— I выдаў зборнік С.Крыўца. Праўда, без многіх, мусіць, самых лепшых яго вершаў — пра Сталіна, тое, што рабілася ў Заходняй Беларусі ў першыя гады Савецкай улады.
Сустракаліся мы часта з Р.Р.Шырмам на вуліцы, на розных пасяджэннях. Неяк, ідучы з М.Танкам, спыніліся на вуліцы, гаварылі пра жыццё, пра апошнія цікавыя падзеі. Я, ведаючы, што Р.Р.Шырма не зусім прымае "Песняроў", спытаў, чаму так. Вывад Шырмы быў адзін: яны псуюць беларускую песню, уносяць чужыя матывы ў іх выкананне, не характэрныя для беларускай песні.
- Але ж усё адно слухаць "Песняроў" прыемна, добра, што хлопцы на нашай аснове усё робяць.
— Таму іх і слухаюць. Інакш іх бы ніхто не прыняў бы, каб не было такой пульсацыі народнага беларускага мел асу. Людзі згаладаліся па ўсім народным. Радыё, тэлебачанне забівае рознымі "бугамі-вугамі".
Апошні год мы жылі з ім у адным доме. I, сустракаючыся, я заўсёды любаваўся ім: які прыгожы дзядок. I як прыгожа ён жыве!
Аркадзь Куляшоў.
Няма ўжо і А.А.Куляшова.
Ведаў яго я малавата, але ўсё ж ведаў.
Некалькі разоў сустракаўся ў "Полымі", некалькі разоў ён званіў у рэдакцыю і натыкаўся на мяне.
"Гэта Куляшоў..."
Самая працяглая сустрэча з ім была ў цягніку, калі мы ехалі на з’езд СП СССР. Пестрак, Асіпенка, Чыгрынаў і я — у купэ. Было ў нас што выпіць, але не аказалася нічога закусіць. У П.Пестрака было сала, было і пячэнне. Асіпенка: "Гэта ўпершыню — пячэнне з салам".
I мы ўсю ноч закусвалі пячэннем з салам. I гаварылі.
А.Куляшоў успамінаў, як яго выбіралі дэпутатам у Заходняй Беларусі, як ён ездзіў з пісталетам і ахоўнікам на сустрэчы з выбаршчыкамі. Гаварылі шмат пра літаратуру. Запомніліся яго выказванні.
- Чаму ў нас няма паэмы? Бо час неспрыяльны... Для паэмы патрэбныя падзеі. Маштабаў іх няма — няма і паэмы.
— Ці чыталі Вы "Сказ пра Лысую гару?"
— Чытаў. Але ў час, калі ўсе нападаюць на пісьменнікаў, дык і самі мы... Нельга гэтага рабіць. Пісьменніка трэба падымаць перад народам, а не мяшаць яго з г..ном.
Аднойчы сустрэліся з А.Куляшовым у М.Лужаніна. Ён прыйшоў без званка папярэдняга, але мы абрадаваліся. Напісаў некалькі вершаў і захацеў пачытаць Лужаніну. Пілі чай, размаўлялі. "Гарадзецкі некалі плакаўся, што пад старасць пачаў дрэнна пісаць. А як, як я пісаў у маладосці!" Я, каб суцешыць, сказаў яму: "У Вашы гады і Гётэ ўжо дрэнна пісаў". (...)
Слова на пахаванні А.Чарнышэвіча.
Беларуская літаратура ў трауры. Памёр Аркадзь Змітравіч Чарнышэвіч, чалавек вялікай і добрай душы, пісьменнік, аўтар многіх цудоўных кніг, якімі зачытвалася і яшчэ будзе доўга зачытвацца не адно пакаленне чытачоў. Глыбокі знаўца народнага побыту, жывога беларускага слова, чалавек, які любіў свой народ і ўсе свае сілы аддаў служэнню яму. Працаўнік па натуры, ён не гнаўся за высокімі пасадамі, стараўся мала быць на віду. Ён працаваў, працаваў многа і добра, да апошніх дзён сваіх, будучы да таго ж цяжка хворым. Яго рэдка можна было бачыць на нашых пісьменніцкіх сходах, пасяджэннях — у яго не было часу на гэта. Ён ведаў — тое слова, што не скажа, не напіша ён, ніхто за яго не скажа і не напіша... У тыя ж рэдкія хвіліны, калі выходзіў ён на людзі, заходзіў у рэдакцыі ці ў Саюз пісьменнікаў, мы ўсе, і маладзейшыя і старэйшыя, бачылі, які цудоўны гэта чалавек, як шырока глядзіць ён на свет, на нашу літаратуру. Ён захапляўся многімі творамі маладых, крытыкаваў, калі хто-небудзь з нас памыляўся. I ўсё гэта рабіў з душою, не дзеля таго каб падкрэсліць, што ён піша лепш, а па абавязку старэйшага чалавека і больш вопытнага пісьменніка...
А галоўнае — ён пісаў, пісаў многа, праўдзіва, трывала, на гады.
Дык дзякуй жа Вам, дарагі дзядзька Аркадзь, Аркадзь Змітравіч, за ўсё тое добрае, што зрабілі Вы дзеля нас, усёй нашай беларускай савецкай літаратуры, роднага беларускага слова!
Хай пухам Вам будзе наша беларуская зямля, да якой Вы рваліся ўсё сваё жыццё!
Падрыхтавала да друку Святлана САЧАНКА.
"Крыніца", 2002, № 1, ст. 166-192, 2002; № 2, ст. 195-208; № 3, ст. 127-160.