— А хіба мая маці нас благому вучыла? Калі я раблю, як яна вучыла, у мяне ўсё атрымліваецца слаўна, усё ідзе на добры лад. I хіба не памятаеш, што яна сказала, калі ўбачыла цябе побач са мною? З ім, дачушка, ты будзеш шчаслівая, ён, маўляў, сама высакароднасць і сціпласць...
Розумам, вядома, карасіха ўдалася ў сваю маці. Гэтак жа вось, як некалі і тая, можа і сапсаваць настрой, і тут жа ўлагодзіць душу, размякчыць сэрца, сказаць ласкавае слоўца, калі яго часам і не чакаеш зусім. Тут, таго і глядзі, можна і размагніціцца, саступіць у спрэчцы, непапраўна змяніць сваю ранейшую думку і потым чырванець. Не! Калі ўжо нешта патрабаваў, дык стой на гэтым да канца. Калі паабяцаў — выконвай абавязкова!
— Між іншым, тое ж самае казаў і мой тата, калі ўбачыў цябе побач са мною,— спакойна зазначыў Бублікаў бацька.— Але ж я не пахваляюся гэтым штохвіліны. Пахваляцца дабрынёю, якую робіш, крычаць пра яе на ўвесь свет — непрыстойна. Той, хто побач з табою, заўважыць твае добрыя якасці і добрую натуру і без гучных слоў. Калі гаворыцца шмат слоў, а справы няма — гэта звычайная балбатня. А балбатня — тая ж гліністая муць, што прэ ў затокі пасля моцнага дажджу. Дык каму патрэбна яна?
— Нікому, нікому не патрэбна. Твая праўда! Карасіха пагадзілася гэтак паспешліва таму, што ведала неадольную схільнасць мужа да павучанняў. У дзяцінстве ён быў маўчун. Аднак потым, прачытаўшы прорву самых розных кніжак, зрабіўся дужа гаваркім, лічыў, што дзень, які пражыў, не навучыўшы чаму-небудзь бліжняга свайго,— загублены, марна пражыты дзень.
— Значыцца, праўда на маім баку,— задаволена адзначыў Бублікаў бацька, які надта не любіў няпэўнасці, агульных адказаў і паважаў дакладнасць ва ўсім.— Нешта каля нашага сыночка лайдакоў круціцца зашмат. Я прадчуваў, што арэлі гэтыя — клопат суцэльны. Бач, панабеглі на гатовенькае. А каб у свой час дапамагчы? Аніхто ж і не паварушыўся!
Яно і сапраўды было так. Калі Бублікаў бацька ладзіў арэлі — ён рабіў іх з рэшткаў старой рыбацкай сеткі, што вісела на рагатым альховым карчы,— аніхто яму не дапамог. Болын таго, адны настойліва папярэджвалі: даўно, маўляў, вісіць сетка, згніла. Парвуцца арэлі — дзіцёнак калекаю застанецца. Другія ж грэбліва пасмейваліся: лепей бы, маўляў, дзіцёнку вусеня злавіў. А ён у гулімулі кінуўся. I дзіцёнка гэткім жа выгадуе!
Праўды, аднак, у папярэджаннях і кпінах тых не было ані. Ён праверыў двойчы: хвасты капронавай сеткі трывалыя і надзейныя. Па-другое, калі дзіцёнак змалку не займаецца фізкультурай і спортам, дык добрага працаўніка з яго аніколі не вырасце — гэта і агульнавядома і праверана на сваім вопыце. Так што арэлі не гулі-мулі, а вельмі патрэбная для дзіцяці спартыўная пабудова.
Яно, вядома, крыўдна, што памагатых не знайшлося, калі ён тыя арэлі ладзіў.
— Дарэмна бурчыш,— сказала карасіха.— Добрая справа, мама мяне вучыла, раней ці пазней абернецца павагаю грамады. Хіба не так?
— Яно, вядома, так.
— Дык і ганарыся, што збудаваў арэлі. Памагчы грамадзе, ты ж сам казаў,— самая святая справа.
Гэтую разумную думку Бублікаў бацька выказаў яшчэ пазалетась. Але тое, што карасіха памятала яе і зараз паўтарыла, яго расчуліла і ўсхвалявала. Таму ён сказаў прымірэнча, мякка:
— Нам трэба Бубліка галоўнаму ў жыцці вучыць. А што самае галоўнае ў жыцці? Сваім розумам жыць!
— А хіба мы вучым яго іншаму? — здзівілася карасіха.
— Але ж вучым не толькі мы з табою. Нашы павучанні, я пачынаю заўважаць, Бубліку ў адно вуха ўлятаюць, а праз другое вылятаюць,— сказаў Бублікаў бацька і дадаў стражэйшым тонам, які выключаў пярэчанні: — Плыві хутчэй да Бубліка і адшывай ад яго гэтых дружбачкоў-лайдачкоў. Лепей яшчэ раз пакажы яму Крывую затоку. Але толькі здаля! I дзяўбі, дзяўбі яму ў галаву: Крывая затока для карася — бяда. I каб а палове пятай быў у музеі бутэлек. I каб — папярэдзь абавязкова! — не круціўся і не сваволіў на лекцыі. Бо Гарбок гэтага не любіць.
— Лекцыі ж, я чула, заўтра.
— Сёння. А палове пятай,— удакладніў Бублікаў бацька.— Заўтра Гарбок ідзе ў адпачынак.
— Дык ён жа быў у адпачынку! Вясною, калі сагнала снег і растаў лёд. Добра, аднак, жывецца гэтым акадэмікам!
Карась пахітаў галавою:
— Сушыць мазгі, між іншым, не кожны хоча. А вось заўважаць даброты, што даюць глыбокія і шырокія веды, аматараў поўна. Але ж дарога, дзе акадэмікі, дзе даюць два адпачынкі, адкрыта кожнаму!
Цяпер усміхнулася і карасіха:
— Не ўсім жа быць акадэмікамі. I да іх у мяне зайздрасці няма.
Читать дальше