Аркуш Алесь
Стаць эўрапейцамi, застаўшыся беларусамi (на белорусском языке)
Алесь Аркуш
"Стаць эўрапейцамi, застаўшыся беларусамi"
Маё знаёмства з Iгарам Бабковым адбылося на адным зь першых пасяджэньняў лiтсуполкi "Тутэйшыя". У той час я вучыўся на апошнiм курсе наргасу i штодзень езьдзiў на заняткi з Жодына. Запрашэньне на ўдзел у "Тутэйшых" я атрымаў па пошце ад Алеся Бяляцкага па рэкамэндацыi Анатоля Сыса. Улiчваючы бэсэсэраўскую "вандэйнасьць", гэта быў рызыкоўны праект - нечуванае вальнадумства i апазыцыйнасьць. Першыя арганiзацыйныя захады рабiлiся кансьпiратыўна. Сустрэчы адбывалiся ў iнтэрнацкiм пакоi асьпiранта АН БССР Алеся Бяляцкага. Палова першага актыву суполкi нiякага дачыненьня да лiтаратуры ня мела, як, напрыклад, Генiк Лойка i Алесь Костка - проста надзейныя беларуска-сьведамыя хлопцы. Першы раз на пасяджэньне я патрапiў 15 лютага 1987 году. Якраз у той дзень адбывалася калектыўная чытка крамольнай п'есы Купалы "Тутэйшыя" i апошняе абмеркаваньне - варта цi "не" называцца "тутэйшаўцамi". У той вечар я i пазнаёмiўся з Iгарам Бабковым. Пасьля таго, як шаноўны сход прыйшоў да кансэнсуса - назва "Тутэйшыя" тое, што трэба, - Алесь Бяляцкi прапанаваў абмеркаваць вершы пачаткоўца, прозьвiшча якога мне нiчога не гаварыла. Здаецца, на той час Iгар яшчэ ня меў нiводнай публiкацыi. Ва ўсякiм разе тыя вершы, якiя ён прачытаў, нiводае афiцыйнае беларускае лiт. выданьне ў 1986 годзе не надрукавала б. У такiх выпадках супрацоўнiкi рэдакцый аднолькава тлумачылi прычыну адмовы - хiба такiя вершы ў нас хто зразумее? У 1992 годзе некаторыя з тых твораў, якiя я пачуў на сваёй першай "тутэйшаўскай" сходцы, былi надрукаваныя ў зборнiку "Solus Rex" (Менск, "Мастацкая лiтаратура"), за якую Iгар Бабкоў атрымаў лiт. прэмiю за лепшую кнiгу года "Глiняны Вялес" (1993), заснаваную Таварыствам Вольных Лiтаратараў. Праўда, кнiжка гэтая выйшла накладам 300 асобнiкаў i разышлася пераважна па знаёмых (зь Менску мне яе прывёз Уладзiмiр Арлоў). А першая "тутэйшаўская" presentation прайшла для Iгара надзвычаў горача, бо ягоныя вершы былi моцна скрытыкаваныя Анатолем Сысам. Не памятаю, што менавiта не спадабалася паэтычнаму каралю канца 80-х, але Анатоль катэгарычна заявiў, што гэта пакуль ня вершы. Баранiў пачаткоўца Алесь Бяляцкi, якi некалькi разоў назваў Бабкова "файным" паэтам, а ягоныя версiфiкацыйныя эксперыменты - "файнымi" вершамi.
Больш блiзкае знаёмства зь Iгарам Бабковым у мяне адбылося праз год на "iслацкай" нарадзе маладых. Яна пачалася 5 сьнежня 1988 году. Я ўжо стала жыў у Наваполацку, меў кнiжку, сям'ю i нават сына (з чым мяне афiцыйна павiншаваў iнфармацыйны "тутэйшаўскi" бюлетэнь "Кантроль" (!)). На нараду прыехала шмат цiкавай лiт. моладзi. Сама па сабе сфармавалася групоўка, якая трымалася разам на абмеркаваньнях i ўвогуле паводзiла сябе радыкальна - у выказваньнях, дыскусiях, кулуарах. Гэтыя творцы мелi блiзкiя погляды на творчасьць i, пазьней, менавiта яны склалi ядро "элiтарнага" крыла маладой беларускай пазii (тэрмiн "элiтарная" выкарыстаны ўмоўна i хутчэй зьяўляецца антонiмам слову "масавая"). Iгар Бабкоў, Юрась Пацюпа, Галiна Дубянецкая, Тацяна Сапач. На нарадзе яны стварылi свой рукапiсны ворган - насьценную газэту "Масонская лажа". Нiякага перасьледу за гэта не было, але вывесiць газэту на шырокае азнаямленьне не дазволiлi. Напэўна, пасьля нарады i нарадзiлася ў мяне iдэя неяк фармалiзаваць знойдзенае паразуменьне маладых паэтаў. Я напiсаў манiхвэст паэтычнай суполкi "Вунiя" i разаслаў "дакумэнт" меркаваным яе сябрам, у тым лiку i Iгару Бабкову. Ён адказаў грунтоўным разглядам. Назваў атрыманы тэкст хутчэй статутам, бо калi пiсаць манiхвэст, дык "ён таксама мусiць быць творам мастацтва - паэзiяй або эсэ цi штосьцi iншае. Тады ён мае глыбiню i шматмернасьць. I галоўнае - у iм павiнны быць не намеры i абяцаньнi, а думкi i iдэi, якiя iстотным чынам паўплываюць на iснаваньне мастацтва сёньня". Iгар не адмаўляў iдэю стварэньня суполкi, але ўбачыў у яе назове iншыя далягляды. "Мне здаецца, сам назоў правакуе на iдэю ЎЗЬЯДНАНЬНЯ З ЭЎРОПАЙ - а што ёсьць вунiя! Штосьцi накшталт - "станем эўрапейцамi, застаўшыся беларусамi".
"Вунiя" так i не была створана. Я тады ня мог дакладна патлумачыць неабходнасьць узьнiкненьня падобнай суполкi. Гэта цяпер стаў разумнейшы патрэбна для фармаваньня пэўнага лiтаратурнага кантэксту, калi хочаце прывабнай гiсторыi лiтаратуры; спрыяе лiтаратурнаму працэсу - акрэсьлiвае вэктар разьвiцьця i эстэтычных пошукаў; дапамагае выконваць шэраг функцыянальных, арганiзацыйных задач. "Вунiя" зьявiлася прадвесьнiцай Таварыства Вольных Лiтаратараў.
Читать дальше