— Позна! — адказалі ёй вартаўнічыя пчолы.
— Сёстры, калі ласка! Мне хочацца спаць!
— Позна! — зноў быў ёй адказ.
— Сяброўкі, мне холадна! Злітуйцеся!
— Немагчыма!
— Даруйце астатні раз! Я памру!
Тады вартаўнічыя пчолы сказалі:
— Не, ты не памрэш. Але за гэтую ноч ты даведаешся, што такое адпачынак, зароблены працаю. А цяпер — ідзі.
І яны выштурхалі яе.
Дрыжачы ад холаду, спатыкаючыся, з мокрымі крыламі, пчолка папаўзла прэч. Яна паўзла і паўзла, пакуль раптам не правалілася ў нейкую дзірку. А дакладней, гэта была не дзірка, а цэлая пячора, і пчолка пачала ў яе падаць.
Ёй здалося, што яна не перастане падаць ніколі. Але ўрэшце яна апынулася на дне і ўбачыла якраз перад сабой вялікую гадзюку — зялёную змяю са спінай чырвона-цагельнага колеру. Гадзюка ляжала, скручаная ў клубок, і пазірала на пчалу, гатовая на яе скочыць.
Папраўдзе тая пячора была дуплом у старым дрэве, і гадзюка зрабіла ў ім сваё логвішча.
Трэба сказаць, што змеі вельмі любяць пчол, бо пчолы для іх — вялікі ласунак. Таму, калі пчолка апынулася перад сваім ворагам, яна заплюшчыла вочы і шэптам прамовіла:
— Бывай, маё беднае жыццё! Сёння апошні раз мне давялося бачыць святло...
Але на яе вялікае здзіўленне, змяя не паспяшалася яе праглынуць і сказала:
— Ну што, як жывеш, пчолка? Відаць, ты не надта руплівая, што апынулася тут у такі позні час.
— Гэта праўда, — прамармытала пчолка. — Я не працую і таму вінаватая.
— Калі гэта так, — здзекліва прашыпела змяя, — дык я зараз звяду са свету такую паганую істоту, як ты. Я цябе зараз з'ем.
Пчала ўся задрыжала і крыкнула:
— Але гэта несправядліва, несправядліва! Несправядліва есці мяне толькі таму, што вы дужэйшая за мяне. Толькі людзі ведаюць, што такое справядлівасць!
— Га! — усміхнулася змяя і борздзенька зноў скруцілася ў клубок. — Дык ты добра ведаеш людзей? І ты думаеш, што людзі, забіраючы ў вас мёд, болей справядлівыя, апошняя ты дурніца?
— Не, яны не таму забіраюць у нас мёд, — адказала пчолка.
— А чаму ж тады?
— Таму што яны разумнейшыя.
Пчолка гэта сказала, а змяя зарагатала:
— Ну, справядліва гэта ці не, але я цябе з'ем. Рыхтуйся!
І яна адхілілася назад, каб скочыць на пчолку. Але пчолка паспела крыкнуць:
— Вы робіце гэта таму, што вы меней разумная за мяне!
— Я меней разумная за цябе, смаркачка? — засмяялася змяя.
— Так, — пацвердзіла пчала.
— Добра, — прамовіла змяя, — зараз пабачым. Давай прыдумаем два выпрабаванні. Выйграе тая, хто здолее зрабіць што-небудзь больш незвычайнае. Калі выйграю я, дык я цябе з'ем.
— А калі выйграю я? — спыталася пчолка.
— Калі выйграеш ты, — адказала непрыяцелька, — тады ў цябе будзе права правесці тут усю ноч, пакуль не развіднее. Згодная?
— Дамовіліся, — адказала пчала.
А змяя зноў засмяялася, таму што ёй прыйшло ў галаву такое, чаго пчала ніяк не магла б зрабіць. Вось што яна прыдумала.
Яна на імгненне — так хутка, што пчала не паспела нават вокам міргнуць, — выскачыла з дупла і вярнулася з капсулкаю эўкаліптавага насення — з таго самага эўкаліпта, што рос каля вулля, кідаючы на яго цень.
Хлапчукі звычайна круцяць гэтыя капсулкі, як ваўчкі, і называюць іх эўкаліптавымі ваўчкамі.
— Глядзі, што я зраблю, — сказала змяя. — Сачы ўважліва!
Яна адным махам як шпагат навіла вакол ваўчка свой хвост і раскруціла яго з такою хуткасцю, што ваўчок завярцеўся і страшна загуў.
Змяя засмяялася і нездарма, бо ніякая пчала ніколі не запускала і не здолела б так запусціць ваўчок. Але калі ваўчок, які, здавалася, ніколі не скончыць гусці і круціцца, нарэшце ўсё-такі паваліўся, пчала сказала:
— Гэта вельмі прыгожае выпрабаванне, і я ніколі не змагу так зрабіць...
— Значыць, я цябе з'ем! — крыкнула змяя.
— Пачакай хвілінку! Я не магу зрабіць гэтага, але я зраблю нешта такое, чаго не зробіць ніхто.
— І што ж гэта такое?
— Я знікну.
— Як? — крыкнула змяя і аж падскочыла ад здзіўлення. — Ты знікнеш, не выходзячы адсюль?
— Не выходзячы адсюль.
— І не хаваючыся ў зямлі?
— Не хаваючыся ў зямлі.
— Добра, паспрабуй! — сказала змяя. — Але калі ты гэтага не зможаш, я цябе адразу з'ем!
А ўсё ў тым, што пакуль ваўчок круціўся, у пчолкі быў час уважліва агледзець пячору, і яна ўбачыла, што там расце адна маленечкая раслінка. Гэта быў невялічкі кусцік, амаль траўка, з шырокім, як манетка ў два сэнтава, лісцем.
Пчолка падышла зусім блізенька да раслінкі і, стараючыся не датыкацца да яе, сказала:
Читать дальше