Доўгія вязенскія дні Карусь Каганец змог расквеціць толькі творчай працай. На працягу ўсяго астрожнага побыту ён шмат маляваў — па ранейшых задумах, па просьбах-замовах сукамернікаў. «Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, адно — два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў» , — апавядаў ён у лісце да жонкі.
У той час будучы народны пясняр і класік нацыянальнай літаратуры Якуб Колас быў таксама вязнем «Пішчалаўскага замка» — і, зразумела, не па злачынна-крымінальнай справе…
Лісты ад родных і знаёмых — рэдкія «госці» ў турме — былі вялікай радасцю. Першае пісьмо ад жонкі ў час зняволення ён атрымаў у нядзелю, 1 жніўня. Вось толькі пісала жонка часткова па-польску, часткова лацінкай па-беларуску, праз што абвастрыла пільнасць турэмная цэнзура. Настрой у жонкі быў кепскі, і тое турбавала і непакоіла больш за ўсё. «Чаму ты падаеш духам і пішаш так нявесела, ты б павінна і мне бодрасць паддаці, а не адбіраці той, якая ё. Я ж бо маю надзею, што вярнуся да вас здароў і што зажывема лепей, як дагэтуль жылі» , — мусіў супакойваць яе Карусь Каганец.
Напрыканцы жніўня на спатканне прыйшоў старэйшы сын Янка — ён прытуліўся ў Шабуняў і меркаваў паступаць у гарадское вучылішча, — і адразу ледзь не расплакаўся. Міхась Кардэцкі, які сядеў у адной камеры з Карусём Каганцом і па той жа справе, перадаў тады хлопцу 10 зэканомленых рублёў і кавалак цукру…
Сум браў і па астатніх дзецях. «Мірко, мой даражэнькі, сыночак ты мой любенькі! Як ты там? Хочацца мне пабачыць цябе, Галюшку і Міленьку, ды нельга. Сяджу я за сценамі, за мурамі, за жалезнымі варотамі, і сядзеці мне яшчэ доўга…» , — пісаў ён дадому — і ў прыкрым балючым одуме выводзіў свой адрас: «Минск. губ. Крепостному Казимиру Карловичу Костровицкому в тюрьме» . Так, ён быў «крепостнымъ», а ў асуджаных да зняволення ў крэпасці, на радасць, быў крыху лягчэйшы рэжым: яны атрымлівалі 10 капеек у дзень на яду, самі гатавалі, мелі самавар, камера ў іх зачынялася толькі ноччу…
Не на дабро наваліліся кепскія сны пра дзяцей, а да ўсяго — ад жонкі брата Амброзія прыйшла вестка, што «Галюшку хочуць узяць на выхаванне якоесь панства»…
Пагоршылася і астрожнае жыццё. Наступіла восень, у камеры паболела людзей, стала пыльна, вокны адчыняць забаранілі. Дзень пакарацеў, а прагулка была адна…
І па-ранейшаму, стомлены і сумны, кожную новую раніцу ён прачынаўся а шостай і чакаў абуджэння званоў нядаўнаўзведзенага Чырвонага касцёла, зачаравана прыслухоўваючыся да строга-велічных i ўрачыста-спакойных гукаў, i ў яго душу, збалелую i стомленую, пачало ўлівацца святло Боскай праўды, — у які ўжо раз да пакутніка прыходзіў збавіцель-ратавальнік...
У паэтычнай ліры Каруся Каганца абуджаецца струна новага, клерыкальнага ладу. Толькі чуць яе доўгія дзесяцігоддзі мы не мелі магчымасці. Вершы згаданага плану то знікалі, то перахоўваліся, то «не заўважаліся» даследчыкамі.
З твораў Каруся Каганца рэлігійнай тэматыкі трэба назваць вершы «Устань, народ, прачухайса...», «Купалле (лета)», «Дзяды (восень)», «Каляды (зiма)», «Юр’е (вясна)», «Аб долю сям’і», «Малітва вячэрняя», «Малітва ранняя», а таксама невялікую паэму «Вялiкi чацвер», якая псіхалагічна ўзнаўляе біблейскі сюжэт аб ахвяраванні сабой Ісуса Хрыста. Перад намі — добраахвотны выбар Бога, які «свету соладзь ўсю да краю // мог бы сабе смакаваці» , але які дзеля выратавання чалавецтва аддае сябе на жахлівае пакаранне:
І вот у страху і трывозі,
Збалеўшы целам і душой,
Прымаў ён чару з рук Яговы,
Украй напоўнену тугой…
Хрыстос паўставаў перад чытачом «ачалавечанай» асобай, якой таксама ўласцівы і боязь смерці, і пакуты горычы. Але тое не прыніжала, а, наадварот, яшчэ больш узвялічвала і ўвекавечвала Яго подзвіг, — у якім асацыятыўна маглі прачытвацца і ўчынкі самаадданай дзейнасці Каганцовых таварышаў па агульнай барацьбе з «ненавіснай цемрай». Як, зрэшты, і лёс самога Каганца…
Тэма Бога і ўвогуле рэлігійныя матывы адлюстраваны ў творчасці паэта надзвычай шырока — шырэй, чым у астатніх беларускіх творцаў таго часу і нават святароў-паэтаў Андрэя Зязюлі і Казіміра Сваяка. У гэтым няпростым і засмечаным жыцці пісьменнік шукаў той чысты і светлы шлях да народнага аднаўлення і абуджэння свайго краю.
У просьбах-маленнях да Госпада па-мастацку глыбока і шчыра выявілася сама асоба аўтара, ягоны лёс і лёс родных — як у вершы «Аб долі сям’і»:
Читать дальше