Але чалавек, надзелены талентам, звычайна надзелены і чуйнай душой. I душа тая ў Валяр'яна балела, бо не мог ён забыцца на родных, і нават праз многа гадоў выган з рамонкамі і званочкамі, хуткая рэчка, у якой палошча косы віхла, заснежанае поле, ружовае на золку здаваліся яму прыгажэйшымі за кіпарысавыя гаі і сінія горы. А дотык ласкавых матчыных рук сніўся яму па начах. I як толькі надарылася такая магчымасць – пані мусіла зноў наведаць маёнтак, дзе ўпраўляючы надта ж заблытаў справы, – Валяр'ян прыімчаўся да бацькоўскае хаты. Але вёска за адсутнасць пані зусім заняпала, збяднела. Валяр'янаў бацька памёр. Не стала і сястрычкі. Маці ведала, што хутка сустрэнецца з імі. I дзякавала Богу, што даў ёй магчымасць перш, чым адысці ў лепшы свет, сустрэцца на гэтым са страчаным калісьці, але не забытым сыночкам.
Дарэмна Валя'ян горача шаптаў маці, што цяпер усё будзе добра, і ў маці будзе добрая ежа, і цёплая вопратка, і лекі – з апошнім уздыхам адляцела душа беднай сялянкі.
I Валяр'ян, складаючы ёй рукі на грудзях, як загадвае звычай, убачыў пад коўдрай самаробную ліповую скрыпачку.
Калі слугі прыехалі па Валяр'яна (іх паслала раззлаваная пані, здагадаўшыся, што выхаванец без ейнага дазволу адправіўся ў вёску), то пачулі, што з мужыцкае хаты даносіцца дзівоснай прыгажосці мелодыя. I такая яна была тужлівая, столькі было моцы ў ёй, што слугі, скамянеўшы, стаялі і слухалі, і нават самыя чэрствыя сэрцы ў гэты час спазнавалі шкадобу і ўладу чыстае красы.
Доўга гучала мелодыя, і раптам абарвалася. Слугі ўвайшлі ў хату і ўбачылі, што перед ложкам з мёртвай сялянкай упаў малады пан, і ягоная скрыпка разбілася на трэсачкі.
Доктар сказаў, што ў маладога чалавека было слабое сэрца. Пані тут жа з'ехала, не пажадаўшы развітацца з няўдзячным музыкам, і Валяр'яна разам з маці пахавалі на вясковых могілках. Над магілай Валяр'яна не было ніякага помніка. Не было каму прыносіць туды букеты. Паны, што захапляліся граннем юнага талента ў багатых залах, і не падумалі б шукаць яго апошні прытулак, каб аддзячыць за дакрананне да прыгажосці.
Але нязвыклым моцным во дарам. I няма і пасёння ў прыродзе лепшага лякарства ад сардэчнай хваробы, як валяр'ян двухдомны.
Чужыя ветразі, альбо Ладдзян трохнадрэзаны
Калісьці па нашай рэчцы пралягаў гандлёвы шлях. Плавалі па ёй купцы на сваіх вялікіх чоўнах – ладдзях, і горда надзімаліся ветразі, быццам лебедзі… Хаця гэта не зусім дакладнае параўнанне. I ведаеш, чаму? Лебедзь – белы, і ветразь, думаеш ты, абавязкова белы. Але даўней гэта было не так. Ветразі з цяжкіх ільняных тканін прыкрашалі, хто як мог і жадаў, і плылі яны над хвалямі, нібыта дзівосныя каляровыя кветкі або крылы матылёў.
Але ля нашай вёскі купецкія ладдзі не спыняліся. Яны кіравалі ў вялікія гарады, у багатыя краіны. Юнак па імені Ясь, які жыў у вёсцы, падоўгу глядзеў услед кожнаму караблю, нібыта спадзяваўся, што позірк прымусіць таго вярнуцца. Яська марыў пра далёкія краіны, мог бясконца слухаць расповеды выпадковых вандроўнікаў, і насіў пры сабе, як найвялікшую каштоўнасць, кавалак сапраўднай марской карты. На пажаўцелай шчыльнай паперы з абрысамі невядомага вострава, пасярод хвалістых рысачак, якія пазначалі мора, зялёным атрамантам была намаляваная жанчына-рыба. I Яська з такой цікаўнасцю раглядаў малюнак, што іншыя хлопцы жартавалі – мусіць, лёс яму ажаніцца з русалкай. А Яськава маці на такія жарты злавалася, і толькі ў ціхіх бяседах з сяброўкамі наракала, што ўсё – ад таго, што нарадзіўся сынок на Граным, русалчыным, тыдні, і нарадзіла яго не ў ложку, а на беразе рэчкі, пад бярозай – русалчыным дрэвам, і абмылі немаўля не ў прынесенай з калодзежа, гатаванай вадзе, а ў рачных хвалях. Нездарма ў малога гэткае ўмельства плаваць.
Падросшы, змайстраваў Яська човен, і цяпер амаль не бачылі яго дома. Праўда, сямейнікі на гэта асабліва не наракалі – столькі рыбы прывозіў Яська, нібыта самі русалкі зганялі яе ў нерат.
I толькі адна дзяўчына з тых, што заглядаліся на плячыстага, яснавокага Яську, магла пахваліцца, што плавала ў яго чоўне – ціхмяная Ганулька, зусім не падобная на гарэзную русалку, а хутчэй на стройную пышна-косую бярозку.
Неяк надарыўся адзін з рэдкіх выпадкаў – вялікі карабель пад чырвоным ветразем з намаляваным на ім вокам кінуў якар насупраць вёскі, і чарнабароды купец пракрычаў з палубы на ламанай мове просьбу – не ведаю, у чым адчулася нястача, але Яська на сваім чоўне хуценька прывёз купцам патрэбнае, і падняўся на палубу-упершыню ў жыцці. I, вядома, толькі смерць магла яго цяпер з тае палубы сагнаць.
Читать дальше