Глядзець калі не на пяць вякоў наперад і ўглыб, дык хаця на пяць пакаленняў!
Рэдактара ў нас няма. Ды ніхто і не гаворыць пра рэдактара. Надакучыла, абрыдла. Дый пра нішто ніхто не гаворыць. Юбілейны год. Кожны думае пра нешта сваё. 3 аднаго боку, гэта добра, з другога — не зусім.
12.3.67 г.
Гаварыў з М. Аказваецца, супраць яго павялі атакі. (...) Усё залежыць цяпер будзе ад ЦК і самога М. (...)
Няма пакуль што асобы, якая б з'яднала ўвесь Саюз. Броўка адышоў, але многа вельмі людзей, якія хочуць Броўкі. Калі не старога, то новага. (...)16.3.67 г.
Барацьба за "Полымя" ўступіла ў новую, апошнюю фазу. Гавораць — на гэтым тыдні ўсё скончыцца, нікога з сакратароў самі ж сакратары не пускаюць. Брыль заявіў, што калі хто з сакратароў здрадзіць і пойдзе на "Полымя", то ён падасць заяву аб сваім адыходзе з сакратароў. "Трэба ўсім быць разам, і толькі разам". I на "Полымя" асталіся старыя прэтэндэнты — Пашкевіч і Кавалёў. Пашкевіча параіў Панчанка, і сакратары згадзіліся, каб Пашкевіч браў "Полымя". Бачыла — за Пашкевіча, Скрыган — за Кавалёва. Скрыган пайшоў гаварыць з Танкам, каб не згаджаўся на Пашкевіча. Танк ад’язджаў у Маскву і займацца падборам рэдактара даручыў Шамякіну.
Пайшлі "Полымем" у Саюз. Сустрэлі Панчанку. "Ідзіце да нас рэдактарам". "3 радасцю 6!" — і падняў рукі. "Але што зробіш, калі бардак..." — і ён паказаў на Саюз, там якраз ішоў Сакратарыят.
А назаўтра зусім выпадкова сустрэліся ў Саюзе Адамчык, Стральцоў і я. 3 пяці гадзін да 10 вечара — спачатку ў Саюзе, потым на кватэры ў Мележа, за чаркаю — пераконвалі Мележа і Шамякіна ўтраіх, што нельга Пашкевічу аддаваць "Полымя". (...) "Полымя" ж — гэта для Беларусі адзіны агеньчык, яго лёгка можна патушыць. Уся літаратура робіцца ў "Полымі". Надрукуецца — ёсць твор, ёсць пісьменнік. "Полымя", можа быць, важней за Сакратарыят.
Пераканалі, здаецца, і Шамякіна, і Мележа. (...)
Дарогаю Шамякін сказаў, што яму няёмка скакаць праз галаву Танка, але ён пойдзе ў ЦК да Пілатовіча і ўсё яму даложыць. Пашкевічу нельга аддаваць "Полымя".
Сёння сустрэў у выдавецтве Мележа. Крывіцца, рука 6аліць, трэба ехаць некуды лячыцца. Я прывёў яму яшчэ некалькі довадаў супраць Пашкевіча. "А ты на маё месца ў Саюз пойдзеш?" — спытаўся раптам. Я збянтэжыўся. "Ніхто мне такой пасады не прапаноўвае". I зноў Мележ пачаў хітраваць, гаварыць пра свае хваробы... на тым і рассталіся...(...)
Пра творы свае няма калі думаць. Трэба думаць, дзе іх і як друкаваць. Другая аповесць пішацца, а каму яе паказаць такому, каб надрукаваў?
1.4.67 г.
Здаецца, спрэчкі вакол "Полымя" пачалі затухаць. У "Полымі" ёсць рэдактар — Кавалёў. П.Кавалёў — найменшае зло, і не дзіва, што Сакратарыят — за яго.(...)
Кавалёў усё ж будзе цягнуцца да сакратароў, ён даб'ецца льготы, памяшкання, у яго няма групы, на яго можна ўплываць, а галоўнае — ён стары чалавек і больш 5 — 6 год у "Полымі" не пабудзе. Можна яго нават павысіць, перавесці ў сакратары...
Сёння, кажуць, Кавалёва зацвярджаюць. "Першакрасавіцкі жарт": Кавалёў — рэдактар "Полымя".
Учора быў вечар апавядання ў Саюзе. Прачытаў "Невядомы геній", "Каменні" і "Скарга". Некаторыя гаварылі, навошта чытаў такія творы. Не пагладзяць за іх... Ды ліха з імі, хай не гладзяць. Павышэння мне не трэба, я не хачу яго. Гэта, можа, мне дапаможа, каб не ставілі на мяне, не рабілі стаўкі... У вогуле на вечары апавяданні хвалілі, хоць і рабілі некаторыя заўвагі...
4.5.67 г.
Вось Кавалёў і рэдактар "Полымя". Якраз хавалі А.Рылько. Падышоў на могілках да мяне, пытаецца: "Дык што, сёння сустракаемся?" — "Дзе, што?" — "Ты не ведаеш?" — "Не". — "Няўжо вас ніхто не папярэджваў?" — "Не, не папярэджвалі". Пачырванеў. Не даў на могілках пабыць да канца пахавання, пасадзіў мяне ў машыну, паехалі. Дарогаю: "Хто ў рэдакцыі мой вораг? Як Бачыла? Хто не хацеў, каб мяне прызначалі?" Я змікіціў, што ён хоча мяне мець за даносчыка. "Эге, не за таго мяне трымаеце!" Сказаў, што будуць у яго і праціўнікі, можа, будуць і сябры. Але зважаць на гэта не трэба, літаратура ёсць такая справа, што ўсе аднолькава думаць, а тым болей пісаць не могуць. Рэдактарская справа — не даць загінуць лепшаму, даць яму дарогу, калі трэба — падтрымаць і матэрыяльна, і духоўна. "Каго ў аддзел прозы думаеце ўзяць?" — "Дамашэвіча альбо Адамчыка". — "А я за Арабей. Яна кандыдат навук, і калі што — па крытыцы магу з ёй раіцца". — "Але ж у рэдкалегіі нашай ёсць акадэмікі. Райцеся з імі. Нам трэба ў аддзел празаік, добры пісьменнік і работнік".
Змоўк. Хацеў, каб ля рэдакцыі мяне высадзіў. Не, давёз да Саюза, схадзіў паклікаў Танка, паехалі ў рэдакцыю.
Читать дальше