Мая спадзяванка на іхнюю мудрасць, на веды, што ёсць у кніжках, вялікіх і малых.
На пясчаным дне сажалкі ляжаў пляскаты, рудаваты ад глею граніт. Вакол яго ланцужком стаялі бутэлькі, розныя па форме, памерах і колеру. Карасікі са здзіўленнем і цікавасцю разглядалі іх, і лектар Гарбок, самы мудры карась Рудога блінца, быў задаволены: сабраліся слухачы дружна, безудзельных, здаецца, няма, усе пазіраюць на бутэлькі з жаданнем нешта ўведаць, пра нешта дазнацца. Калі Гарбок бачыў такіх слухачоў, дык у яго на сэрцы заўсёды рабілася светла: не ў руды глей трапяць ягоныя словы жыццёвай мудрасці і засцярогі, а ў цікаўныя маладыя душы.
Гарбок — яго ў Рудым блінцы ведалі ўсе! — да кожнай лекцыі рыхтаваўся старанна. Абраны летась старшынёю Таварыства барацьбы з кручкамі і іншымі рыбацкімі прыладамі, ён з павагаю і адказнасцю ставіўся да сваёй пасады і, мажліва, лепш за ўсіх разумеў, якую бяду тоіць у сабе непрадбачаная паваротка ў жыцці Рудога блінца.
Справа ў тым, што ў апошнія гады, асабліва ў летні час, болей за ўсё па суботах і нядзелях, да сажалкі пачалі падкатваць табуны дзіўных рыбакоў. У іх былі і вуды, і сеткі, і падхватнікі з тонкіх капронавых нітак. Але вялікай бяды тыя прылады карасям не чынілі: вуды закідваліся ў ваду неахайна, чарвякі чапляліся абыяк, і кручок можна было заўважыць здаля. Перакручаныя і блага распраўленыя сеткі таксама цягаліся неахайна, ратавацца ад іх было не так і складана.
Галоўная небяспека і бяда таілася ў бутэльках, якія рыбакі, папярэдне выжлукціўшы з іх пітво, кідалі ў сажалку. Рэштка атрутнага рэчыва з іх паступова вымывалася, было яно рознаепа колеру і паху. Глынуўшы хоць кадіва вады каля такіх бутэлек, карасі чмурэлі, паводзілі сябе нахабна і безадказна са старэйшымі, учынялі сваркі і нават бойкі. Самае жахлівае — дык іх быццам магнітам цягнула тады да рыбацкіх кручкоў і сетак, наладжваліся нават дурныя гульні: хто лаўчэй здзярэ з кручка кавалачак цеста, хто даўжэй пагайдаецца на сетцы.
Заканчваліся такія гульні альбо разадранай губою, якая потым доўга балела і не загойвалася, альбо яшчэ горш: падчэпленага кручком карася вышморгвалі з вады і яго чакаў кіпень у чорным закопчаным кацялку на вогнішчы. Там жа заканчваліся часцяком і неразумныя скокі маладых карасікаў каля рыбацкіх сетак. Косці гаротнікаў потым, разам са смярдзючай разваранай цыбуляю, вывальваліся ў сажалку як напамінак жывым.
Памеры бедства, што ішло ад бутэлек, дакладней, выцякала з іх, хутка павялічваліся. Неўзабаве вырасла пакаленне карасёў, якія тым і жылі, што чакалі таго дня, калі ў ваду паляцяць бутэлькі, каб кінуцца на іх, глынуць каля гарляка атрутнага пітва. I змагацца з гэтымі ганебнымі звычкамі было цяжка яшчэ і таму, што ад бутэлек ішоў часам смачны і зваблівы водар.
Умудроныя жыццёвым вопытам, старыя карасі не на жарт устрывожыліся. Трэба было прымаць неадкладныя захады, і яны былі прынятыя. У першую чаргу бацькі ўзмацнілі кантроль за паводзінамі сваіх дзяцей. Самыя мудрыя і паважаныя карасі, якія ўвайшлі ў камітэт Таварыства па барацьбе з кручкамі і іншымі рыбацкімі прыладамі, арганізавалі, акрамя мноства розных спраў і мерапрыемстваў, выстаўку бутэлек, дзе звычайна праводзіліся лекцыі. Адкрылі таксама і выстаўку кручкоў, дзе наладжваліся гутаркі з маладымі карасямі.
Бублік са сваім сябрам Гузікам падплылі да выстаўкі бутэлек з невялікім спазненнем. I гэта было адразу заўважана.
— Спазняцца нядобра,— зазначыў Гарбок.— Гэтым ты робіш шкоду і сабе і грамадзе. Вось канкрэтны прыклад. Бублік і Гузік спазніліся, мне зноў трэба паўтараць з гэтае нагоды, што наступная гаворка з вамі адбудзецца ў сераду на выстаўцы кручкоў. Хочацца спадзявацца, што туды Бублік не спозніцца.
— А ён бы і сюды не спазніўся, каб не зваліўся з арэляў і не пашкодзіў сабе левы плаўнік,— нечакана прамовіў Гузік. Ён бачыў, што Бубліку зрабілася прыкра ад яго хлусні. Але спыніцца не схацеў, хлусіў далей: — I я дапамагаў яму плысці сюды. Не кідаць жа сябра ў бядзе.
— Кідаць сябра ў бядзе — найвялікшае паганства,— сказаў Гарбок і ўважліва паглядзеў на Бубліка.— Дапамагаць сябру трэба заўсёды, у любым выпадку. А калі ён трапіў у бяду — асабліва, тут і гаворкі не можа быць. Узаемавыручка і ўзаемадапамога — асноўны закон жыцця Рудога блінца. Калі ты дапамог сябру, дык ты і сам зрабіўся шчаслівейшы. Але пра тое мы пагамонім наступным разам. А сёння ў нас гаворка пра жахлівае атрутнае рэчыва, што людзі наліваюць у бутэлькі. Спачатку наліваюць, а потым выпіваюць... На чым я спыніўся, дзеткі, калі да нас падплыў Бублік?
Читать дальше