– Гэта твая каханая? – прыглушаным голасам спытаў Нічыпор.
– Так, яна! – з гонарам адказаў госць. – Ну што, прызнайся, стары, бачыў хоць калісьці падобную прыгажосць?
– Не, ніколі не бачыў я такой красуні, – павольна адказаў Нічыпор. – А я шмат бачыў прыгажунь на сваім вяку – і не толькі з гэтага свету. I яшчэ скажу. Не для цябе яна, пане.
– Што ты вярзеш?!! – абурыўся наведнік. – Я сюды прыйшоў не за тваімі павучаннямі! Не для мяне такая краля, бачыце… А для каго? Для гэтага лайдака Янкі?
– Ні для цябе, ні для яго, – пагрозна прагаварыў Нічыпор. – А для мяне. Так што забудзься і на кавалёву дачку, і на дарогу да майго дому.
Чым настрашыў Нічыпор госця – невядома. Але ехаў пан з нашага лесу так хутка, што ледзь з карэты не вываліўся. I адразу за мяжу з'ехаў. А ў наступную нядзелю адбылося дзіва – у вёсцы з'явіўся Нічыпор, якога там не бачылі, мусіць, гадоў трыццаць.
Але ж як і не было тых трыццацці гадоў! Выглядаў Нічыпор маладзец малайцом, гадоў – не болын саракоўкі. Плячысты, дужы, на чорных кудзерах – атласная шапка, падбітая собалем, світка панская, боты – дык не ў кожнага пана такія. I нібыта сам увесь змяніўся. Усміхаецца, вітаецца, у карчму пайшоў, частуе ўсіх, усялякае цікавае расказвае – пра дзівосы, што на свеце дзеюцца. Памяць у людзей кароткая – хутка Нічыпор быў ужо лепшы сябрам у грамадзе. А як увечары выйшлі на вуліцу дзяўчаты, заспявалі песні, апынуўся чараўнік перад хатай Агаткі. А вось і сама дзяўчына – як месячны праменьчык, стройная, гнуткая, беласкурая… Наблізіўся да Агаткі Нічыпор, сказаў нешта вясёлае, ласкавае, кветку дзівоснай прыгожосці падарыў – ды і пайшоў сабе. А Агатка тую кветку да твару паднесла, водар нетутэйшы ўдыхнула…
Тут і скончылася шчасце лясніка Янкі, ды і Агаткі таксама. Бо перастала дзяўчына спяваць вясёлыя песні, толькі сумавала ўсё. Глядзіць перад сабою – і нібыта нічога не заўважае. Нават вернага Янку. Толькі і вяртаецца да яе весялосць, як убачыць ведзьмака Нічыпора. А той ужо – часты госць у хаце. Падарункі носіць – уся вёска збягаецца паглядзець на такое багацце. Кажуць, ужо і зямлі Нічыпор прыкупіў на ўзлессі. I новы дом будаваць збіраецца дзеля маладой жонкі… Бо справа, няйначай, да вяселля. I дарэмна маркоціцца Янка, дарэмна пераймае сваю прыгажуню ля веснічак – не глядзіць яна, не гаворыць, як зачараваная…
А мо і сапраўды зачараваная? Але як тады справіцца з праклятым ведзьмаком? Таму варта зірнуць – і чалавек быццам камянее. Нават Янка не змог абысціся з Нічыпорам, як з іншымі агаткінымі залётнікамі – пагляд у ведзьмака нібыта вастрыё дзіды, упрэцца табе ў грудзі, і далей – ні кроку не зробіш, нібы сэрца працінае…
Толькі старая зельніца Франя змагла парадзіць Янку. Вядома, тая Франя была маёй пра-пра-прабабуляй. Але я не маю і дзесятай долі ейных ведаў. Дык вось, прыйшоў Янка да Франі са сваім горам. Заварыла зельніца госцю духмянай гарбаты, такой жа, як я заварваю вам. I сказала, што Нічыпор, няйначай, завалодаў нейкай рэччу Агаткі, і цяпер чаруе бедную дзяўчыну, засціць ёй вочы. Рэч тую Нічыпор пэўна носіць заўсёды з сабою. I калі яе адабраць, то Агатка выйдзе з-пад ведзьмаковых чараў.
Задумаўся Янка, стаў назіраць за супернікам. I сапраўды – той увесь час нешта хавае на грудзях, за пазухай кашулі. Нейкі скрутачак нібыта.
Вось і запоіны ў кавалёвай хаце. Жаніх прыехаў на фурманцы, два кані вараныя – іскры з воч. Куфры с падарункамі, прысмакі да стала заморскія. Сядзіць Нічыпор – толькі вочы з-пад чорных брывоў бліскаюць, а побач Агатка – бледная, як веснавая кветачка, прыхвачаная марозам, глядзіць на Нічыпора, нібыта позірку адвесці не можа. Вось ужо віншуюць усе заручоных, падыходзяць з прыветнымі словамі…
Падыйшоў і Янка. Сціпла гэтак, нават з усмешкай – нібыта змірыўся, што не яму шчасце дастаецца. Пакланіўся нявесце, вачэй не ўзняўшы. Працягнуў руку жаніху… А другой рукой – як шмаргане з ягонае шыі матузок, а на тым – скрутачак…
Як ён наважыўся, як вытрываў супрацьсілы ведзьмаковай – адно каханне ягонае ведае. Во застаўся на далоні Янкі шнар – як ад распаленага жалеза. А са скрутачка дастаў Янка пурпуровую хустку – тую самую, што калісьці сам каханай сваёй падарыў, а пасля Агатка ці то згубіла, ці скраў нехта.
Ускрыкнула Агатка, нібыта лацугі з яе цяжкія спалі, кінулася да Янкі свайго, словы кахання прамаўляючы. I Нічыпор закрычаў. Страшна, як звер лясны. Ды ў хустку ўчапіўся – але позна: толькі маленькі пунсовы лапік застаўся ў ягоных скурчаных пальцах. На вачах ва ўсіх пачаў вядзьмак рабіцца старым, нямоглым, нібыта ўсыхаў, і ўрэшце ўпаў на падлогу чорным сухім карэньчыкам з пунсовым пялёсткам.
Читать дальше