Я звычайна чытаў усе матэрыялы да здачы ў друк. За карэктуру адказваў мой намеснік — малады добры хлопец з Капыля. Давялося яму ісці ў тую ўстанову, тлумачыць памылку. Выявілася — памылку знарок зрабіў наборшчык, якога бюро крайкома выключыла перад гэтым з партыі. Узялі наборшчыка, узялі і майго намесніка. Сустрэліся мы — пасля рэабілітацыі, я спытаў, ці хоча ён працаваць у літаратуры... "Не, паеду ў свой Капыль". I паехаў.
Паколькі гаворка пачалася пра той час, які цікавіць кожнага, я асмялеў, сказаў:
— Я не раз чуў, быццам перш чым "браць" пісьменніка, яго справу паказвалі генсеку Саюза Фадзееву. I той падпісваў. Ці праўда гэта — Вы ж таксама былі сакратаром Саюза?
— Не, гэта няпраўда. Я быў тады за старшыню ў самы страшны час, але ў мяне ніхто не пытаў — "браць" таго ці іншага ці не "браць". Дакладвалі, праўда, штодзень, каго "ўзялі". Званілі нам у Саюз. А наогул, то быў страшны час. Я прыехаў у Мінск з газеты акруговай, быў як на цяперашні лад галоўным рэдактарам выдавецтва, потым перайшоў на працу ў Саюз. I адразу ж пачалося. Помню, быў у Маскве Пленум па песні. Паехалі на яго Купала, Колас і я. Прыехалі ўранні ў Маскву, уладкаваліся ў гасцініцу. Колас стаміўся, лёг адпачыць. Купала пабег галіцца, а я на Пленум пайшоў. Пленум пачаўся ўжо, але вельмі ж нецікавы. Зрабілі перапынак. Выйшаў я ў фае, Купалу ўбачыў — ён жанчын шампанскім частаваў. Зноў пасяджэнне пачалі. I зноў нецікава. Спынілі, прынялі пастанову. Купала пабег на паштамт — трэба было ў Мінск нешта пільна пазваніць. Вярнуўся ў гасцініцу — кашалёк у яго выкралі. А ў ім — дакументы, грошы. Званю ў Саюз Стаўскаму, машыну прашу, каб да цягніка падвезлі, а заадно кажу і пра тое, што дакументы ў Купалы ўкралі. А той: "3 гэтага і пачынаў бы. Толькі не ўкралі дакументы ў Купалы, а ён іх згубіў п'яны..." "Купала не п'яны, — цвярджу я.
— Усяго толькі і выпіў шампанскага". — "Будзеце адказваць, таварыш Лынькоў!" I бразь трубку.
Вяртаемся ў Мінск, "Литературная газета" прыходзіць. А ў ёй фельетон вершаваны, як пагулялі ў Маскве "Янка, Михась и Якуб". Клічуць мяне ў ЦК, пытаюць, як Пленум па песні прайшоў. Расказваю. А з мяне смяюцца. "Брэшаш, Лынькоў. 3 вас жа ніхто і не быў на Пленуме. Вы ж прап’янствавалі..." I дастаюць са стала вялізны ліст, у якім чаго толькі ні напісана. Потым я здагадаўся, навошта гэта было зроблена. Намячаліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі і, мусіць, трэба было зняць з кандыдатаў у дэпутаты народных песняроў. Мяне ж у кандыдатах пакінулі. Паехаў я на Віцебшчыну. Са мной — Броўка, Глебка і яшчэ адзін тып. Ездзім, выступаем, агітуем. У Дзвіне я пакупацца надумаў, а тып той ходзіць па беразе, вачэй з мяне не зводзіць! (Потым, пасля вайны, прызнаўся, што баяўся ён, каб я ў Прыбалтыку не ўцёк. Бяда ўся ў тым, што сам тып плаваць не ўмеў!) Раптам тэлеграма прыходзіць — тэрмінова ў Мінск. Прыязджаю, іду ў ЦК — пытаю таго чалавека, што мне тэлеграму даваў. Аказваецца — няма ўжо, узялі. Іду да сакратара. Ён тлумачыць мне, што спіс кандыдатаў у дэпутаты перагледжаны, выкінута інтэлігенцыя, у тым ліку і я, пастаўлены замест інтэлігенцыі рабочыя. А да выбараў — тры дні...
