Барыс САЧАНКА
З ЗАПІСАК РЭДАКТАРА
З пісьменніцкага дзённіка
У шафе, сярод рознай адзежы, у кішэні старога паліто майго бацькі доўгія 30 гадоў беражліва захоўваўся скарб — "агульны" сшытак з дзённікавымі запісамі, зробленымі ў час бацькавай працыў часопісе "Полымя". Нават я, родная дачка, ніколі не здагадвалася аб існаванні гэтага патаемнага документа хрушчоўскай "адлігі" і пачатку брэжнеўшчыны...
Святлана САЧАНКА.
***
Перш чым пачаць весці гэты дзённік, хацелася б і самому сабе, і тым, хто, магчыма, з часам будзе яго чытаць, вытлумачыць, дзеля чаго я гэта раблю. Проста запісваць буду ўсё, што дзеецца ў аддзеле: можа, каму некалі і цікава будзе ведаць, чым жыла наша рэдакцыя (а значыць, у нейкай ступені і літаратура, паколькі "Полымя" — галоўны і амаль адзіны часопіс беларускай літаратуры), як нараджаліся некаторыя творы, што думалі самі пісьменнікі пра свае творы і мы, супрацоўнікі рэдакцыі. Пакладацца на памяць вельмі не варта. Што запісана пяром, таго не вырубіш тапаром. Даверымся лепей гэтай народнай мудрасці. I так, "яшчэ адно, апошняе сказанне"...
***
Раман САБАЛЕНКА. Незамужняя ўдава. 1966
Аповесць. Кастрычнік, 1963 г. Нават чытаць уважліва не хацелася. 3 першай старонкі несусветная лухта. I ўсё — прыблізнае, непраўдападобнае: і ў мове, і ў вобразах, і ў самім успрыманні вакольнага. Тое моцнае, што было ў ранейшых творах Р.Сабаленкі — мова, тут перайшло ў сваю супрацьлегласць — усе героі, і сам аўтар, загаварылі выдуманай, штучнай, народна-саладжавай запечнай мовай. Не маляванне словам, не паказ стану героя ці карціны — а падбор устойлівых, ідыёматычных зваротаў, "клішэ" — сляза, дык абавязкова буйная, як боб, гора — горкае, спыніўся, як укопаны... Потым — як даў, дык ён... аж... Народныя выразы можна і трэба ўплятаць у мову і герояў, і аўтара, але рабіць гэта трэба ўмела, з адчуваннем, дзе і як. Да прыкладу — Адамчык. Ён "живописует", і народныя выразы памагаюць яму.
Галоўная гераіня Заранка — выдуманы вобраз. Жанчына сама сябе ўвагнала ў магілу — і гэта як дадатны вобраз падаецца. Наогул, адмоўны і дадатны вобраз — падзел штучны, непатрэбны, ён пушчаны ў абіход не зусім дасведчанай крытыкай у сувязі з тым, што літаратура павінна мець выхаваўчае значэнне. А чым выхоўваць? Вобразамі. Рахметаў, Карчагін, моладагвардзейцы...
Рахметавы, Карчагіны, моладагвардзейцы не паўтараюцца, і не такія яны ўжо патрэбныя і цікавыя людзі, каб іх трэба было ўсюды насаджаць. Дый немагчыма з Н. ці К. зрабіць Рахметава ці Карчагіна. Н. і К. астануцца самі сабою, адзінымі ў сваёй непаўторнасці. I прыкладу следаваць яны будуць не вычытанаму з кніг, а таму, што будуць бачыць вакол сябе, як "абкруціць" іх само жыццё. Выхаваўчае ж значэнне літаратуры не ў тым, як неяк казаў Шамякін — "трэба ж нешта сцвярджаць дадатнае — калгас, ферму, брыгаду, чалавека", а ў тым, што літаратура вучыць чалавека глыбей глядзець на ўсё, што вакол нас: людзей, прыроду, наогул — на ўвесь свет. Яна паказвае, што многае, што ёсць зараз, было некалі, і хацелі б мы таго ці не — яно астанецца і пасля нас, што адны людзі заўсёды хацелі дабра іншым і праз гэта пакутавалі ўсё сваё жыццё, што роўнасці ні ў чым ніколі не было і не будзе, што ёсць розныя людзі — разумныя, хітрыя, удачнікі і няўдачнікі, хціўцы і блюдалізы, выскачкі і... Адным словам, каго толькі няма — і калі ты чалавек, ведай гэта і выбірай у людскім моры для ўсіх сваіх спраў, хто табе ў гэты момант трэба... Літаратура вучыць глядзець на свет не звужана, а шырока, вучыць за маленькімі дробязямі жыцця бачыць складаныя супярэчнасці часу і людскіх узаемаадносін... Я ўхіліўся ад аповесці, калі-небудзь пра выхаваўчую ролю літаратуры я яшчэ паразважаю. Нельга, каб памылялася гэтулькі людзей у вызначэнні гэтага. Атрымалася прыкладна так, як заўсёды атрымліваецца. Нехта добра і правільна сказаў, яму паверылі. I пайшлі — кожны на свой лад крыўляць і "извращать"... I ніхто не сумняваўся больш, усе бралі на веру. I скрывілі так, што далей ужо нельга.
Аповесць, адным словам, дрэнная, я не бачу нават магчымасці яе паправіць. Парваць ды выкінуць, каб менш было паганых твораў на беларускай мове: і так дайшло ўжо, што беларускае — сінонім бяздарнага, пустога. А марку трэба трымаць. Хаця б таму, што беларуская мова не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі з рускай. Толькі творамі, выдатнымі творамі мы можам павярнуць да нашай мовы чытачоў... Іншыя ж спосабы пакуль што немагчымыя. Р.Сабаленку сказалі проста ўсё пра яго твор. I Я.Скрыган, і І.Пташнікаў, і я. На тое былі свае прычыны. (...)
Читать дальше