- Трэба ж і мне ведаць, за што цяпер "дзяўбуць".
***
Пятрусь Броўка. 3 П.Броўкам даводзілася сустракацца не раз. Крытыкаваць яго, хваліць і проста гаварыць. Крытыкаваў я яго на Пленуме — уражанне: чырванее лысіна, і я кідаю на яе, як гарбузы, — словы.
У выдавецтве Галоўліт затрымаў маю кнігу "Барвы ранняй восені". Якраз быў там П.Броўка. Нікіфаровіч кажа — пагавары з Броўкам. Я сказаў Пятру Усцінавічу пра Галоўліт. "А што ў кнізе?" Зачытаў тыя мясціны я яму. "Ну, гэта можна пакінуць. А гэта здымай. Трэба заўсёды так — трохі сабе, трохі і ім..." — "Да каго ісці, з кім "гаварыць"? — "Відаць, да Матузава".— "Добра, пайду". Пайшоў, пагаварыў — кнігавыйшла.
Выйшла кніга — а ў газеце "Звязда" фельетон на кнігу "Пацяруха". Фельетон напісаў Б.Стральцоў, якога я не хацеў друкаваць у "Полымі". Зноў іду да Броўкі. Даю яму кнігу. Прачытаў, выклікаў да сябе. "Добрая кніга. Пішаш густа. Праўда, сонечнага дня мала. Усюды коні, сярпы, косы... А трэба — машыны, камбайны, касілкі... Правады, тэлевізійныя антэны. Буду кнігу абараняць".
I абараняў. На Пленуме ЦК. Маўляў, як выхоўвае "Звязда" маладых пісьменнікаў. I зачытаў "Звязду", пахваліўшы маю кнігу.
К.Мазураў у заключным слове ударыў па Броўку і па маёй кнізе (у гутарцы са мной т.Мазураў прызнаўся, што не чапаў бы маёй кнігі, калі 6 П.Броўка паводзіў сябе добра. А то выступіў — і паехаў на дачу. I гэта раззлавала Мазурава. "Урэшце, размова ідзе пра выхаванне. Чаму гэта я павінен выседжваць на пасяджэннях, а ён, П.Броўка, не?")
На нашым Пленуме П.Броўка ўдарыў ужо па мне, гаварыў адваротнае таму, што мне ў кабінеце.
На з’ездзе, калі А.Бачыла зачытаў, колькі набраў П. Броўка галасоў "супраць", у П.Броўкі галава раптоўна апусцілася, а М.Лынькоў заўсміхаўся...
***
У Докшыцах пасля сытнага абеду пытаю ў П.Броўкі:
— Ходзяць чуткі, што апавяданні ў Вас ёсць. Дасцё калі?
— Дам...
I прынёс неяк, калі нас у аддзеле не было.
Карэктуру апавяданняў паглядзеў. Я ў "Энцыклапедыю" зайшоў да Броўкі. На грудзях у яго зіхацела "Зорка Героя".
Я павіншаваў.
— Усё сабраў я, што можна было сабраць на зямлі. Цяпер астаўся адзін сум...
I ўсміхаецца.
— Вось выдам "Энцыклапедыю", і ўсё.
Я пачаў суцяшаць — трэба, маўляў, пісаць. Тым больш што і проза пайшла нядрэнна.
— Праўда? Хачу зборнічак маёй прозы выдаць. Хай будзе...
***
Зноў у "Энцыклапедыі" — прыйшлі мы з Сіпаковым глядзець том чарговы. I Броўка да Казекі прыбягае. Я прачытаў новую кнігу апавяданняў П.Броўкі.
— Не думаў я, што Вы, Пётр Усцінавіч, былі такі нясмелы з дзяўчатамі ў юнацтве?
— Ха, усе мы мужыкі. Вось марачкі былі на гэта спяцы. А мы... Цяпер толькі ўспомнілася, колькі не скарысталі магчымасцей...
***
На пасяджэнні рэдкалегіі, калі планы зачыталі.
— А моладзі пакідаеце месца? - I на мяне глядзіць. — Я малады ў рэдакцыі "Полымя" працаваў.
***
Рыгор Шырма. Памёр P.P. Шырма...
Прыгожа пражыў ён жыццё, шмат зрабіў для культуры нашага народа.
"Шмат" — нават і слова не тое, няма, мабыць, у мове нашай таго слова, якое б увабрала ў сябе тое, што зрабіў Шырма для народа, культуры, мовы, песні. Добра, што і слава яго не абмінула...
Некалькі разоў сустракаўся я з ім.
Першы раз — будучы студэнтам. Зайшлі мы з выкладчыцай папрасіць яго выступіць у нас на факультэце. Жыў тады ў доме ля касцёла. Помню пакой з вельмі высокай столлю, шафы з кнігамі і папкамі. I стары дзядок з белымі вусамі, брывамі і барадой. Маленькі ростам. I запрасіў адразу ж усіх на размову. Размова ішла пра збіранне фальклору. "Добра, што збіраеце. Але збіраць — мала, фальклор трэба выдаваць. Вось у мяне колькі сабрана песень, народнага меласу. А ляжаць усе ў папках. 3-за мяжы шлюць мне кнігі, а я не магу ім нічога прапанаваць. Лепшае не выдадзена, а тое, што выдадзена, — выдадзена дрэнна. Вось паглядзіце, як выдаюць фальклор за мяжой". I пачаў паказваць нам кнігі, адну за адной.
Некалькі вельмі цікавых сустрэч было ў "Полымі", дзе мы хацелі, каб ён напісаў свой жыццяпіс.
- Пішу. Але пішу надта ж паволі.
Самыя помныя ж сустрэчы — на Свіцязі, на нарадзе маладых. А.Вярцінскі, П.Макаль і я неаднойчы хадзілі з ім па лесе, неаднойчы сядзелі ў яго пакойчыку. Захоплены быў паэзіяй. Гаварыў пра М.Танка, як выдаваў яго першую кнігу ў Вільні, пра С.Крыўца. У яго былі два чорныя агульныя вялікія сшыткі вершаў С.Крыўца, і ён чытаў нам тыя вершы. Вершы незвычайныя і пра тое, пра што ніводзін заходнебеларускі паэт не напісаў (а можа, напісаў, ды яшчэ не надрукаваў).
— Трэба гэта выдаць! Абавязкова! — гаварылі мы.
Читать дальше