Адчуўшы, што дадзена дастаткова разумных і патрэбных заўваг, карась спакойна паплыў на супрацьлеглы бераг сажалкі, дзе млелі пад сонцам бярозы. З бярозавых галін вецер часам здзімае вельмі смачных і тлустых камароў. Часцяком там можна ўлавіць і вёрткага зялёнага вусеня, які па смаку не ведае сабе роўні. Вусеня, скажам, не параўнаеш з блакітнай ці зялёнай страказой, яны і сухаватыя і цвёрдыя. А вусень проста растае ў роце. Сёння вусеня трэба ўлавіць абавязкова. I зрабіць гэта трэба не толькі таму, што карасіха толькі што ўхваліла ягоную, бацькаву,— працавітасць і клапатлівасць. Гэта, між іншым, даўно і ўсім вядома. Вусеня сёння абавязкова трэба ўлавіць па той простай прычыне, што Бублік пагушкаецца на арэлях, потым пасядзіць на лекцыі і вернецца дамоў галодны. А які бацька можа раўнадушна глядзець на свайго галоднага дзіцёнка? Ганьба такім бацькам, якія не могуць добра і смачна накарміць сваіх дзетак. Ён, Бублікаў бацька, і летась і пазалетась выгадаваў, дзякуй богу, сваіх дзяцей у поўным дастатку. I гэтага, залацістага свайго карасіка, ён дагледзіць як мае быць.
Бублікаў бацька азірнуўся і незадаволена чмыхнуў, убачыўшы, што малечы каля арэляў не паменела, а пагусцела. Давядзецца, мабыць, сёння пагаманіць з Бублікам больш патрабавальна і строга! I куды, куды глядзіць маці?.. Не, малайчына яна! Бач, сыпанулі ад арэляў, лайдакі, прэч! Яна, значыцца, іх турнула. Так і трэба. Толькі так і трэба!
Але таго, што адбывалася каля арэляў на самай справе, Бублікаў бацька не ведаў. Як толькі яго хвост знік пад тоўшчаю вады, малеча зноў абляпіла арэлі. Маленькія карасікі, сярод якіх толькі Бублік быў залацісты, дурэлі, куляліся цераз галаву, спіхвалі адно аднаго з арэляў. Бублікаву маці гэта ўстрывожыла.
— Спыніце арэлі зараз жа,— строга патрабавала яна.— Што я вам сказала? Зараз жа спыніце арэлі! I не станавіцеся побач! Адзін сядзіць на арэлях, а другі — гайдае. Астатнія — воддаль.
— А навошта? — падзівіўся маленькі шэры карасік, якога звалі Гузік.
— Зараз даведаецеся. Толькі ўважна глядзіце,— патрабавала Бублікава маці.— Прыглядайцеся!
Яна пасадзіла Бубліка на арэлі і моцна іх штурханула. Арэлі ўзляцелі высока, потым паляцелі ўніз і так урэзалі па Гузіку, што той завойкаў і адляцеў убок. Праўда, Бублікава маці прадбачыла гэта і падставіла плаўнік, і ўдар пацэліў па ім. Таму Гузіку дасталося не дужа.
Бублік саскочыў з арэляў, падплыў да свайго дружбака, спытаў заклапочана:
— Вельмі баліць? Моцна выцяла?
— Ужо лягчэй робіцца,— адказаў Гузік.
— А каб я не падставіла плаўнік? — спытала Бублікава маці.— Якраз бы трапіла арэлямі па вачах. I — усё! А сляпому як жыць? Не знойдзеш ні чарвяка, ні хлебнай крошкі, ні камарыка. Прападзеш, адным словам. Усе зразумелі навуку?
— Усе, усе,— дружна адказалі карасікі.
— Тады гушкайцеся. А я масаж зраблю. Плаўнік у мяне ад гэтага ўдару пабольвае...
Боль у плаўніку не праходзіў. Бублікава маці рабіла масаж і войкала не тоячыся, каб карасікі зразумелі, якая небяспека тоіцца нават у простых гульнях.
Трэба сказаць, што навука пайшла на карысць. Арэлі ўзляталі высока, карасікі па чарзе мяняліся месцамі: адны садзіліся на арэлі, другія разгойдвалі іх, і зноў было шмат смеху і радасці.
Бублікава маці задаволена закрыла вочы. Боль у плаўніку суняўся, яна супакоілася і нават нібы заснула крыху. Абудзілася ад вэрхалу, які ўсчаўся каля арэляў. Бублік стаяў воддаль ад усіх і румзаў.
— Чаго ты плачаш? — спытала маці.
— А як жа не плакаць? Яны сапхнулі мяне з арэляў. А мне дужа падабаецца гушкацца на арэлях.
— Але ж і Гузіку таксама хочацца пагушкацца. Хочацца, Гузічак?
Варта было маці папытаць пра тое, як уся малеча пачала навыперадкі абвінавачваць Бубліка.
— Ён нам гушкацца не дае.
— Жмінда! Яго просіш, просіш, а ён слухаць не хоча!
— Так слаўна на арэлях ляцець! I сонца адразу дужа блізкае робіцца: то сонейка пад табою, то ты сам на сонейку.
— А Бублік кажа: «Маё сонейка!»
Маці строга паглядзела на Бубліка. Але ён не зразумеў гэтага матчынага позірку, падумаў, што маці не ўхваляе ўсе тыя абвінавачванні, што сыпаліся з усіх бакоў, і таму насупіўся, сказаў задзірыста:
— Мае арэлі! Мне іх татка зрабіў. I таму я сам на іх гушкацца хачу!
I тут адбылося зусім для яго нечаканае. Маці сказала проста, з нейкім незразумелым усмехам:
— Гушкайся. А Гузік са сваімі сябрамі пойдуць са мною і будуць слухаць казку...
Яна не паспела расказаць казку і напалову, як Бублік кінуў арэлі, пачаў прыслухоўвацца. Потым падышоў і сумна прызнаўся:
Читать дальше