым я знайшоў гэтаму сваё тлумачэнне.
Вельмі цікава было назіраць за П.М.Машэравым на пасяджэннях бюро ЦК. На розных з’ездах, пленумах, партыйна-савецкіх актывах і нарадах ён быў вельмі афіцыйны, строгі, нават недаступны. А на пасяджэннях бюро, як бы мовіць, у вузкім коле сутаварышаў і паплечнікаў станавіўся сам сабою, хоць талент свой акцёрскі эксплуатаваў напоўніцу. Сярод сваіх ярка праяўляліся яго гумар, дабрыня, насмешлівасць і нават з’едлівасць, а часам і жосткасць, калі таго вымагала сітуацыя. Першы, ён і быў Першым. Жорсткім, помслівым і па-сапраўднаму злым я яго не бачыў за выключэннем аднаго разу, але пра гэта ніжэй.
Сустрэч былі дзесяткі, асабліва падчас майго загадвання аддзелам культуры ЦК, а магчымасцяў назіраць і слухаць непасрэдна — многія сотні. I пакінуўшы ЦК, я меў магчымасць сустракацца з Пятром Міронавічам не раз і найчасцей па справах энцыклапедычных, у прыватнасці, па справах 140-томнага выдання гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», атакі шавіністаў і манкуртаў на якое не спыніліся да сённяшняга дня.
Читать дальше