10.5.67 г.
(...) Дні і ночы сяджу над рэдакцыйнымі матэрыяламі. Часопіс павялічылі, а людзей не даюць. Да таго ж, новы рэдактар, і ўсе кінуліся ў бой — за галоўны напрамак кожны хоча мець пасрэднасць. Тады лягчэй жыць, лягчэй друкавацца. Учора — аж тры аўтары. (...) Грамовічу мы з Пташнікавым далі зразумець, што другая частка, "Яны далі слова", у некалькі разоў горшая за першую. Далі, а не сказалі. I дарэмна — твор, які наогул нельга правіць, а трэба выкінуць на сметнік, ён праз тры дні паправіў. (...) Калі яму сказалі, што галоўная гераіня — фальшывая, ён нам палітыку пачаў прышываць. Не, нас не возьмеш гэтым! Мы далі дружны адпор. Дый што гэта — права аднаго прышываць другому палітычную блізарукасць, непаўнацэннасць
Калі не адаб’ёмся — прападзём.
Скрыган паехаў у водпуск. Што з яго заявай — невядома...
Узнікла жаданне — на падставе Пяткевічавых кніг і таго, што сам ведаю пра Палессе, напісаць нешта — ні то дзённік, ні то запіскі, ні то ўспаміны. Нешта вольнае, незвычайнае па форме. Вось як закончу "Аксану", адразу ж і вазьмуся. Натхняе на гэта і А.Чарнышэвіч — чытаў яго незакончаныя рэчы і зноў шкадаваў: які харошы пісьменнік, не адгаварыўся, адышоў раней часу.
Сёння зноў секцыя. Абрыдла. Трэба гаварыць пра Мялу. Шамякін і Макаёнак чамусьці цягнуць яго ў літаратуру, у Саюз. Адбіваемся, як толькі можам. Харошыя беларускія хлопцы забытыя, а толькі з’явіцца нехта рускі — цягнуць яго за вушы бягом у Саюз. Друкуюць, рэкамендуюць, прабіваюць...
Стварылі часопіс "Нёман", а цяпер вакол яго ствараюць беларускую літаратуру на рускай мове. (...) Патрэбны Літфонд ды невялікія групоўкі, накшталт дарэвалюцыйных (кружкі) ці паслярэвалюцыйных. А то сабралі разам графаманаў, журналістаў і чортведама каго з пісьменнікамі і ні пагаварыць пра літаратуру, ні паспрачацца. Няма "потолка", няма на каго раўняцца. Асабліва адсталая так званая "руская" секта. (...) Злосны я нейкі зрабіўся. Трэба пляваць на ўсё і пісаць сваё. За мяне майго ніхто не напіша. Трэба штодзень пяром вадзіць і вадзіць, паку ль тахкае ў грудзях сэрца, паку ль родзяцца ў галаве думкі, пакуль не анямела рука...
13.5.67 г.
Знайшоў сабе я добрага сябра — гэты дзённік. Ёсць з кім цяпер і параіцца, ёсць каму выліць сваю крыўду.(...)
Два вечары пілі каньяк. Адзін — з Наўроцкім, другі — з Вярцінскім. Добрыя хлопцы. Асабліва Алесь. Гаварылі, што ў кожнага на душы. Памром і ведаць не будзем, хто нас акружае. Рэдка бачымся, рэдка гаворым шчыра адзін з адным. Рэдка давяраем.(...)
17.5.67 г.
Патрошку пішу, і гэта мяне радуе, супакойвае. У літаратуры астаюцца творы, а не тыя пасады, чыны, што меў пры жыцці пісьменнік. Няма твораў, няма і пісьменніка. Шкада, што душэўнай раўнавагі, заглыбленасці ніяк нельга дасягнуць, працуючы ў рэдакцыі. Учора — абмеркаванне часопіса "Беларусь" у Саюзе, сёння — рэдкалегія "Полымя", заўтра — пасяджэнне Літфонду. I ўсюды — нейкія спрэчкі, яны так ці інакш кранаюць цябе. Учора я прамоўчаў, хаця гаварыць хацелася. Калачынскі дабіў да ручкі "Беларусь", часопіс зрабіўся горшы, чым быў пры Гурскім. Няма ў часопісе апавядання, няма краязнаўства, няма гісторыі... А сёння адмоўчацца не ўдасца. Кавалёў хоча ўзяць у аддзел прозы Арабей. Скрыгана няма, у адпачынку. Трэба зноў усё пачынаць спачатку. Ідучы са сходу, бачыў Пташнікава. Сказаў — ён за Дамашэвіча. Я — таксама. Паспрабуем пастаяць за сябе. Вечар цэлы хадзіў з Клышкам. Яму Кавалёў прапанаваў узяць аддзел навукі. "Так, — кажа, — Танк раіць".
Я радуюся, што мне ніхто нічога не прапаноўвае. Асабліва Кавалёў. Быць яго доўбняй я не хачу. I нічыёй не хочу быць. Хачу быць самім сабою, ні пад каго не падрабляцца, хачу рабіць, пісаць сваё.
19.5.67 г.
Зусім неспадзявана я еду ў Маскву, на IV з'езд пісьменнікаў. Адмовіліся ехаць Гурскі і Вітка, і Сакратарыят дамогся, каб паслалі Стральцова і мяне. Пазваніла Таццяна Кузьмінічна, якраз ішла рэдкалегія, і я не ведаў, радавацца мне ці не. Якраз аповесць "пайшла", і трэба перапыняцца. А перапыняцца мне — гэта амаль усё адно што пакінуць незакончаны твор. 3 другога боку, пабыць на з'ездзе — хочацца. Пабачыць у твар Шолахава, Ляонава, Твардоўскага, Паўстоўскага, Казакова, Еўтушэнку, Нікіціна, паглядзець, як хто рэагуе, наогул паводзіць сябе, пачуць непасрэдна самому, што такое з'езд, — прываблівае ўсё гэта вельмі. З’езд, праўда, юбілейны, але, як кажуць, "чым чорт не жартуе..." (...)
Усю дэлегацыю сабралі ў Саюзе. Прыйшоў Пілатовіч — ён мерыўся ехаць у Балгарыю, але Дземічаў прыслаў тэлеграму, каб Пілатовіч быў на з'ездзе. Ад Беларусі едуць 21 дэлегат і 9 гасцей. Сказалі, з кім трэба сустракацца, парадак дня з’езда і г.д. Адчуванне такое — калі хочаш дабыць да канца на з’ездзе, калі хочаш, каб табе пасля давяралі, — вядзі сябе належна. Не пі, не гуляй з дзеўкамі, не гавары абы-чаго, не апладзіруй, дзе не трэба. З’езда ўсё ж сёй-той баіцца, таму і суровасць, дысцыпліна. Ведаю: будзе сумна без работы, без добрых хлопцаў, без некаторых размоў. Суцяшаю: ёсць Стральцоў, Быкаў, Навуменка, Адамовіч, Мележ. 3 кім-небудзь я сыйдуся, буду гаварыць. Дый справы ў Маскве ёсць — кніга ж у "СП" выходзіць.
Читать дальше