Але скаты як найхутчэй кінуліся да другога берага, і як толькі ягуарыха намацала зямлю, скаты накінуліся ёй на лапы і пачалі іх калоць шыпамі. Звер аж звар'яцеў ад болю! Ягуарыха раўла, скакала ў вадзе, узнімала лапамі цэлыя стаўбуры пырскаў. Але скаты зноў і зноў кідаліся ёй на лапы і так загарадзілі сабой дарогу, што ўрэшце ягуарыха павярнулася, паплыла назад і выскачыла на бераг. Усе чатыры лапы ў яе страшна распухлі. І тут ёй не ўдалося прайсці і з'есці чалавека! Але скаты таксама стаміліся. А горай за ўсё было тое, што ягуар і ягуарыха падняліся і пайшлі ў лес. Што яны задумалі? Гэта выклікала непакой у скатаў, і яны доўга раіліся. Урэшце яны сказалі:
— Будзе вось што: яны збяруць іншых ягуараў і прывядуць іх сюды. А калі прыйдуць усе ягуары, дык тады яны пройдуць!
— Ні, ніколі! — закрычалі сама маладыя скаты, якія былі не надта дасведчаныя ў жыцці.
— Пройдуць, даражэнькія! — са смуткам адказалі старэйшыя. — Калі іх будзе шмат, яны пройдуць... Давайце параімся з нашым сябрам.
І яны паплылі да чалавека, з якім, абараняючы пераход цераз раку, дагэтуль яшчэ не мелі часу пабачыцца.
Чалавек ляжаў, страціўшы шмат крыві, але мог ужо гаварыць і крыху варушыцца. Скаты хуценька расказалі яму пра ўсё, што здарылася, і як яны абаранялі пераход ад ягуараў, якія хацелі яго з'есці. Паранены чалавек быў вельмі расчулены прыхільнасцю скатаў і ласкава пагладзіў тых, што былі бліжэй да яго. Урэшце ён сказаў:
— Нічога не зробіш. Калі ягуараў будзе шмат і яны захочуць прайсці, дык пройдуць...
— Не пройдуць! — сказалі меншыя скаты. — Вы наш сябар, і яны не пройдуць!
— Пройдуць, даражэнькія! — сказаў чалавек.
І ціха дадаў:
— Адзіным выйсцем было б паслаць каго-небудзь да мяне дадому. Каб прынеслі вінчэстэр з набоямі... Але на рэчцы ў мяне няма ніякіх сяброў, апроч рыб... а сярод вас ніхто не ўмее хадзіць па зямлі.
— Што ж нам тады рабіць? — заклапочана спыталіся скаты.
— Чакайце, чакайце... — сказаў чалавек, праводзячы рукою па лбе, нібыта пра нешта прыпамінаючы. — Быў у мяне адзін сябар... капібара... Ён гадаваўся ў мяне дома і гуляў з маімі дзецьмі... Але потым ён зноў вярнуўся ў лес і цяпер, здаецца мне, жыве недзе тут, на Явэвіры... Але дзе — я не ведаю...
Тут усе скаты радасна загаманілі.
— Ведаем! Мы ведаем! — закрычалі яны. — Ягонае лагво на канцы вострава! Ён аднойчы расказваў нам пра вас! Мы зараз жа пашлем па яго!
Сказана-зроблена: адзін вялікі дарада адразу на ўвесь дых паплыў уніз па рацэ шукаць капібару. А чалавек тым часам развёў на далоні згустак крыві, каб зрабіць чарніла, і костачкай рыбы, якая была ў яго замест пяра, пачаў пісаць на сухім лісце, які яму замяняў паперу. І напісаў ён такі ліст: «Прышліце мне з капібарам вінчэстэр і цэлы пачак з дваццаццю пяццю кулямі».
Ледзьве ён закончыў гэта пісаць, як увесь лес задрыжаў ад глухога рыку: гэта падыходзілі ягуары, гатовыя ўвязацца ў бойку. А скаты хутчэй панеслі ліст, высунуўшы галаву над вадою, каб не намачыць яго. Яны аддалі ліст капібару, і той паімчаў па траве, каб занесці ліст чалавеку дадому.
І ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвілінаю набліжалася. Тады скаты сабралі ўсіх дарадаў, якія чакалі загаду, і крыкнулі ім:
— Хутчэй, даражэнькія! Абплывіце ўсю раку і ўзнімайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збіраюцца вакол вострава! Пабачым, ці пройдуць гэтыя ягуары!
І войска дарадаў у тое ж імгненне разбеглася ўверх і ўніз па рацэ, пакідаючы за сабой на вадзе барозны.
На Явэвіры не было ніводнага ската, які б не атрымаў загаду прыплысці да берага ракі побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў — з усёй Явэвіры збіраліся скаты, каб абараніць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасці сюды-туды сноўдалі дарады.
І зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, і ягуары высыпалі на бераг.
Іх было шмат — здавалася, што ўсе місьёнэскія ягуары сабраліся тут, ля ракі. Але і рака Явэвіры ўся віравала ад скатаў, якія сабраліся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.
— Дарогу ягуарам! — зараўлі драпежнікі.
— Няма вам дарогі! — адказалі скаты.
— Паўтараем — дайце дарогу!
— Не дамо!
— Глядзіце ж! Калі не дасце нам прайсці, не застанецца ні ската, ні скатавага дзіцяці, ні скатавага ўнука!
— Можа быць! — адказалі скаты. — Але ні ягуары, ні ягуаравы дзеці, ні ягуаравы ўнукі — ніводзін ягуар у свеце не пройдзе тут!
Читать дальше