Кавалёва перасмыкнула, калі даведаўся, што я еду ў Маскву, — выходзіць, не толькі рэдактары едуць, а і літработнікі. Яму нялёгка было на рэдкалегіі — давялося паўтараць тое, што нядаўна зусім мы яму паўтаралі: якасць, якасць і яшчэ раз якасць.(...)
23.2.68 г.
Учора ў рэдакцыю зайшоў А.Куляшоў. Прынёс пераклад "Песні пра Гаявату". Сядзеў на рэдактарскім крэсле, гаварыў, што цяжка вельмі аставацца адзін на адзін з хваробай. Каб неяк скаратаць час, узяўся перакладаць. 28—30 радкоў у дзень. Паэту наогул, каб не траціць формы, трэба штодзень нешта рабіць. Калі няма сваіх задумак, трэба перакладаць. Я заўважыў, кажа А.Куляшоў, што некаторыя пісьменнікі, калі не пішацца, вядуць запіскі. Падазраю, што гэта робіць А.Твардоўскі.
Быў бледны, нейкі вельмі ветлівы, блізкі з усімі.
***
Вялюгін расказваў пра сустрэчу з Панамарэнкам. Панамарэнку паклікаў Сталін да сябе перад самым вызваленнем Заходняй Беларусі. Дамовіліся — Вільня адыдзе да Літвы.
"Палітычнае значэнне". Вярнуўся Панамарэнка ў Мінск, зноў кліча да сябе Сталін. Прыязджаем да Сталіна — у пакоі ў яго Хрушчоў. "Вось мы з вамі дамовіліся адносна межаў Беларусі". А Хрушчоў кажа: "Пінская і Брэсцкая вобласці павінны адысці пад Украшу". Панамарэнка пачаў даказваць — "па-першае, не Беларусь будзе, а нейкая кішка. Па-другое — што ж мы вызваляем, адну вобласць? Па-трэцяе — этнаграфічна і этнічна вобласці гэтыя беларускія". "Ну вось, таварыш Хрушчоў, таварыш Панамарэнка гаворыць правільна. Можаце ісці".
Калі выйшаў Хрушчоў, Сталін сказаў: "Вобласць не вобласць, а раён можна аддаць Украіне". Аддалі палову Жлобінскага раёна...
29.3.68 г.
Учора слухаў "Слова пра Горкага" Ляонава. Ёсць усё ж у Расіі яшчэ сумленне. Ёсць. Сказаць проста ў вочы праўду не толькі ўраду, але і ўсяму народу, ды яшчэ ў такі час, калі адусюль лезуць "вусы",— трэба мець мужнасць. Як пасля ні стараліся звесці ўздзеянне прамовы Ляонава розныя Собалевы, Ціханавы, Сурковы і К, — нічога не выйшла. У вушах кожнага, хто слухаў Ляонава, гучалі ў той вечар словы Ляонава. Малайчына! Так адхвастаць усіх "власть имущих ", усю "камарыллю", усіх кукальнікаў, што круцяцца, жывуць каля літаратуры! 3 пісьменніка Горкага хацелі зрабіць чарговы палітычны бум, чарговую кампанію! Па-мойму, не ўдалося... Сарваў Ляонаў!
Літаратура — справа святая. Няма чаго да яе прымазвацца, лезці ў яе з бруднымі рукамі, у галёшах... I раўняць яе толькі да штыка. Літаратура — сумленне народа. Калі літаратура перастане быць сумленнем, яна будзе непатрэбнай народу. Цікава, ці надрукуюць прамову Ляонава сёння газеты? Калі б я быў на месцы Ляонава, я не дазволіў бы выкінуць ці скараціць ні слова — або ўсю прамову друкуйце, або зусім не друкуйце. А можа, зробяць выгляд, што нічога не адбылося? Як робяць выгляд ужо вось некалькі год...
Калі ў Расіі ёсць такія людзі, як Ляонаў, Паўстоўскі, Салжаніцын, — значыць, жыве яшчэ літаратура, дыхае...
Яшчэ раз пераконваюся — не варта верыць усяму часоваму, наноснаму. Праходзіць час, і ўсё становіцца на сваё месца. У літаратуры трэба працаваць, рабіць тое, што рабілі лепшыя за цябе да цябе. А ўсё астатняе — лухта, пазалота, якая можа вабіць толькі людзей недалёкіх, несумленных. (...)
Пісьменнік працуе, калі непасрэдна і не сядзіць за сталом, не піша. I часам, можа, карысней не пісаць, а чытаць, думаць. Думаць не толькі пра другіх, але і пра сябе, пра напісанае табою і тое, што трэба пісаць. Урэшце, астанецца ў літаратуры не колькасць, а якасць. Якасць, якасць і яшчэ раз якасць! I трэба быць далей ад часовага поспеху, часовай хвалы, тым болей што крык вакол таго ці іншага твора падымаюць людзі, як правіла, далёкія ад літаратуры. Сапраўдную цану твору ведаюць заўсёды толькі некалькі чалавек, адзінкі...
Ледзь-ледзь не пайшоў з "Полымя". Нельга больш цярпець. Невук хоча дыктаваць літаратуры свае законы. Хоча, каб мы былі нямыя, як рабы. Калі гаворыш яму, як павінна быць, крычыць, абражае, папракае ў палітычнай слепаце... Дай свінні рогі! Штотыдзень пераконваюся, які гэта недалёкі чалавек, баязлівец, няўдачнік. Каб прымеў — здаецца, паеў бы ўсё таленавітае, жывое...
Перастаў я сварыцца, даказваць нельга. Няма карысці з гэтага ані...
2.4.68 г.
Зайшоў у "Полымя" ўчора Танк. Даўнавата не быў у нас. Гаварыў пра сёе-тое. Папыталі — ці чуў Ляонава. Не, не чуў...
Потым Адамчык, Чыгрынаў і я пайшлі ў Саюз. Там зноў сустрэлі Танка. Ішлі з ім да яго дома. Пытаў пра "Полымя". Расказалі. Прасілі, каб "Полымя" аддалі аднаму з сакратароў. Усё беларускае можа загінуць, калі будуць і далей такія рэдактары. (...) "Не слухае мяне ніхто. Усё адно робяць, як самім хочацца. Глядзяць скоса. А то і сварацца..." — "За што?" — "Пісьмо пра выдавецтва... Ведаеце. Дык нам твораў не трэба было называць канкрэтна, што зжэрлі ўсю паперу... Горкага і Фадзеева".
Читать дальше