І яшчэ на гэтую тэму: «Усё рабілася даволі спрытна - камсамол закідваў сеткі, яны былі вельмі густыя, і калі туды трапляў чалавек з талентам, яго вылаўлівалі і пачыналі падымаць, падымаць.»
Рысу пад гісторыяй пацалунка Някляева з Брэжневым можна, бадай, падвесці словамі вядомага пісьменніка Віктара Казько: «Някляева ўзвялі ў ранг амаль афіцыйнага паэта. Ад імя маладых літаратараў ён агучваў вітанне партыйнаму з’езду, яму пляскалі ў далоні сакратары ЦК КПСС Брэжнеў і Гарбачоў. Што гэта было? Гэта было прызнанне. І як бы мы не адносіліся да савецкага мінулага, - не беспадстаўнае. Тая ўлада ўмела распазнаваць сапраўдны талент і пустое, хаця і звонкае, мілае яе сэрцу графаманства. Умела расстаўляць фігуры па шахматнай дошцы сваёй прасторы. Але Някляеў і ў той час не быў паслухмянай фігурай, якой можна гуляцца. «Як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так згадва- ецца запавет Канфуцыя: “Ніколі не распавядай пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім - прыўкрасяць”».
«...ТАМУ І ЦІСНУЦЬ»
У 1985-м у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла паэтычная кніга Някляева «Наскрозь». Леанід Дранько-Майсюк сведчыў: «Я быў рэдактарам і добра памятаю складаны шлях згаданай кнігі да чытача - былі заўвагі і ад Дзяржаўнага камітэта па друку, і, вядома, ад цэнзурнага камітэта.
Унутрывыдавецкую рэцэнзію напісаў Міхась Стральцоў.
Пасля яму давялося напісаць яшчэ і дадатак да сваёй рэцэнзіі - гэта, каб адбіцца ад новых прыдзірак да някляеўскіх твораў.
З пункту гледжання тагачаснай ідэалогіі кніга “парушала” прызначаныя правілы, таму службоўцаў можна было зразумець.
Міхась Стральцоў іранічна пасміхаўся: “Адчулі, таму і ціснуць.”
Кнігай “Наскрозь” Уладзімір Някляеў развітваўся, сам таго не разумеючы, з Савецкім Саюзам, з уласнай савецкасцю і пасля такога неспадзяванага развітання надоўга (на адзінаццаць год!) замоўк».
Сапраўды, паўза маўчання была аж занадта вялікай - наступная кніга Някляева выйшла толькі ў 1996-м. Што ж тычыцца ўнутрывыдавецкай рэцэнзіі, дык адзін з найталенавіцейшых беларускіх паэтаў - Міхась Стральцоў - пісаў:
«РЭЦЭНЗІЯ
на рукапіс зборніка вершаў Ул. Някляева “НАСКРОЗЬ”
Здаецца, перасталі гаварыць пра падзел паэтаў на “ціхіх” лірыкаў і адпаведна. на каго? Публіцыстаў у вершах, рацыяналістаў у падыходзе да жыццёвага ма- тэрыялу, халодных эксперыментатараў у слове? І праўда - ці не здымаецца такое супрацьстаўленне самім часам, самім развіццём і паглыбленнем рознанакіраваных паэтычных тэндэнцый, тэмпераментаў - узаемапранікненнем іх?
Ул. Някляеў сярод паэтаў свайго пакалення заўсёды вызначаўся выразнай ак- тыўнасцю грамадзянскай пазіцыі, чуйнасцю да ўсяго новага ў жыцці і самой паэзіі - гэта тычылася і формы, і “тэхналогіі” верша. Часам гэта рабілася з выклікам, часам знарок (ці заўсёды знарок?) спрашчаліся жыццёвыя сувязі, часам выснова была для аўтара значней за сам “доказ” - паэтычны, вядома.
Але пачала заяўляць свае правы і сталасць. Ураўнаважанасць (не за кошт тэмпераменту), цяга да сінтэзу (узбагачэнне сродкаў), да жанравай шматмернасці (пры захаванні стылёвага адзінства).
Такі, дарэчы, Ул. Някляеў у новым зборніку “Наскрозь”.
Наскрозь - дабро і зло,
Цвікамі скрозь далонь.
Хто пойдзе на святло,
Той выйдзе
на агонь.
Хто пойдзе на імглу -
На попел прыйдзе той.
Наскрозь - дабру і злу -
Адкрыты шлях.
Не стой!
(“Наскрозь”)
Дабро і зло - у жыцці, у душах людскіх, выявы дабра і зла супярэчлівыя, як само жыццё, і мера іх - у падключанасці чалавека да гістарычнага і грамадскага вопыту народа, да лёсу чалавецтва наогул.
Мне здаюцца праграмнымі для Някляева такія вершы, як “Рэйсавы аўтобус” і “Варшава, верасень-82”. Сталыя вершы. Прынцыпова значныя не для аднаго Някляева. Вывераныя мерай асабістай адказнасці за ўсё, што дзеецца на свеце, і за ўсё, што для паэта сталася ўжо словам, ягонай справай прафесійнай. У “Варшаве”, напрыклад, знойдзена па-грамадзянску і па-чалавечы дакладная (“далікатная” пры тым) інтанацыя ў гаворцы пра рэчы балючыя і трагічныя - сведчанне паэтыч- най і грамадзянскай зноў жа сталасці аўтара. Мне, літаратару, хочацца шчыра павіншаваць калегу з гэтай удачай, важнай не толькі для яго. Для паэзіі наогул.
Сярод вершаў прынцыпова ўдалых назаву яшчэ “На памяць”, “Воблака над школай”, “Роднае”, “Жаўна”, “Пытанне”, “Адказ”.
Цікавым здаецца мне раздзел “балад”, а ў ім - “Кажух” і “ЕС 987 654 320+1 (стэнаграма аднаго эксперымента)”. Пра “Варшаву” я ўжо гаварыў.
Читать дальше