— Што тут намалявана?
— Галоўкі гарлачыка. Мы ўчора з мамай да такіх галовак падплывалі,— адказаў Бублік.— Калі ляпнуць па іх хвастом, дык камар у ваду зваліцца. Мама гэтак рабіла.
— Твая мама рабіла правільна і разумна,— сказаў Гарбок.— Тлустыя камары часцяком садзяцца на галоўкі жоўтых гарлачыкаў. А пра тое, як улавіць такіх камароў, у нас будзе асобная лекцыя. Сёння ж я хачу, каб вы ведалі: тут намаляваны вінаград, ягады яго на галоўкі гарлачыкаў падобны. Часам вінаград трапляе ў нашу сажалку. Але есці яго нельга: ён кіслы, часцей за ўсё — горкі. I пітво, якое вырабляюць з яго людзі, таксама горкае. I горкі лёс карася, які глыне хоць каліва такога пітва. Ад яго кружыцца галава, пагаршаецца зрок, дужа баліць пячонка.
— Дык навошта ж людзі робяць тое паскудства? — выгукнуў Бублік.— I сябе атручваюць, і нам, карасям, пагана робяць. Гэтак жа выходзіць. Ці, можа, я памыляюся?
— Ты не памыляешся, Бублік. I гаворыш вельмі разумна,— задаволена сказаў Гарбок.— Але ж ёсць неразумныя і сярод нас, карасёў, і сярод людзей таксама. Толькі той, у каго бракуе розуму, цягнецца да бутэлькі і, вядома, труціць сябе. А той, хто мае розум, цягнецца да навукі, да ўсяго прыгожага. I таму я настойліва раю вам, дзеці: цягніцеся да навукі, да кніжак, да прыгажосці. Паглядзіце, як прыгожа зіхаціць вада, калі над сажалкаю вісіць сонца. А як прыгожа вызвоньваюць хвалі ў чаратах! I гэткай прыгажосці і хараства — не пералічыць. Таму я зноў настойліва заклікаю вас: бяжыце ад бутэлек прэч. Не паддавайцеся прыгажосці наклеек і медалёў, што намаляваны на іх! Усё, лекцыя закончана. I шчыра дзякую вам за ўвагу. Да наступнай сустрэчы, якая адбудзецца праз месяц.
Гузік штурхануў плаўніком Бубліка:
— Ён жа нешта абяцаў нам расказаць, трэба нагадаць яму.
— Не хочацца. Надакучылі мне лекцыі. Не люблю, калі мяне павучаюць, павучаюць... Быццам я самы дурны...
— Ты нешта хочаш спытаць, Бублік? А-а... Я ж абяцаў вам расказаць адзін выпадак са свайго жыцця,— сказаў Гарбок.— Вы бачыце, якая ў мяне спіна?.. Так, яна ў мяне падрапаная, гарбатая. Але некалі была прыгожая, роўненькая, як ва ўсіх, і плаўнік не быў скрыўлены. Чаму яна зрабілася такая? Таму, што я спазніўся. Было тое даўно, калі быў я гэткі ж, як вы зараз. Маці, помніцца, першая заўважыла Зубатага, гукнула, каб я зашыўся ў гразь. Але я не паслухаўся, палічыў, што шчупак не дужа вёрткі, што ён яшчэ далёка, што ў мяне маецца час, што мама мая, як заўсёды, палохае без патрэбы. Я пашыўся пад корч у гразь, калі Зубаты быў зусім блізка. I, як бачыце, спазніўся, шчупаковы зубы выдралі ў мяне кавалак спіны і пашкодзілі плаўнік. Я хварэў з вясны да восені, пакутаваў ад жахлівага болю. Рана загаілася. Але я застаўся вось гэткім, якім мяне вы зараз бачыце. Таму я зноў прашу вас, дзеці: аніколі і анідзе не спазняйцеся. Слухайце сваіх бацькоў і аніколі нікуды не спазняйцеся. Абяцаеце мне гэта?
— Абяцаем! Абяцаем! Абяцаем!
Карасікі адказвалі дружна, бо радаваліся, што лекцыя закончана, што можна сваволіць і весяліцца.
— Паплывём да арэляў,— прапанаваў Гузік Бубліку.
— Надакучыла. Лепей падамося да чаратоў. Там, я чуў, расцвілі белыя гарлачыкі.
— Але туды заплывае Зубаты!
— Гэ, дык ты, гляджу, спалохаўся,— засмяяўся Бублік.
— Я не спалохаўся. Я думаю пра тое, аб чым нас папярэджваў Гарбок.
— Э, калі слухаць усе павучанні, дык і пасваволіць нельга,— разважыў Бублік.— Галоўнае, каб нікуды і ніколі не спазняцца!
Сябры паплылі да чаратоў, дамовіўшыся, што толькі паглядзяць на белыя гарлачыкі і адразу павернуць да арэляў. Неўзабаве Бублік заўважыў бутэльку, якая пагойдвалася гарляком уніз на маленькіх хвальках. Бутэлька была з медалямі.
— Якія вялікія медалі! — выгукнуў Гузік.— Гарбок нам такіх не паказваў. Цікава было б паглядзець на іх зблізку. Дужа ж карціць!..
Бубліку таксама карцела паглядзець на дзіўныя медалі, якімі стракацела бутэлька. Але ён памятаў, пра што казаў на лекцыі Гарбок, і таму сказаў цвёрда:
— Хай яна сабе плыве, куды хоча. А мы ад яе падаей трымацца будзем!
Яны крута павярнулі ад бутэлькі ў правы бок. Павярнулі і яшчэ не ведалі, што гэтая цвёрдасць уратавала іх ад вялікай бяды.
Шчупак Зубаты прачнуўся позна. Учора ранкам ён праглынуў вялікага тлустага карася, затым яшчэ аднаго і закусіў невялічкім карасікам; Пасля такога сняданку ён спаў ад раніцы да вечара. Ноч таксама спаў добра, і цяпер у яго быў добры настрой.
Зубаты паварушыў лена плаўнікамі, слаба вільнуў вялікім і шырокім хвастом. Нешта не чуваць сілы ў плаўніках. I хвост нібыта чужы.
Читать дальше