Усе маўчалі. I тады Гузік весела сказаў:
— Вы гаварылі, што спазняцца нельга. Гарбок нахіліў галаву.
— I ніколі не трэба спазняцца,— павучальна сказаў ён.— Трэба берагчы час і свой, і таго, хто побач з табою. Кожная хвіліна спазнення — гэта закрэсленая хвіліна твайго жыцця. I таму, калі ты спазняешся, ты робіш сваё жыццё і бяднейшым і карацейшым. Спазненне, здараецца, можа прывесці да вынікаў самых згубных. Вось вы зірніце на мяне. Бачыце, якая ў мяне спіна? А ўсё гэта — вынік спазнення. Але пра гэта я раскажу потым, пасля лекцыі, калі ў вас будзе ахвота паслухаць. А зараз вернемся да асноўнай тэмы нашае гаворкі. Дык хто падкажа, на чым я спыніўся?
Зноў усе маўчалі. I тады Гузік усё гэтак жа весела прамовіў:
— Мне дужа епадабалася ваша думка пра дапамогу сябру. Калі, маўляў, дапамог сябру, дык і сам зрабіўся шчаслівейшы.
— Гэта вельмі разумная думка,— сказаў Гарбок, і па ўсім было відаць, што заўвага Гузіка яму па душы.— I я раю вам усім кіравацца ёю ў сваім жыцці паўсядзённа. Дарэчы, Бублік, плаўнік у цябе не баліць?
— Не баліць. I ніколі не балеў!
— Як гэта — не балеў? Ты, значыцца, з арэляў не зваліўся?
Гарбок грозна паглядзеў спачатку на Бубліка, потым на Гузіка, і той вінавата прамямліў:
— Мажліва, мне падалося, што ён зваліўся.
— Ты схлусіў, значыцца? — яшчэ стражэй спытаў Гарбок.
— Яно неяк само па сабе выйшла. Але хлусіць я не збіраўся... Таму прашу прабачыць. Прабачыць і дараваць...
Гарбок строга сказаў:
— Падплыві да мяне. Бліжэй, бліжэй... Бачыце, дзеці, хлуса? — і, варухнуўшы плаўнікамі, рэзка загадаў, строга пабліскваючы вачыма: — Марш на месца!
— Навошта ты схлусіў? — спытаў ціхенька Бублік, калі Гузік падплыў да яго.— Хоць бы параіўся спачатку... Цяпер Гарбок бацькам даложыць. I атрымаем добрага пытлю...
— Спыні размовы, Бублік! I слухай.— Гарбок моўчкі праплыў перад малымі карасікамі туды-сюды чатыры разы, потым пахітаў галавой і пачаў гаварыць строга, павучальна: — Хай кожны зарубіць сабе на носе: самая пага ная справа на свеце — хлусня. Той, хто схлусіў адзін раз не ўтрымаецца і можа схлусіць другі, трэці, чацвёрты... I ператворыцца ў самага звычайнага хлуса. Хлуса ўжо ні што і ніхто не можа ўратаваць. I таму сёння я хачу каб вы мне паабяцалі, што нікому і ніколі не будзе хлусіць. Абяцаеце?
— Абяцаем.
— Слаба абяцаеце. Не дужа гучна і цвёрда.
— Абяцаем! Абяцаем! Абяцаем! Ніколі і нікому не будзем хлусіць!
Гарбок паглядзеў на карасікаў ласкавей.
— Калі бацькі ганарацца сваімі дзецьмі? — спытаў ён і тут жа сам і адказаў: — Тады, калі іхнія дзеці гавораць праўду. Бо той, хто баіцца сказаць праўду, не дастойны павагі, і ў яго не можа быць сапраўдных сяброў. А жыць без сяброў немагчыма. Але пра гэта мы пагаворым наступным разам. А зараз прадоўжым лекцыю. Я спыніўся на тым, як вы памятаеце, што самая небяспечная бутэлька — вось гэтая. Бачыце? На ёй намаляваны чатыры медалі. Аніколі і блізка да гэткіх бутэлек не падплывайце: вада вакол іх атрутная. Нават і праз тыдзень пасля таго, як бутэлька трапіла ў сажалку...
Гузік штурхануў плаўніком Бубліка, пошапкам спытаў:
— А чаму тады на іх малююць медалі? Медалі, як казаў мой дзядуля, даюць за добрыя справы.
Гарбок усміхнуўся:
— Чую, чую, пра што вы гамоніце. I гэта добра, што такое пытанне ўзнікла. Сапраўды, чаму на гэтых бутэльках намаляваны медалі? — ён паглядзеў уважна, быццам чакаў адказу. Але карасікі маўчалі, і тады Гарбок павучальна загаварыў далей: — Я думаю, што больш правільна было б намаляваць тут Зубатага. Бо і ў яго пашчы, і ў гэтай бутэльцы адно і тое ж — смерць. Як, скажам, робяць рыбакі? На кручок яны чапляюць чарвяка альбо кавалачак цеста, ад якога смачна патыхае алеем ці анісам. А паспрабуй заглыні той кавалачак! Смерць! Тое ж самае і з медалямі. Цяпер зірніце на гэту бутэльку... Не, не! Блізка не падплываць! Што на ёй намалявана?
— Зоркі.
— Пяць зорак. Яны падобны на тыя, што ўночы на небе.
— Памятайце: зоркі, што намаляваны на бутэльках, ёсць усё той жа хітры падман. Зоркі, што на небе, узвышаюць душу. А зоркі, што на бутэльках, душу разбураюць. Падалей трэба трымацца ад іх. Як мага далей! Зразумелі?
— Зразумелі.
— Слаба гаворыце. Не дужа гучна.
— Зразумелі! Зразумелі!! Зразумелі!!! — дружным хорам адгукнуліся карасікі.
Гарбок адказам застаўся задаволены. Ён паварушыў плаўнікамі, падплыў да высокіх бутэлек з цёмнага шкла з прыгожымі наклейкамі. На кожнай былі намаляваны нейкія дзівосныя дрэвы і буйныя зялёныя ягады. Бліжэй за ўсіх апынуўся каля бутэлек Бублік, і Гарбок спытаў у яго:
Читать дальше