Потым зусім незразумелае пачало рабіцца. Як дзень — так некалькі чалавек нашых братоў-пісьменнікаў і няма. Іду з Саюза дадому — Зм. Бядуля з-за вугла дома выйшаў. " Колькі ўзялі сёння?" "Пяць!" "Ого". Калі скажу: "Два" ці "Тры" - "Ну, то яшчэ нішто". Мне ў Саюз званіць перасталі, выклікаць куды б то ні было. Я ўбачыў — мяне за старшыню мець не хочуць. А на работу ўсё адно хадзіць хадзіў — дысцыпліна. Пісаць? Дзе там пра што было пісаць? Сустракаю аднаго знаёмага свайго — кажа: "Усё, таварыш Лынькоў, песенька твая спета. Уцякай куды-небудзь". Так я пуцёўку выпісаў і паехаў адпачываць. На поўдзень. I там, у Доме адпачынку, чую аднойчы па радыё, што ўзнагароджана група беларускіх пісьменнікаў ардэнамі. Сярод узнагароджаных — і я. Ну, ордэн тады — гэта індульгенцыя. Ажыў я. Вяртаюся назад у Мінск, быццам справы наладжваюцца. Што адбылося ж — ніхто нічога не ведае.
Потым, гадоў праз трыццаць, Панамарэнка расказаў нам пра ўсё з А.Куляшовым, калі на Нарач адпачываць прыязджаў. А адбылося вось што. Панамарэнку сакратаром першым ЦК прызначылі. Прыязджае ён у Мінск, а на другі ці трэці дзень да яго на прыём Берзін (тады начальнік НКВД) просіцца. I кладзе на стол, кажа, мне папку. Адгортваю, кажа, я яе, а там аформлены паперы на ліквідацыю Купалы, Коласа, Лынькова і г.д. Словам, усіх да аднаго беларускіх пісьменнікаў. Берзін просіць толькі дазволу, каб не ўсіх адразу "браць", а то, маўляў, нас правільна могуць не зразумець, а па два, па тры чалавекі штоноч. Я пагартаў гэтую справу і прашу: я толькі што прыступіў да працы. "Пачакаем, можа, тыдзень-два". — "Можам". — "Ну, а тыдні праз два мы з вамі пагаворым на гэтую тэму". Берзін выходзіць, я склікаю астаткі бюро ЦК. Кажу пра справу, што падаў мне Берзін. "Купала вораг? Колас? Не можа гэтага быць!" — усклікаюць мясцовыя таварышы. А мне што рабіць? Адчуваю: трэба звязвацца са Сталіным. А як? Пазваніць — пачуюць — мне хана. Паслаць фельд’егера? Перахопяць. Я гэтых хлопцаў ведаў. Адзінае — самому трэба ехаць, перагаварыць з Іосіфам Вісарыёнавічам з вока на вока. Якраз нарада па прамысловасці намячалася, я і паехаў на яе. Калі скончылася нарада, я астаўся, падышоў да Іосіфа Вісарыёнавіча. "Як там справы ў цябе?" — пытае. Я расказваю, а пад канец і пра папку тую, што прынёс мне Берзін, словы яго: "Трэба кончыць з гэтымі беларусамі". Выслухаў мяне Іосіф Вісарыёнавіч, трубку пацягнуў і кажа: "А калі яны і праўда ўсе ворагі, дык хіба шкадаваць?" Ну, думаю, усё, улез я не ў сваё... I націскае на кнопку, чую, са Жданавым гаворыць. "Таварыш Жданаў, тут у мяне малады сакратар з Беларусі. Ён сцвярджае: за ўсе гады існавання Беларусі ніводзін беларускі пісьменнік не атрымліваў урадавых узнагарод. Праўда гэта?" Той памаўчаў і адказаў: "Праўда, Іосіф Вісарыёнавіч". "Дык сакратар, таварыш Панамарэнка, зойдзе да цябе зараз. Узнагародзьце пісьменнікаў беларускіх".
Читать дальше