Але не паспеў ён апусціць у ваду лапу, як адчуў, што ў яе нібыта ўсадзілі восем ці дзесяць даўжэзных цвікоў. Ад болю ён адскочыў назад. А гэта скаты, абараняючы пераход цераз рэчку, з усяе моцы ўцялі яго сваімі хваставымі шыпамі.
Ягуар завыў ад болю і замахаў лапаю ў паветры. Але потым, агледзеўшыся, убачыў, што вада каля берага ўся закаламучаная, быццам на дне паварушылі глей. І ён зразумеў, што гэта былі скаты, якія не хацелі яго прапускаць. Тады ён злосна зароў:
— Ага, я ведаю, хто гэта! Гэта вы, праклятыя скаты! Ану, прэч з дарогі!
— Не сыдзем!
— Прыбірайцеся!
— Не прыбяромся! Ён добры чалавек! Ты не маеш права яго забіваць!
— Ён мяне параніў!
— Вы абодва параненыя! У лесе — гэта вашыя справы! А тут ён пад нашай аховай! І праходу табе няма!
— Я ўсё роўна прайду! — зноў рыкнуў ягуар.
— Ні, ніколі! — адказалі скаты. (Яны казалі «ні, ніколі», бо так кажуць тыя, хто жыве ў Місьёнэс і гаворыць на мове гварані.)
— Ну, то пабачым! — яшчэ раз рыкнуў ягуар.
І ён адышоўся ад берага, каб узяць разгон і скочыць як мага далей у раку.
Ягуар ведаў, што скаты амаль заўсёды трымаюцца каля берага, і думаў, што калі скочыць далёка, дык пасярод рэчкі скатаў не будзе, і тады ён зможа дабрацца да вострава і з'есць паўжывога чалавека.
Але скаты здагадаліся, і ўсе хуценька паплылі на сярэдзіну ракі, перадаючы з вуснаў у вусны:
— Далей ад берага! — крычалі яны пад вадою. — На сярэдзіну! У пратоку! У пратоку!
І ў тое ж імгненне ўсё войска скатаў кінулася ад берага абараняць пераход на сярэдзіне ракі. А ягуар тым часам ужо ляцеў над ракой у сваім гіганцкім скачку. Ён упаў у ваду і вельмі ўзрадаваўся, бо ў першае імгненне не адчуў ніводнага ўколу. Ён падумаў, што ўсе падманутыя скаты засталіся ля берага...
Але не паспеў ён ступіць першы крок, як сапраўдны град уколаў прымусіў яго спыніцца: вакол зноў былі скаты, якія бязлітасна калолі яму ў лапы.
Ягуар упарта хацеў прайсці, але боль быў такі невыцерпны, што ўрэшце ён зароў і, павярнуўшы назад, даў лататы да берага. Там ён упаў на пясок, бо не мог ужо нават стаяць. Жывот у яго ўздымаўся і апускаўся, быццам ён увесь задыхаўся і вельмі стаміўся.
Скаты атруцілі ягуара сваёю атрутаю.
Але хоць ім удалося перамагчы ягуара, яны не супакоіліся: яны баяліся, што прыйдзе ягуарыха і яшчэ шмат іншых ягуараў... І тады яны не здолеюць абараніць пераход.
І праўда, лес у гэтую хвіліну зноў напоўніўся рыкам, і з яго выйшла ягуарыха. Убачыўшы ягуара, які покатам ляжаў на пяску, яна вельмі раз'юшылася. А калі заўважыла, што рака каля берага ўскаламучаная скатамі, яна падышла да вады і, нізка апусціўшы пысу, крыкнула:
— Гэй, скаты! Я хачу прайсці!
— Няма табе праходу! — адказалі скаты.
— Глядзіце, калі не дасце прайсці, у гэтай рацэ не застанецца ніводнага ската з хвастом! — рыкнула ягуарыха.
— Няхай мы застанемся без хвастоў, але прайсці табе не дадзім! — адказалі яны.
— Апошні раз кажу: дайце прайсці!
— Ні, ніколі! — закрычалі скаты.
Раз'юшаная ягуарыха неасцярожна апусціла адну лапу ў ваду, і тут адзін скат, падкраўшыся, уваткнуў ёй паміж пальцамі ўвесь свой шып. Пачуўшы, як ягуарыха завыла ад болю, скаты з усмешкай сказалі:
— Здаецца, хвасты ў нас яшчэ ёсць!
Але ягуарыха нешта прыдумала, і маючы ў галаве гэтую сваю задумку, яна адышла ад берага і моўчкі пайшла ўверх па рацэ.
Але скаты і гэты раз разгадалі план свайго ворага. А варожы план быў такі: перайсці рэчку ў тым месцы, дзе скаты яшчэ не ведаюць, што трэба абараняць пераход. Вялікі смутак ахапіў скатаў, якія сабраліся ля вострава.
— Яна збіраецца перайсці рэчку вышэй па цячэнні! — закрычалі яны. — Але ж нельга, каб яна забіла чалавека! Трэба абараніць нашага сябра!
У роспачы яны так круціліся ў глеі, што закаламуцілі ўсю раку.
— Што ж нам рабіць? — думалі яны. — Мы хутка плаваць не ўмеем... Ягуарыха пяройдзе рэчку раней, чым тамтэйшыя скаты даведаюцца, што павінны абараняць пераход любою цаной.
Яны не ведалі, што рабіць. І раптам адзін маленькі, але вельмі разумны скацік сказаў:
— Я ведаю! Хай да іх паплывуць дарады! Дарады нашы сябры! Яны плаваюць шпарчэй за ўсіх!
— Правільна! — крыкнулі ўсе. — Хай плывуць дарады!
У адно імгненне гэты кліч разнёсся вакол, і праз хвіліну ўжо восем ці дзесяць шыхтоў дарадаў — сапраўднае войска дарадаў! — з усіх сіл паплыло ўверх па рацэ. Яны плылі так хутка, што пасля сябе, як пасля тарпедаў, пакідалі на вадзе барозны.
Але як дарады ні стараліся, яны ледзьве паспелі перадаць загад перагарадзіць ягуарысе дарогу. Ягуарыха ўжо плыла і была зусім недалёка ад вострава.
Читать дальше