Успомніўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровіч паглядзеў на сына, шырока ўсміхнуўся і сказаў: – Вітаем цябе, Зямля Славянія.
І пакланіўся ў пояс ліпам, дубам, двухпавярховаму каменна-драўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.
Іх сустрэў робат-вартаўнік па імені Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывітанні доўгую жалезную руку, сціснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.
– Усё спакойна, Дулеб? – спытаў Клён. Робат зірнуў на падлетка, зірнуў, падалося, з вясёлай хітрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнік абавязаны размаўляць з дарослымі, паўнапраўнымі грамадзянамі Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. І таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:
– У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другім паверсе, у кабінеце, у тры гадзіны ночы рыпеў паркет.
– Ці не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзіў прывід? – іранічна перапыніў яго Клён.
Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовіў:
– Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзіны ночы і дзве хвіліны, насупраць акна, якое маецца ў кабінеце, мной заўважаны з боку двара празрыста-белы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяціў месяц, і часам шар як бы знікаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.
– Ты і нагаворыш, Дулеб. Кінь палохаць, – зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохі цішэйшы, не такі звонкі.
– Гэта быў КЛА, [1] КЛА – Касмічны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА – Неапазнаны лятаючы аб'ект.
– цвёрда сказаў Дулеб. – У Школе Робатаў я вывучаў іх. Маецца пяць класаў, адзінаццаць падкласаў, светлая і цёмная афарбоўка, трыццаць тры віды канфігурацыі. Бурдзугалараф, які прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзірам самага прымітыўнага КЛА. Ён…
– Хопіць-хопіць, – перапыніў робата Гай. – Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы інфармаваны.
Ад такіх слоў гаспадара шчокі ў Дулеба – два адпаліраваныя да бляску пукатыя металічныя кружочкі – ярка запунсавеліся. Робаты вельмі любяць, калі іх хваляць.
– Глядзі, не пусці слязу, – пстрыкнуў робату пальцамі ў самы лоб Клён.
Дулеб іранічна і горда зірнуў на яго, нічога не сказаў. І было ў позірку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позірк аравійскага вярблюда.
Не крыўдуй! – крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровіч-малодшы і зноў не стрымаўся: – Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё імя?
– Дулебы, саюз усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Заходняй Валыні. У VII стагоддзі апынуліся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі пад імем бужан і валынян, – бадзёра адрапартаваў робат.
– Ну, ты й даеш, – захоплена прысвіснуў Клён.
Бацька і сын спачатку распрануліся і паплавалі ў басейне, сценкі якога былі абкладзены рознакаляровымі керамічнымі пліткамі. Вада пахла бярозавым лісцем, навальнічным дажджом. Скура ў Дубровічаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсі, у Індаэўрапейскай Канфедэрацыі, даўно прайшла – людзі пазбягалі пякучых сонечных прамянёў. Абцёрліся калянымі рушнікамі і ў прасторных ільняных кашулях і ў такіх жа штанах пайшлі распальваць камін. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвона-цаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногі і раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялікай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кідаў туды сухія паленцы, кавалачкі антрацыту. Потым сын і бацька, глянуўшы адзін на аднаго, адначасова кінулі ў агонь жоўтыя шарыкі пахучай смалы. Пачуўся лёгкі трэск.
– Мой шарык спадабаўся прашчуру, і ён узяў яго, – радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькі кропель бліскучай смалы ўпалі на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под каміна. Такі рытуал дайшоў да іх, людзей ХХІІІ стагоддзя, з сівой даўніны. Некалі чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкі чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага і клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткі называўся прашчурам.
– Аб чым ты зараз падумаў? – ціха спытаў у бацькі сын, бо ў такія імгненні, калі вочы пазіралі на агонь, на камень – прашчур, а ў агні згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне.
– Хачу, каб мы ўсе былі шчаслівыя: наша мама, ты і я, – пранікнёна сказаў Гай Дубровіч.
Вялікая Эра Плюралізму навучыла зямлян мудрай і, як усё мудрае, простай ісціне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. І яшчэ: не можа быць шчаслівай і вялікай краіна, у якой жыве ў няшчасці маленькі чалавек.
Читать дальше