— "Знайшлі б прычэпку. Не зважайце. Трэба думаць пра справу".
I Танк пачаў расказваць, што не да яго ў хату ездзяць кіраўнікі, а да Куляшова... "А я ж першы сакратар..."
Потым казаў, што ён разумее нас, што шкада яму "Полымя", што не можа пісаць, трэба засядаць, выступаць.(...)
У Галоўліт пайшла кніжка. Баюся за аповесць "Ноч няволі". Цяпер не час на такія творы. Зноў усе, пачынаючы з самых высокіх, вучаць пісьменнікаў, як трэба пісаць, як весці сябе, што гаварыць. Ім усё ясна, яны ўсё ведаюць, як павінна быць. Дзівішся, чаму толькі яны самі не пішуць...
А я б’юся дзень пры дні, чытаю, параўноўваю, думаю — як гэта так напісаць, каб і надрукаваць было можна, і шчыра было, і праўда, і каб па-сучаснаму, на ўзроўні гучала... I мне ані нічога не ясна, хаця літаратуры аддаў ужо дзесяць год.
Заўважыў: калі нешта не выходзіць у кіраванні, шукаюць вінаватых. I імі чамусьці заўсёды бываюць... пісьменнікі. Гэтак было пры Сталіне, пры Малянкове, пры Хрушчове.
Што ж, не гледзячы ні на што, трэба пісаць. Трэба дзяўбсці, як тая кропля камень. А раптам нешта і напішацца, нешта і астанецца пасля нас.
Бачыў Мажэйку. Вечар цэлы чытаў газеты Чэхаславакіі. Дажыць бы да такой дэмакратыі!.. У нас жа звялі ролю друку, наогул слова да таго, што трэба толькі адабраць, пахвальваць тое, што робяць вярхі. Калі каго і крытыкаваць, то не вышэй загадчыка магазіна, прыбіральшчыцы...
10.4.68 г.
(...) Чытаю Камю "Дзённікі". Радуюся, што вывучыў польскую мову. I шкадую, што не ведаю ні англійскай, ні французскай. Хаця жыў жа — што з таго, што я ведаў бы гэтыя мовы? Hi газет, ні кніг на гэтых мовах купіць нельга. Каб можна было ўсё гэтак жа набыць, як рускае, бадай што вывучыў бы і гэтыя мовы.
Мова — гэта яшчэ адно акно ў свет, у культуру. Не дзіва — усе вялікія людзі ведалі па некалькі моў.
Уся бездар падняла вушы. Ім здаецца, што прыйшлі, нарэшце, іх часы. Таленавітых людзей можна абвінаваціць у розных грахах, і тыя будуць маўчаць. А ў чым можна абвінаваціць людзей бяздарных? Служаць яны — зноў жа каму яны служаць, як не сабе! — быццам як мае быць. Але ж яны бяздарныя, і грэх гэты самы вялікі, які толькі можа быць.
Думаю ўсё пра тое ж: як навучыцца так пісаць, каб і друкаваць свае творы можна было, і аставацца шчырым, праўдзівым, нідзе не нахлусіць? Не веру, каб нельга было знайсці дзіркі: талент, як трава, праб’ецца адусюль. Камень ляжыць — абагне яго, збоку вылезе; асфальт — узарве...
Так што трэба не здавацца, думаць, шукаць... Калі не змагу знайсці — значыць, я ніхто. I Пастэрнак, і Паўстоўскі, і Ляонаў, і Чорны, і Прышвін — знайшлі дзірку, асталіся ў літаратуры.
Гаварыў пра гэта з Адамчыкам. Ён на ўсё глядзіць намнога за мяне глыбей. Малайчына! Ёсць усё ж і ў нашай літаратуры ўжо хлопцы, якія пра нешта думаюць. Наўроцкі, Адамчык, Капыловіч. Хлопцы! А каб зрушыць камень з мёртвага месца, трэба дзецюкі.
Вялікія людзі капаліся ў сабе, адкрывалі нешта, не вядомае нікому, менавіта там. Мы ж пакуль думаем больш пра акружэнне сваё, там хочам штосьці цікавае знайсці. У тым, мабыць, і памылка наша.
***
Добра было Ісусу Хрысту паміраць, хай нават і на крыжы, калі ён сказаў свету сваё слова, пакінуў філасофію, якая жыве вось ужо колькі вякоў. Страшна паміраць, не пакінуўшы свету нічога. I каб жа не мог пакінуць. А калі здаецца табе, што можаш?..
Відаць, трэба, сціснуўшы зубы, маўчаць, пакуль можна маўчаць, і хоць употайкі нешта рабіць.
***
Камю піша: жывём у свеце, дзе трэба выбіраць, ці быць ахвярай, ці катам — і толькі гэта. Гэты выбар не ёсць лепшы. Заўсёды мне здавалася, што наогул няма катаў, ёсць толькі ахвяры...
11.4.68 г.
Некалькі дзён чытаю новыя, нікому яшчэ не вядомыя творы М.Гарэцкага. Не нарадуюся! Здаецца, усе творы пісаны сёння. Стыль, мова, мысленне — зусім сучасныя. Вось што значыць талент! I які беларус! Што ён толькі ні рабіў для Беларусі! I слоўнік выдаў, і зборнік песень сабраў, і першую хрэстаматыю напісаў, і ездзіў нават у Сібір, каб паглядзець, як там жывуць перасяленцы-беларусы. А самае галоўнае — ён быў пісьменнік і вельмі шчыры чалавек. Hi радка не напісаў, каб дагадзіць некаму. Усё шчыра, так шчыра, што жахаешся...
Некалі зусім невядомы пісьменнік становіцца пасля сваёй смерці другім празаікам пасля Чорнага. Адкопваем усё новыя і новыя яго творы, і кожны твор — камень у падмурак помніка. 3 такой цяжкасцю ўдалося надрукаваць раман "Віленскія камунары". Жывыя ж яшчэ тыя, хто садзіў, знішчаў Гарэцкага. Потым — "Камароўская хроніка". Цяпер — Гарэцкі-апавядальнік. Як паставіцца Кавалёў, ці надрукуе тое, што я выбраў?.. Калі надрукуе — адразу ж пачнуць гаварыць пра дарэвалюцыйную прозу па-другому. Не толькі адзін Колас, але і Гарэцкі. Прычым Гарэцкі куды вышэй у прозе, куды смялей. Гарэцкі — стыліст, Гарэцкі — даследчык жыцця. Гарэцкі... Што і казаць, Гарэцкі — пісьменнік! А там жа яшчэ ёсць і Ядвігін Ш. Коласу-празаіку давядзецца дзяліцца славаю.
Читать дальше